Дзе знайшла «птушку шчасця» заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева

Ірына ДАРАФЕЕВА: «Золата няма, а вось з людзьмi пашанцавала»

Дзе знайшла «птушку шчасця» заслужаная артыстка Беларусі і загадчык кафедры Універсітэта культуры і мастацтваў...
ІРЫНА ДАРАФЕЕВА — сапраўдны гуру ў прапагандзе беларускай песні. Спявачка актыўна супрацоўнічае з вядучымі музычнымі калектывамі і выканаўцамі нашай краіны. А ў яе рэпертуары цэлы арсенал твораў вядомых айчынных кампазітараў: Яўгенія Глебава, Эдуарда Ханка, Леаніда Захлеўнага, Васілія Раінчыка… Песні і гэтых аўтараў, і маладых беларускіх кампазітараў заслужаная артыстка Беларусі будзе выконваць у петрыкаўскіх Ляскавічах 13 верасня. З якім творчым імпэтам спявачка едзе на III Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Зов Полесья» і з кім на фэсце разлічвае ўбачыцца, Ірына Дарафеева распавяла ў эксклюзіўным інтэрв’ю «СГ».

09-1.png

Ірына Дарафеева


— Ірына, вы часта выступаеце ў глыбінцы. Вас там добра ведаюць і заўсёды рады вітаць. За што асабліва шануеце правінцыю?

— Думаю, гэта звязана з тым, што мы амаль усе з беларускай глыбінкі. І ў кожнага з нас ёсць свая любімая старонка, родная вёска, якую мы памятаем, любім і заўсёды ўспамінаем. У мяне былі дзве такія малыя радзімы. Татава — у Крычаве, а матуліна — на Гомельшчыне, Калінкавіцкі раён, вёска Ляскі. Якія смачныя з печкі пірагі атрымліваліся ў бабулі, бабка, бацвінне! Успаміны гэтыя заўсёды кранаюць да глыбіні душы. Таму, вяртаючыся ў такія маленькія вёскі, утульныя гарадочкі, адчуваю часцінку свайго дзяцінства. І радасць гэтую хочацца падарыць у выступленні на сцэне.

Завітваючы ў глыбінку, я заўсёды звяртаю ўвагу на тое, якая яна становіцца прыгожая. Радасна, што яна ўсё больш і больш ператвараецца на сучасны лад, з’явіліся, напрыклад, камфортныя для жыцця аграгарадкі. Але заўсёды з намі застаюцца традыцыі, наша прырода, культура. Яна, дарэчы, беражліва захоўваецца менавіта ў правінцыі, сельскіх цэнтрах творчасці. Гэта перш за ўсё народныя рамёствы, кухня, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Таму я ўпэўнена, што нашы добрыя традыцыі будуць заўсёды жыць.

— На фестывалі ў Ляскавічах вы парадуеце гледачоў вялікім канцэртам. З якім настроем кіруецеся на «Зов Полесья»?

— Мы рыхтуем вялікае выступленне на галоўнай сцэне фэсту. Дзякуй Богу, у мяне ёсць шмат магчымасцяў, чым упрыгожыць канцэрт. Гэта і музыканты, і балет. Што да рэпертуара, то ў апошні час у мяне з’явілася шмат новых песень як на беларускай мове, так і на рускай. Выканаю і самыя вядомыя творы, якія ўжо сталі хітамі. Але ж для мяне на «Зове Полесья» галоўнае — энергетыка, сувязь з публікай. Фестывальны рух — вялікая сіла. На такіх фэстах людзі насамрэч адпачываюць душой. Я вельмі люблю выступаць пад адкрытым небам, на адкрытых пляцоўках. Спадзяюся, што на канцэрце ў Ляскавічах усе будуць пець разам са мною, адпачываць душой, падпяваць.

— Ці варта запазычваць у добрым сэнсе гэтага слова ў сваіх нумарах і песнях народнае, каб падкрэсліць сваю беларускасць?

— Я выкладаю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. І лічу сваім абавязкам прывіваць нашым студэнтам, маладым выканаўцам любоў да Беларусі, нашай песні і нацыянальнай культуры. Каб яны маглі прыўнесці нешта новае, раскрыць сваё сэрца і ўвесь свой талент, укласці ўсё гэта ў свой выступ. Упэўнена, што нам трэба падтрымліваць такую своеасаблівую пераемнасць пакаленняў. Прычым не мае значэння, гучаць будзе народная музыка ці папулярная. Гэта тычыцца розных стыляў і музыкальных напрамкаў.

Галоўнае — стаўленне артыста да сваёй прафесіі, да эмацыянальнага настрою, з якім даносіць музыкальны матэрыял спявак. Персаніфікаваная афарбоўка кожнага выступлення дае гледачу і слухачу сапраўднае задавальненне, прываблівае. Мне хацелася, каб у рэпертуары кожнага выканаўцы былі беларускія песні, творы на роднай мове. Каб гэтыя песні абавязкова выконваліся на нацыянальных фестывалях і міжнародных конкурсах і каб нават замежныя выканаўцы выступалі з нашымі песнямі. Таму што гэта наша душа, наша будучыня. І мы павінны прапагандаваць сваё, беларускае…

— А з кім менавіта вы разлічваеце пабачыцца на вялікім зборы палешукоў?

— С раднёй з Калінкавіцкага раёна, якая сёння жыве ў вёсцы Насавічы. Туды прыйшлося ёй перасяліцца, калі маленькая вёсачка Ляскі, дзе вырасла мая матуля, стала неперспектыўнай. Сваякі заўсёды мяне ва ўсім падтрымліваюць, нягледзячы на адлегласці, імкнуцца патрапіць на мае канцэрты. Я адчуваю непарыўную духоўную сувязь з імі. Гэта самая магутная падтрымка.

І, зразумела, самае прыемнае для мяне на фэсце — госці і ўдзельнікі «Зова Полесья». Мне падабаецца знаёміцца са звычайнымі людзьмі, калі яны падыходзяць за аўтографам ці каб зрабіць на памяць фотаздымак. Усім стараюся пісаць розныя пажаданні, укладваючы ўсю сваю пазітыўную энергію. Простыя людзі адчуваюць гэта і ўдзячаць за маю работу. Такія выпадкі запамінаюцца назаўсёды. Золата і брыльянтаў у нас няма, а вось з людзьмі пашанцавала. Многа таленавітых у Беларусі. Хочацца, каб яны працягвалі тварыць.

— Я падлічыла, што ў гэтым годзе вы адзначаеце свой творчы юбілей — 20-годдзе прафесійнай дзейнасці. Вялікі этап, значны творчы парог. Якія вынікі падводзіце для сябе? Што яшчэ засталося недасягнутым, будучым рубяжом?

— Я вельмі радуюся, што выпушчана многа песень. Гэта амаль 13 альбомаў, два з якіх яшчэ ў працы. Выйшлі відэа- і аўдыяальбомы, МР3- і DVD-дыскі. Спадзяюся, што ўсё гэта застанецца ў кожнай сям’і маіх слухачоў. Мне пашчасціла з выдатным калектывам музыкантаў: з многімі з іх я працую ўжо больш за 10 гадоў. Выдатныя і маладыя артысты балета ў маёй камандзе. Дзякую за плённую працу і ёй, і свайму прадзюсару Юрыю Савашу. У нас дужыі калектыў, і мае паплечнікі ў мяне вераць. Мне гэта важна.

Што датычыцца будучыні, я задаволена, што крыху рэалізавала сябе як педагог. Цяпер з’яўляюся загадчыкам кафедры мастацтва эстрады Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў. У гэтым годзе мы паставілі прыгожы мюзікл «Дуброўскі». Ён ужо жыве сваім жыццём, і гэта цэнна. Спадзяюся, што будуць новыя цікавыя праграмы, канцэрты, будуць падрастаць новыя слухачы.

А яшчэ мне вельмі прыемна, што мае песні гучаць на конкурсах і канцэртах. Адчуваю, што людзі, бадай, ужо праз сэрцы ўвабралі гэтыя творы. Падпяваюць разам са мной.

— Ірына, чым заінтрыгуеце ў новым альбоме?

— Апошні альбом, які я выпусціла, называецца «Як жа край мой не любіць». Гэта было прысвячэнне любімай Беларусі, маёй Радзіме. У яго ўвайшло шмат песень і знакамітых беларускіх кампазітараў, а таксама Аляксандры Пахмутавай і Кіма Брэйтбурга. Прадстаўлены ў альбоме і маладыя аўтары, якія пішуць музыку на высокім узроўні.

А новы альбом будзе называцца «Птушка шчасця». Мы над ім працуем цяпер. І гэта будзе цалкам беларускамоўны праект.

Таццяна УСКОВА, «СГ»

Фота з архіва Ірыны ДАРАФЕЕВАЙ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter