На сезонных рынках страны появился первый весенний урожай: мы узнали, что почем

Рынак у зялёных тонах

Калі на гарадскіх дрэвах і кустах толькі набухаюць пупышкі, то сезонныя рынкі ўжо «расцвілі» — там буянства зеляніны і фарбаў. Сапраўдная вясна! Адны гандляры за капейкі імкнуцца прадаць леташні тавар, іншыя ўжо расклалі на прылаўкі «навінкі» гэтага года. «Р» даведалася, па што выстройваюцца вялікія чэргі, і параўнала цэны з магазіннымі.


Вочы разбягаюцца


Сезон на свежую гародніну і зеляніну толькі пачаўся, але на мінскай «Камароўцы» ўжо шмат народу. Нават у будны дзень па радах ходзяць натоўпы людзей з кошыкамі і пакетамі. Пакупнікі хочуць пакаштаваць духмяныя клубніцы, наліўныя журавіны, хрумсткія агуркі, раннюю капусту... З прылаўкаў змятаюць пятрушку, кроп, зялёную цыбулю, базілік, шпінат, шчаўе і чарамшу.

Асартымент сведчыць пра тое, што прыйшла вясна. Напрыклад, на радах ужо чырвона ад свежай радыскі. Разглядаю варыянты, вывучаю цэны: ледзь заўважыўшы маю цікавасць, прадаўцы прапануюць пакаштаваць тавар. Падыходжу да прылаўка.

— 3 рублі 50 капеек за кіло, — агучваюць кошт.

— А ў мяне на рубель танней, — спрабуе прывабіць іншы прадавец. — Добра, што надвор’е сёлета спрыяла ранняму ўраджаю.

— Моцная, сакавітая і салодкая. Наша, беларуская! — клічуць на трэцім прылаўку.

Бяру пучок на пробу, іду да капусты. Маладая — праўда, імпартная — каштуе каля 3 рублёў за кілаграм. Дарагавата, але спакуса паласавацца ранняй гароднінай перамагае: купляю качан. Для вясновай свежай салаты не хапае хрумсткіх агуркоў. Кошт іх уражвае: ад 2 да 5 рублёў за калючыя і ад 3 да 7 рублёў за гладкія. Гэта нямала, але ўсё роўна куды танней, чым у магазіне. Прадаўцы тлумачаць:

— Першыя агуркі заўсёды шмат каштуюць.

— Зараз гандлюем імпартнымі і беларускімі — з агракамбіната «Ждановічы».

— Цэны будуць трымацца, пакуль не пачнуць масава вазіць пінскія агуркі. Брэсцкія гандляры абяцаюць прыехаць з новым ураджаем ужо ў канцы красавіка — пачатку мая.

Авітаміноз, да пабачэння


Пакупнікі са стажам расказалі, што ў канцы вясны цэны рэзка ўпадуць: можна будзе закупляцца агуркамі. Такая ж сітуацыя і з памідорамі: прадаўцы бяруць 5—7 рублёў за кілаграм. Сумна, але зноў жа гэта танней, чым у гіпермаркетах. На момант напісання матэрыялу моцныя таматы ў мінскіх магазінах каштавалі 7 рублёў за кіло і больш.

— Увесну заўсёды найбольш востра адчуваецца авітаміноз, таму грошай на сезонныя тавары не шкадуем, — адна з пакупніц плануе папоўніць запас неабходных мікраэлементаў з дапамогай свежай гародніны і зеляніны. Накіроўваецца да рада, падобнага на джунглі, — уся зеляніна, якая там прадаецца, вырашчана ў нашых шыротах.

Тут цэны называюць за сто грамаў: пятрушка, кроп, зялёная салата і цыбуля каштуюць 1 рубель. Вялікі выбар і іншых пышных пучкоў: шпінат каштуе 2 рублі, шчаўе — 1,5, рукала — 2,5, кінза — 3,5, базілік, шалфей і тархун — па 5 рублёў. Ля прылаўкаў выстройваюцца чэргі, асабліва там, дзе прадаюць са зніжкай.

— Увесну зеляніны хочацца асабліва моцна. Але, гледзячы на ​​цэннікі ў магазінах, губляеш апетыт, — наракае пенсіянерка. Дзеліцца: «травяную» салату ў гэтым годзе прыгатуе ўпершыню — закупілася ўсімі інгрэдыентамі на рынку, тут кошт моцна не кусаецца.


Што на дэсерт?


Пераходжу ў «дэсертную» частку рынку. Беларускай садавіны і ягад у продажы пакуль няшмат: у асноўным гандлююць імпартнымі. Любуюся клубніцамі, якія ёсць амаль на кожным прылаўку. Адзін кілаграм чырвонай ягады родам з Грэцыі на «Камароўцы» можна купіць за 6—7 рублёў. Цэны, дарэчы, дэмакратычныя — у магазіне клубніцы прадаюцца па 13 рублёў і вышэй.

— У мінулым годзе ў сярэдзіне красавіка такія ж ​​самыя клубніцы прадавалі па 20 рублёў за кіло. Гэта ў два разы даражэй, чым цяпер, — гандляры радуюць патэнцыяльных кліентаў.

Прадаўцы ўспамінаюць: клубніцы з Брэсцкай вобласці ў мінулым сезоне з’явіліся ў продажы толькі ў сярэдзіне мая. Кілаграм салодкіх і духмяных ягад тады каштаваў каля 9 рублёў. Прагназаваць сітуацыю гэтай вясной яны не бяруцца. Толькі мараць: «Калі будзе добрае надвор’е, без начных замаразкаў, то салодкую ягаду можна чакаць ужо ў пачатку мая».

Для асарці многія бяруць дурніцы — сінія ягады каштуюць 20 рублёў за кіло. Тых, хто любіць кіслінку, вабяць прылаўкі з «мясцовымі» журавінамі. Гэтая ягада захоўваецца на расліне да вясны: хадзіць у лес можна не толькі восенню, але і як толькі сыдзе снег. Журавіны, якія пад ім перазімавалі, не губляюць карысных якасцей, становяцца больш салодкімі. Такі ласунак — скарбніца карысных рэчываў. Ягада з Браслава сёння на рынку каштуе 8—9 рублёў за кілаграм.

Чэргі выстройваюцца і па леташні ўраджай. У асноўным бяруць танныя яблыкі — кілаграм аддаюць за 50—80 капеек. На суседніх радах за капейкі прадаюць іншыя старыя запасы — бульбу, цыбулю, моркву, саленні. На некаторых прылаўках гандлююць сушанымі грыбамі. Прадаўцы апошніх мараць:

— Калі надвор’е будзе спрыяльнае, то лісічкі могуць пайсці ўжо ў маі.

У канцы экскурсіі па «Камароў­цы» трапляю ў сапраў­дны кветкавы рай. Вакол — казачны сад: саджанцы з мяне ростам і мноства рознакаляровай расады, назвы якой чую ўпершыню ў жыцці. Вось там сапраўдны мурашнік — пік сезона!

Ала Фідрусь, начальнік аддзела арганізацыі рынкавага гандлю мінскага Камароўскага рынку, запэўнівае — у разгар сезона прылаўкаў хопіць усім прадаўцам:

— На сезоннай частцы рынку для гандлю гароднінай, садавінай і зелянінай з прыватных агародаў штодня выдзелена больш за 100 месцаў. Столькі ж вынасных сталоў для гандлю можна размясціць дадаткова. Яшчэ не было сітуацыі, калі прадаўцам не хапала афіцыйнага прылаўка, — месцы ёсць заўсёды.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter