Сіла роднага слова

Беларуская мова можа стаць фактарам стабілізацыі беларускага грамадства

Беларуская мова можа стаць фактарам стабілізацыі беларускага грамадства

Ні для каго не сакрэт, што ў краіне існуе праблема з шырокім ужываннем беларускай мовы. З дзвюх дзяржаўных моў мы часцей карыстаемся рускай. Гэтая праблема турбуе і Прэзідэнта, які на нядаўняй сустрэчы з кіраўнікамі найбуйнейшых беларускіх СМІ выказаўся, што вельмі хацеў бы, каб “нашы людзі свабодна размаўлялі на беларускай мове”. Ці створаны ў нашай краіне для гэтага ўмовы і што варта зрабіць для большай папулярызацыі ў дзяржаве беларускай мовы?

Прэстыж па-беларуску

— Цалкам падтрымліваю выказванне Аляксандра Рыгоравіча пра тое, што яму вельмі хацелася б, каб усе добра размаўлялі на беларускай мове, — гаворыць дырэктар філіяла “Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лукашанец. — Гэта вельмі правільная і адказная пазіцыя, якая адпавядае сутнасці дзяржаўнага двухмоўя, калі кожны павінен валодаць абедзвюма мовамі і карыстацца імі па свайму жаданню, а дзяржава павінна забяспечыць яму гэтае права. Аляксандр Рыгоравіч таксама абсалютна правільна заўважыў, што ў свой час беларуская мова была выкарыстана ў палітычных інтарэсах. Гэта ў нейкай ступені прывяло да падзелу нашага грамадства па моўных густах і схільнасцях. Ад гэтага неабходна пазбаўляцца. Беларуская мова як нацыянальная мова народа, мова тытульнай нацыі і дзяржаўная мова краіны сёння павінна стаць фактарам кансалідацыі беларускага грамадства, а не яго канфрантацыі. У гэтым сэнсе яна магла б стаць той нацыянальнай ідэяй, якая здолела б аб’яднаць усе слаі беларускага грамадства.

Сёння па-ранейшаму беларускай мовай рэгулярна карыстаецца толькі абмежаванае кола грамадзянаў. Аднак ёсць і станоўчыя моманты.

— Па-першае, да беларускай мовы сёння актыўна звяртаецца моладзь, прычым вельмі адукаваная, крэатыўная, творчая. А гэта, безумоўна, працуе на прэстыж нашай мовы, — лічыць Аляксандр Лукашанец. — Па-другое, беларуская мова досыць актыўна пранікае ў тыя сферы, у якіх раней яна не выкарыстоўвалася. Гэта датычыцца інтэрнэт-прасторы, а таксама канфесійнай сферы. Напрыклад, калі гаварыць пра інтэрнэт-прастору, то даследаванні замежных навукоўцаў паказваюць, што беларуская мова адносіцца да той адносна невялікай групы моў, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў гэтай сферы камунікацыі. Між іншым, моў, якія выкарыстоўваюцца ў інтэрнэт-прасторы сёння толькі 3,6 працэнта ад усёй колькасці моў свету. І ў гэтым сэнсе можна з аптымізмам гаварыць пра перспектывы нацыянальнай мовы. Але сёння трэба больш увагі звяртаць на прысутнасць беларускай мовы ў тых сферах афіцыйнага ўжытку, дзе яна павінна выкарыстоўвацца як дзяржаўная мова нашай краіны. Калі беларускую мову мы будзем пастаянна чуць ад людзей аўтарытэтных, паважаных і паспяховых, тады адпаведна будзе ставіцца да яе і грамадства.

Роля класікаў

Важную справу ў распаўсюджванні мовы могуць зрабіць масмедыя.

— Статус краіны будуецца з той вялікай павагі, якую грамадзяне гэтай краіны выказваюць сваёй мове, — лічыць вядомы беларускі дыктар, вядучы Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Алег Вінярскі.

— Вядома ж, недастаткова таго, што мы чуем у нашым транспарце, недастаткова тых аб’яў і шыльдаў у метро і аўтобусах, якія, да таго ж, часта бываюць з памылкамі. Трэба, каб беларускае тэлебачанне перайшло на беларускую мову, каб каменціравалася ўсё збольшага на беларускай мове. Беларускае радыё, дарэчы, робіць шмат для папулярызацыі роднай мовы. Мы выкарыстоўваем беларускія тэксты, чытаем класікаў, выпускаем праграмы, дзе навучаюць беларускай мове. Патрэбна і дзяржаўная пазіцыя. Але гэта павінен быць не ціск, а прапанова нашым людзям.

“Дзякуй” у садку

Безумоўна, нагнаць упушчанае цяжка. Толькі з малых гадоў можна спасцігнуць мову, упэўнены Алег Вінярскі. Таму так важна распаўсюджваць мову, класічныя беларускія творы не толькі ў школах, але і ў дзіцячых садках. Вядома, сёння ў краіне існуюць спецыялізаваныя беларускамоўныя школы і садкі. Праўда, колькі іх дакладна, у Міністэрстве адукацыі сказаць не змаглі.

— Цяпер ніхто такой статыстыкі не вядзе. Міністр адукацыі зацікаўлены ў тым, каб беларуская мова вывучалася ўсюды. Урокі беларускай мовы ёсць у кожным класе. Колькі гадзін у тыдзень адводзіцца на родную мову? Адна, дзве, тры — усё залежыць ад класа, — каменціруе прэс-сакратар міністэрства Юлія Ваніна. — Вывучаецца беларуская мова згодна з дзяржпраграмай і ў садках. Не ведаю, як у яслях, яны там і так дрэнна размаўляюць, а гадоў з трох дык дакладна. Маёй дачцэ, якая, прыйшоўшы з садка, упершыню сказала “дзякуй” замест “спасибо”, было якраз тры гады. Вядома, пісаць-чытаць на беларускай мове там не вучаць, як, дарэчы, і на рускай. Затое чытаюць народныя казкі, спяваюць беларускія калыханкі. Даюць базавыя веды.

Мова нанова

Што ж рабіць тым, хто ўскочыць у беларускамоўны цягнік вырашыў ужо дарослым? Можна паспрабаваць беларускамоўныя курсы. Сёння некалькі бясплатных курсаў, дарэчы, вельмі папулярных сярод моладзі, ладзяцца аматарамі роднай мовы ў Мінску. А хутка яны могуць з’явіцца і пры дзяржаўных універсітэтах і інстытутах. Такую прапанову выказаў на сустрэчы з журналістамі Аляксандр Лукашэнка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter