Рымская рэліквія ў Крывічах стварае цуды

Статуя Пана Езуса ў мясцовым касцёле дапамагае бяздзетным сямейным парам, і не толькі

Гісторыя святыні захоўвае мноства сведчанняў міласэрнасці Хрыста, атрыманую праз яго фігуру. Распавядаюць, што маладажоны, якія не маглі дачакацца першынца, шчыра маліліся тут і потым радаваліся сваім дзецям. Ішло на папраўку здароўе хворых. Асабліва часта да Пана Езуса звяртаюцца людзі, у якіх штосьці здарылася з іх блізкімі.

На ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла ў 2008 годзе ў Крывічы прыязджалі святары з польскага Мельца, праз які статуя патрапіла ў Антокаль з-пад Вільні, а потым у Крывічы. Вось што расказваў тады ксёнз Станіслаў: «Мы былі тут у вас цэлым аўтобусам у верасні мінулага года. Зрабілі фотаздымкі пана Езуса. Адзін з гэтых здымкаў быў дастаўлены хвораму швагру аднаго з ксяндзоў, які прыязджаў сюды. Урачы казалі, што той ужо не выйдзе з бальніцы здаровым. Аднак пан акрыяў».

Парафіянка Марыя Фарына ўспамінае, як вымаліла свайго сына з Афганістана: «Прызвалі яго ў войска. Спачатку напісаў, што будзе служыць у Венгрыі. Аднак патрапіў на афганскую вайну. Я прасіла Бога, Маці Божую, каб нічога дрэннага з ім не здарылася. Пад канец службы машына, якой ён кіраваў, папала пад абстрэл і загарэлася. Салдат, які сядзеў побач з маім сынам, атрымаў смяротнае раненне ў жывот, а майму Сашу асколак гранаты параніў запясце. Але ж дадому вярнуўся жывым».

А  Уладзіслава  Варанковіч узгадвала, як ачуняла яе цяжкахворая сваячка з Пруднікаў. Ксёнз Віктар Шчучко, які на той час быў пробашчам, шчыра маліўся да Пана Езуса, потым паспавядаў жанчыну, і яна паднялася з бальнічнага ложка.

Цудам лічаць парафіяне і тое, што іх касцёл выстаяў пад прыгнётам расійскіх цароў, падчас Вялікай Айчыннай вайны, у гады ваяўнічага атэізму. Калі навокал палілі алтары, рэлігійнымі кніжкамі падпальвалі печы, у культавых будынках рабілі склады, дамы культуры ці нават вязніцы, касцёл у Крывічах быў пакінуты амаль некранутым. Толькі ў 1941 годзе тут здарыўся пажар. Згарэлі дах, пасля вежа, пяць вясковых хат і адна касцёльная, упаў галоўны звон, аднак агонь удалося ўтаймаваць. Старажылы памятаюць, як напачатку 60-х са святыні хацелі ўтварыць склад, і нават прыбыў гружаны грузавік, аднак людзі ляглі на дарозе ад брамы да храма. Начальнік райсаюза Казлоў загадаў вадзіцелю Францішку Ярчакову ехаць па жывому насцілу. У знак пратэсту той выйшаў з машыны і адмовіўся выконваць злачынны загад нават пад пагрозай звальнення.

Наогул, скульптуру Пана Езуса з Назарэта трынітарыі ўстанавілі ўпершыню яшчэ ў сямнаццатым стагоддзі аж у Мадрыдзе. Менавіта адтуль распаўсюдзіліся звесткі аб цудадзейнай яе сіле. Пасля і ў іншых краінах сталі ставіць фігуркі накшталт мадрыцкай.

Крывіцкая рэліквія сапраўды зроблена, паводле гістарычных звестак, у Рыме і асвечана папам Кліментам ХIV у 1765 годзе. Праз 33 гады яна, павандраваўшы па розных храмах, па просьбе мясцовага пробашча ксянза Міхала Язерскага прывезена з прадмесця Вільні ў Крывічы.

…Вельмі часта пасля таго як скончыцца ў касцёле святая імша, хтосьці з вернікаў застаецца сам-насам з Панам Езусам, каб папрасіць яго аб ласцы Божай. І найвялікшы цуд, што той чалавек, які моліцца, усведамляе свае грахі і сам становіцца дабрэйшым.

Алена КЛІМОВІЧ, «СГ»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter