Фестиваль средневековой культуры “Гольшанский замок” состоялся в Гольшанах

Рыцарская сіла прыцяжэння

Рыцары займаюць зыходныя пазіцыі. Бой. Скрыгочуць мячы, якія ўдараюцца аб шлемы і шчыты. Цокаюць капытамі коні. Чакаюць сваіх пераможцаў дамы ў сярэдневяковых строях... Падобна на фрагмент з гістарычных фільмаў або камп’ютарных гульняў. Але ўсё гэта адбывалася ў рэальнасці. І не некалькі стагоддзяў таму, а ўсяго ў мінулую суботу на фестывалі “Гальшанскі замак”. Свята сярэдневяковай культуры ўжо ў дзявяты раз сабрала ля сцен былога замка Сапегаў гасцей з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі.


Гальшаны здаўна прыцягваюць людзей: раней — як важны палітычны і эканамічны цэнтр, сёння — як месца, поўнае міфаў і гісторый. Кажуць, у мястэчку да гэтага часу блукаюць прывіды Белай дамы і Чорнага манаха. Найбольшы наплыў турыстаў, вядома, на майскі фестываль. Падчас свята можна не толькі прасякнуцца духам рамантызму, гледзячы на руіны некалі велічнага і магутнага замка, але і самому акунуцца ў гісторыю. Паверце, калі побач змагаюцца рыцары ў даспехах, са сцэны гучыць сярэдневяковая музыка, навокал гандлююць металічнымі ўпрыгажэннямі, ногі самі нясуць у старажытны танец, а рукі цягнуцца да ганчарнага кола, ты сапраўды адчуваеш сябе чалавекам зусім не ХХІ стагоддзя.

Трапіць у мінулае на выхадных можна было яшчэ ў адным рэгіёне Гродзеншчыны. У Слоніме, родных мясцінах мецэната, паэта, кампазітара, заснавальніка традыцый тэатральнага мастацтва Міхала Казіміра Агінскага, прайшоў адкрыты фестываль “Паланэз”. У свяце музыкі і танца прынялі ўдзел творчыя калектывы з Беларусі, Польшчы, Літвы, якія прадставілі галоўны танец фэсту паланэз у розных варыяцыях.

Варта адзначыць, што “машына часу” не спыняе сваю працу — наперадзе цэлае лета фестываляў у розных кутках краіны, якія пазнаёмяць з рыцарскай культурай, старажытнай беларускай кухняй, даўнімі музычнымі традыцыямі, народнымі строямі і гэтак далей. Таму сачыце за афішамі і падарожнічайце з задавальненнем!

mila@sb.by

Фота: Віталія Піваварчыка, Святланы Муцянскай, slonves.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter