Минск
+12 oC
USD: 2.05
EUR: 2.26

Исключат ли рысь из Красной книги?

Рысь з асабiстымi рысамi

Рысь, на самай справе жывёла скрытная i асцярожная, у апошні час быццам апынулася ў святле сафiтаў. Пачалося ўсё з таго, што ў інтэрнэце з’явілася фотако-пія ліста Мінлясгаса з яго пе-рапіскай з Саўмінам. Грамадскасць зачапілася за некалькі фраз, у прыватнасці пра тое, каб уключыць гэтую жывёлу ў нарміруемыя паляўнічыя віды, а таксама пра тое, каб выкраслiць яе з Чырвонай кнігі. Адразу ж пачаўся збор петыцый з патрабаваннем захаваць гэтую грозную і гордую кошку. У яе падтрымку нават сабралі больш за 4000 подпісаў. Няўжо i сапраўды жывёле, якая знаходзіцца пад асаблівай аховай амаль 40 гадоў, маюць намер надаць іншы статус? Карэспандэнты «Р» паспрабавалi расставіць усе кропкі над «і» ў гэтым пытаннi.

У Беларусі жыве 430 асобін чырвонакніжнай дзікай кошкі.
zen.yandex.ru

Падлічым — будзем ведаць

Першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Валянцін Шатраўка ахвотна пагадзіўся патлумачыць стан спраў. Паводле яго слоў, сёння няма аб’ектыўных дадзеных па шэрагу жывёл, якія занесены ў Чырвоную кнігу, — рысі, мядзведзю, барсуку.

— Па заканадаў-стве займацца маніторынгам павінна Акадэмія навук. Але ім на гэты год на такiя мэты вылучылі цэлыя 7000 рублёў — можна ўявіць, што за гэтыя грошы можна зрабіць. Вось і выходзіць, што поўных звестак па колькасці рэдкіх жывёл у апошнія 10 гадоў мы практычна не маем. Таму мы прапанавалі перавесці рысь у нарміруемыя віды паляўнічых жывёл, каб нармальна правесці яе ўлік і ў далейшым выкарыстоўваць гэтую інфармацыю для прыняцця рашэнняў. Падкрэслю: гаворка не ідзе пра тое, каб дазволіць паляванне на рэдкага звера. 


Дарэчы, паводле статсправаздачнасці, у Беларусі жыве 430 асобін чырвонакніжнай дзікай кошкі. У той жа час паляваннекарыстальнікі ў канцы вясны паведамілі, што ўбачылі болей за 800 жывёл. На іх думку, папуляцыя расце, адпаведна месцамі павялічваецца і нагрузка на паляўнічыя гаспадаркі. Мяркуйце самi: каб наесціся, рысь у дзень павінна спажываць 1—3 кілаграмы мяса, апетыт у галоднага драпежніка можа патрабаваць да 6 кіло ежы. Але атрымліваецца, усе нараканні галаслоўныя, пакуль назіранні разыходзяцца з высновамі навукоўцаў. Першы намеснік міністра тлумачыць:

— Пытанне з рыссю ў канцы жніўня было разгледжана на каардынацыйным савеце Мінлясгаса, агучаныя ідэі мы накіравалі ва Урад. Акрамя таго, мы прапанавалі вывучыць сітуацыю з рыссю ў Прыбалтыцы, дзе яна таксама ў Чырвонай кнізе, але там вядзецца яе адстрэл. Усе прапановы прынятыя. Ёсць даручэнне Саўміна распрацаваць нарматыўную базу па правядзенні ўліку і да красавіка яго правесці. А па выніку ўжо i зробiм усе высновы. 

Таямніцы вялікай кошкі

— Няўжо 800 асобін? Адкуль бяруцца такія лiчбы?
— задаецца пытаннем начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Мікалай Свідзінскі. — Так, у апошні час сталі частымі сустрэчы рысі і з паляўнічымі, i з грыбнiкамі. Але ці азначае гэта, што жывёл стала больш? А можа, проста сам чалавек паглыбіўся ў лес?

Справа ў тым, што рысь — істота асцярожная, а таму сама да чалавека не пойдзе. Калі жывёлу ўчулі сабакі, паляваць на яе вельмі лёгка: як і любая кошка, рысь залазіць на дрэва i становiцца лёгкай здабычай для браканьераў. Так што калі дазволяць паляванне, рысь можа вельмі пацярпець. Гісторыя такія выпадкі добра памятае. Яшчэ ў пасляваенныя гады рысь нароўні з ваўком актыўна знішчалі. Колькасць «адрэгулявалі» да такога стану, што давялося ўключыць яе ў Чырвоную кнігу.

Але нават калі павелічэнне пага-лоўя рысі і адбылося, то наколькі значнае? На чвэрць, на палову або ўдвая? Цікава, што, на думку навукоўцаў, толькі пры павелічэнні пагалоўя рысі да 1500 асобін можна будзе заяўляць  аб змене яе статусу. Але, хутчэй за ўсё, аб кратным павелічэнні гаварыць не даводзіцца, мяркуе Мікалай Свідзінскі. 

— Канешне, больш дакладныя лічбы назаве ўлік. НПЦ па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук дапамогуць паляўнічыя, паляванне-карыстальнікі і зацікаўленыя грамадзяне. Тады мы зможам прааналізаваць інфармацыю і сказаць з поўнай упэўненасцю, ці вырасла колькасць асобiн гэтай лясной кошкі, і калi так, то наколькі, а таксама падлічым, дзе рысь пераважна жыве. Пакуль мы ведаем, што яна ёсць на Міншчыне, на Віцебшчыне, часткова ў Гродзенскай вобласцi. Аб паўсюдным рассяленні віду я б не казаў — не кожнае месца яму падыходзіць. 

Улік, на думку спецыяліста, лепей праводзіць зімой — у актыўную фазу жыцця вялікай кошкі. Ды і снег дазваляе ўбачыць шмат слядоў. Але проста падлічыць колькасць асобін або скарыстаць анкетна-апытальны метад было б няправільна. Варта методыкі аб’яднаць, перакананы Мікалай Свідзінскі. Толькі супастаўленне гэтых дадзеных дасць больш дакладны вынік. Колькі часу на гэта трэба? Адным сезонам сапраўды не абысціся, кажуць спецыялісты. Спатрэбіцца 2—3 гады, каб ацэнка была аб’ектыўнай.

Ёсць сумневы ў эколагаў і наконт таго, наколькі вялікую шкоду можа нанесці прыродзе рост пагалоўя рысі. Цi пачала лясная кошка паляваць на капытных і птушак? Доказаў гэтаму пакуль няма, падкрэслівае Мікалай Свідзінскі.

— Казулі ў прынцыпе вельмі пластычны від. Ці такую ўжо вялікую шкоду ім можа нанесці рысь? Ёсць пытанне. Тым больш, па статыстыцы, у апошнія гады колькасць казуль, наадварот, у краiне расце. Так, рысь не шукае складаных шляхоў. Яна можа забегчы ў вальерную гаспадарку і задраць казулю. Тут жывёлы знаходзяцца ў абмежаванай прасторы, колькасць іх вялікая, так што і паляванне праходзіць прасцей.

Рысь па прыкладзе зубра

Дык, можа быць, абысціся з рыссю так, як калісьці з зубрам, якому надалі бінарны статус? Гэта значыць, дазволілі выбракоўваць хворых і старых асобін. Тут погляды леснікоў і эколагаў пакуль адрозніваюцца. Напрыклад, на думку дырэктара рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі» Васіля Гуркова, лепшая ахова прыроды — рацыянальнае выкарыстанне яе рэсурсаў.

— Прыклад зубра, які атрымаў бінарны статус, досыць паспяховы. Гэты від не толькі змаглі аднавіць з нуля за 60 гадоў, але і з дапамогай выбракоўвання хворых і старых асобін яго відавочна аздаравілі. 

У Мікалая Свідзінскага ёсць сумневы адносна таго, што параўноўваць зубра і рысь карэктна.

— Калі ў статку зуброў хворыя асобіны бачныя адразу, з рыссю будзе складаней. Гэта тыповы прадстаўнік сямейства каціных, які не жыве зграямі. Складана будзе ацаніць статус той ці іншай асобіны. Акрамя таго, практычна ва ўсіх нашых суседзяў рысь — ахоўны від. За выключэннем хіба што Латвіі, дзе ён падлягае рэгуляванню. Таму рашэнне павінна быць узважаным.

arteaga@sb.by,

druk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
5
Загрузка...