Фестываль “Балетнае лета ў Вялікім” распачнецца 11 чэрвеня.

Рытмiчны чэрвень

“Балетнае лета ў Вялікім” абяцае здзівіць яркімі спектаклямі і вядомымі выканаўцамі.

балет---bolshoibelarus.by-(Копировать).jpg

Летні фестываль балета распачнецца ў нядзелю, 11 чэрвеня, ля “падножжа” Вялікага тэатра. Яго аркестр пад кіраўніцтвам маэстра Андрэя Іванова будзе сустракаць гасцей вальсамі Штраўса. Пасля чаго музыкантаў запросяць заняць месцы ў глядзельнай зале, дзе сваё майстэрства прадэманструюць артысты Нацыянальнага тэатра оперы і балета Украіны Анастасія Шаўчэнка і Станіслаў Альшанскі. Яны выканаюць галоўныя партыі ў балеце Пятра Чайкоўскага “Лебядзінае возера”.

Тры дні, з 13 па 15 чэрвеня, на беларускай сцэне будуць ззяць зоркі казахстанскага тэатра “Астана Балет”. У гастрольнай праграме аднаактовыя балеты Love Fear Loss пра жыццё вялікай спявачкі Эдзіт Піяф і Gaia пра планету Зямля, танцавальная праграма “Астана Балет GALA”, спектакль “Кармэн” на музыку Жоржа Бізэ і Радзівона Шчадрына і іншае.
Вечар 16 чэрвеня будзе прысвечаны аднаактовым балетам у выкананні беларускіх майстроў гэтага жанру. Гледачам прапануюць Гран-па з балета “Пахіта” Людвіга Мінкуса, балет “Санеты” на музыку Пітэра Уорлака і Ральфа Воан-Уільямса і “Шэсць танцаў” Вольфганга Амадэя Моцарта. Завершыцца свята балета 18 чэрвеня гала-канцэртам сусветных зорак, у якім прымуць удзел госці з Расіі, Казахстана, Польшчы, Германіі і артысты Вялікага тэатра Беларусі.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter