Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У сталіцы Італіі рыхтуецца да адкрыцця Беларускі культурна-адукацыйны цэнтр “Францыск Скарына”

Рымскія мары

Не сакрэт: у некаторых краінах нашы супляменнікі актыўна працуюць у складзе рускіх суполак. Напрыклад, з навучэнцаў Вучэбна-метадычнага цэнтра “Николай Гоголь” у Рыме кожны пяты мае беларускія родавыя карані. Сям’я Аляксандра Гоўзбіта, дарэчы, пераехала ў Італію з Барысава, Аляксандра Рыбіна — з Мінска, карані па маці ў Надзеі Лаурэллі, Мікалая Чэзарыні, Сашы Чэллі — з Гомеля... Шмат малых наведваюць дзіцячы садок пры цэнтры. З пачаткам новага навучальнага года школьнікаў павіншавала і наша супляменніца, член Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі, настаўніца пачатковых класаў і выкладчыца рускай мовы і літаратуры Ніна Пашчанка. Яна пажадала вучням поспехаў, новых адкрыццяў і верных сяброў.

У беларускіх школьнікаў у Рыме пачаўся навучальны год

У інтэрнэце я знайшла інфармацыю: Вучэбна-метадычны цэнтр “Николай Гоголь” працуе пры хрысціянскім прыходзе “Св. Николая Мир-Ликийского Чудотворца” з 2003 года. Быў створаны ён для таго, каб двухмоўныя дзеці маглі глыбей вывучаць рускую мову і культуру. У цэнтры можна цяпер атрымаць другую сярэднюю адукацыю на рускай мове, а Маскоўскі дзяржуніверсітэт імя М. Ламаносава, з якім у цэнтра падпісана дамова, выдае сертыфікаты аб належным веданні мовы. Між тым у гэтай школе працуюць і настаўніцы-беларускі: Таццяна Тыльковіч з Пінска выкладае рускую мову і літаратуру, вядзе заняткі па англійскай мове, Вікторыя Даўгулевіч рыхтуе дзетак да школы ў “нулявым” класе.

У лісце ў рэдакцыю, які мы нядаўна атрымалі, Ніна Пашчанка піша: “Падрыхтаваны ўжо дакументы для адкрыцця Беларускага культурна-адукацыйнага цэнтра “Францыск Скарына”. І працэс рэгістрацыі тут не складаны, зойме ўсяго некалькі дзён. Але!!! Мы не маем памяшкання, і гэтую праблему, на жаль, не можам вырашыць некалькі гадоў. Актыўна дапамагае нам Амбасада Беларусі ў Італіі, летась мы ўжо вялі перамовы з Міністэрствам адукацыі Італіі. Вельмі хацелася б, каб нас падтрымала й Міністэрства адукацыі Беларусі: летась я перадавала туды нашы прапановы аб супрацоўніцтве з ім пад час другога Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа. Чакаем адказу...”.

Ніна Ігараўна пісала й пра тое, што ведае ў Рыме ды ў яго прыгарадах яшчэ каля 20 сем’яў з родавымі каранямі ў Беларусі. І ўсе яны чакаюць адкрыцця беларускага адукацыйнага цэнтра. Тады дзеці мясцовых беларусаў будуць мець магчымасць, па прыкладзе расіян, атрымоўваць у Італіі беларускую адукацыю. А пакуль у Рускім цэнтры часта згадваюць пра Беларусь. На Дні народнага адзінства, напрыклад, на ўроку геаграфіі былі прадстаўнікі беларускага консульства. Дзеці ўдзельнічалі ў конкурсах малюнкаў: адзін — “Захаваем планету чыстай” Беларускага культурнага цэнтра ў Францыі, другі — па творах беларускага пісьменніка Пімена Панчанкі, ладзіў Беларускі культурны цэнтр у Эстоніі. Да Дня Перамогі ладзілася фотавыстава “Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Летась вучні адной з мінскіх школ прымалі ўдзел у алімпіядзе па гісторыі ў Італіі, занялі некалькі прызавых месцаў, прадстаўляючы Беларусь сярод 18 краін-удзельніц. Хлопчыкі ды дзяўчынкі з Рыма і Мілана наведалі з экскурсіяй беларускі горад Жодзіна. Хутка, ужо ў кастрычніку, будзе й чарговая паездка туды. А ў лістападзе ў Рым прыедуць студэнты з Белдзяржуніверсітэта: паўдзельнічаць у інтэлектуальных спаборніцтвах — яны будуць пра Кастрычніцкую рэвалюцыю, 100-годдзе якой сёлета адзначаецца. Ёсць праект цэнтра з беларускім выдавецтвам “Народная асвета” па выданні падручнікаў па рускай мове для дзяцей-білінгваў з 2 па 9 класы. Цяпер вырашаецца пытанне з тыражом.

Як бачым, не забываюць пра свае карані беларусы ў Рыме, пры тым мараць яшчэ больш рабіць на карысць Бацькаўшчыны, беларускай культуры. То хай будуць паспяховымі ўсе іх патрыятычныя пачынанні, а на слушныя прапановы заўсёды знаходзяцца станоўчыя адказы.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 39 (3543), чацвер, 12 кастрычніка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter