* Так, адразу ж пасля таго як памёр чалавек (дзеля таго, каб “спыніць” смерць), у хаце пераварочвалі люстэрка, якое вісела на сцяне (гэта больш ранняя традыцыя, сёння люстэркі закрываюць белай, радзей чорнай тканінай), з усіх ёмістасцей (вёдзер і інш.) вылівалі ваду і таксама пераварочвалі, карыстацца імі забаранялася да заканчэння пахавання.
* Памерлага чалавека з хаты выносілі ўперад нагамі, г.зн. умоўна “пераварочвалі”, бо чалавек з’яўляецца на гэты свет уперад галавой
* Адразу ж пасля вынасу труны ў хаце пераварочвалі лавы, услоны, сталы — “каб смерць ізноў не заняла гэтае месца”.
* Лічылася, што ў паўсядзённым жыцці перавернутыя прадметы ў хаце “адбіваюць” жаніхоў ад хаты, і дачка не зможа выйсці замуж.
* Памінальны стол абавязкова засцілалі абрусам на левы бок, г.зн. пераварочвалі, тым самым паказваючы яго “выключанасць” з паўсядзённага жыцця. А вось спаць на прасціне, засланай на левы бок, забаранялася. Лічылася, што тады чалавек будзе пакутаваць ад бяссонніцы або, наадварот, будзе спаць занадта моцна (“як мёртвы”) і яму будуць сніцца кашмарныя сны.
* Пры будаўніцтве хаты таксама выкарыстоўвалі рытуальнае “пераварочванне”. Так, пры выбары месца пад хату гаспадар кідаў тры акрайцы хлеба. Калі ўсе тры падалі скарынкай дагары, гэта азначала, што месца выбрана правільна. Калі наадварот — шукалі іншае месца.
* На Палессі, каб засцерагчы сваю хату ад удару маланкі, на час навальніцы на двор выносілі хлебную лапату (патэльню) і клалі яе “вываратам дагары”.
* Самы распаўсюджаны спосаб лячэння сурокаў — надзець на дзіця кашулю, вывернутую на левы бок або абцерці яго падолам (зноў жа споднім бокам) матчынай ніжняй кашулі. А вось у паўсядзённым жыцці катэгарычна забаранялася апранаць вопратку на левы бок. Пры гэтым гаварылі: “Будзеш біты” або: “Будуць непрыемнасці”.
* У дачыненні да “пераварочвання” ў паўсядзённым жыцці існавала нямала забаронаў. Так пасля чытання падручніка нельга пераварочваць кнігу старонкамі ўніз — усё, што вучыў, забудзеш.
* Забаранялася садзіцца на перавернутае дагары дном вядро — уся “сіла” з чалавека ў зямлю сыдзе.
Рытуальнае пераварочванне
Рытуальнае пераварочванне — адзін з відаў дзеяння, які выкарыстоўвалі ў народнай традыцыі з захавальнай або ахоўнай мэтай. Рытуальнае пераварочванне прадметаў здзяйснялі як у сямейнай, так і каляндарнай абраднасці.