Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі стаў першым беларусам, якому было нададзена званне рыцара Мальтыйскага манаскага ордэна. Цырымонія прайшла ў нядзелю ў мінскім архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі.
Кіраўніку Рымска-каталіцкага касцёла Беларусі ўручаў ордэн Вялікага Крыжа і дыплом, які сведчыць пра ўступленне ў манаскую супольнасць, пасол камендант Мальтыйскага ордэна ягамосць Пауль Фрыдрых фон Фурхер. Абрад праводзіўся, як і ў далёкім сярэднявеччы, на лацінскай мове.
Ордэн узнік амаль тысячу гадоў таму ў Палесціне для абароны паломнікаў у час іх падарожжаў на Святую Зямлю. Цяпер мальтыйская грамада, якая паводле статусу прыроўнена да дзяржавы і мае дыпламатычныя стасункі з нашай краінай, ажыццяўляе гуманітарную дзейнасць.
Рашэнне аб наданні высокага звання Тадэвушу Кандрусевічу было прынята князем і вялікім магістрам Мальтыйскага ордэна Фра Мэцью Фестынгам сёлета 5 ліпеня. Арцыбіскуп Кандрусевіч, набыўшы годнасць рыцара, мае цяпер “абавязак, які выходзіць далёка за рамкі гонару, набытага ў свеце прафесій або мастацтва. Ён мае перад царквою абавязак павагі да святых рэчаў, адданасць бедным і зняважаным”.
Прадстаўнік Мальтыйскага ордэна назваў ролю Беларусі ў свеце асаблівай — як зямлі, дзе па-братэрску супрацоўнічаюць каталіцкая і праваслаўная цэрквы, і дадаў, што моліцца, каб Мінск, “дзе сустракаюцца народы і рэлігіі, як мага хутчэй наведаў намеснік Хрыста, Яго Святасць Бенедыкт XVI”.