Трыццаць першы год столінскім СВК «Фядорскі» нязменна кіруе аксакал старшынёўскага корпуса Беларусі Рыгор Дзямко, які святкуе 70-гадовы юбілей

Рыгор Дзямко i яго Фядоры

ТРЫЦЦАЦЬ першы год столінскім СВК «Фядорскі» нязменна кіруе патрыярх старшынёўскага корпуса Рыгор Аляксеевіч ДЗЯМКО. Заўтра яму 70 гадоў. 



У «Фядорскі» да Дзямко тройчы прыязджаў Прэзідэнт. Працоўныя дасягненні старшыні ацэнены высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём «За працоўную доблесць» і ордэнам Айчыны III ступені, званнем заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі. Рыгор Дзямко — ганаровы грамадзянін Столінскага раёна, выбіраўся дэпутатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. 

Свае першыя ўрокі гаспадарання выпускнік агранамічнага факультэта Белдзяржсельгасакадэміі Рыгор Дзямко засвойваў у Героя Сацыялістычнай Працы старшыні калгаса «40 гадоў Кастрычніка» Столінскага раёна Івана Янкоўскага. 

МЕНАВІТА тут малады аграном-насеннявод Рыгор Дзямко атрымаў першую  дзяржаўную ўзнагароду — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, менавіта набыты тут вопыт дазволіў узначаліць ствараемую на абноўленых палескіх землях гаспадарку, якая пасля розных рэарганізацый атрымала назву СВК «Фядорскі». Мінулым засушлівым летам тут кожны гектар даў звыш сарака цэнтнераў збожжа, намалочана дзесяць з паловай тысяч тон зерня, што грунтоўна ўзмацніла кармавую базу. 

З`явіўшаяся на асушаных землях Палесся гаспадарка спецыялізуецца на жывёлагадоўлі. Тут бадай што самы вялікі грамадскі статак, які налічвае амаль 19 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку дзве  з паловай тысячы дойных кароў. Ад кожнай з іх летась атрымана амаль шэсць тысяч кілаграмаў малака, а сярэднясутачныя прывагі кормнікаў дасягаюць кілаграма. Летась на фермах гаспадаркі вырашчана пяць з паловай тысяч тон ялавічыны і атрымана звыш чатырнаццаці тысяч тон малака. 

Але па-ранейшаму найбольшая рэнтабельнасць дасягнута ад вытворчасці малака, і складае амаль 60 працэнтаў. Штодзённа гаспадарка прадае звыш сарака тон малака. «Фядорскі» сёння ў ліку лепшых гаспадарак рэспублікі.

Пасля дзесяцігоддзяў эксплуатацыі сельскагаспадарчыя масівы «Фядорскага» патрабуюць неадкладнай рэканструкцыі. Не чакаючы дапамогі з боку меліярацыйных арганізацый, сяляне ачышчаюць магістральныя каналы, рамонтуюць калектары. Нават у зімовыя дні гэта работа не спынялася.

Пастаянна вядзецца мадэрнізацыя жывёлагадоўчых комплексаў, ферм.

— Інакш не выжылі б, — рэзюмуе Рыгор Аляксеевіч. — Заходняя Еўропа  нізкаўрадлівую зямлю не выкарыстоўвае. Толькі туды, дзе ёсць аддача, сродкі ўкладваюцца. Не на ўсіх меліяраваных землях можна высокаэфектыўна працаваць, імі трэба карыстацца беражліва. На многіх участках ганчарны дрэнаж, што пракладвалі чвэрць стагоддзя таму, зацягло глеем. — Ганаруся зробленым за мінулы час. Цэнтральная сядзіба гаспадаркі — Фядоры — стала прывабным аграгарадком, дарэчы, першым у раёне. Плануем і іншыя населеныя пункты гаспадаркі акультурыць. На нашых фермах і ў механізацыі працуе шмат моладзі. Дзеці хлебаробаў наведваюць дашкольныя дзіцячыя ўстановы і школы. У цэнтры аграгарадка паўстае мураваны праваслаўны храм, на ўзвядзенне якога не шкадуем сродкаў. 

Вёскі перспектыўнай гаспадаркі забудоўваюцца катэджамі, у якія перасяляюцца жывёлаводы, механізатары, спецыялісты, настаўнікі. Калектыў папаўняецца новымі кадрамі. Вабяць людзей заробкі, сацыяльна-бытавыя і вытворчыя ўмовы, — вельмі коратка і сціпла падсумоўвае зробленае Рыгор Аляксеевіч.

«СГ» неаднаразова расказвала пра вопыт «Фядорскага» і яго таленавітага кіраўніка. Таму сёння, напярэдадні юбілею старшыні, мы шчыра віншуем шаноўнага Рыгора Аляксеевіча — пастаяннага нашага чытача і прапагандыста, і даём слова тым паважаным людзям,  якія яго добра ведаюць.


Леанід ЗАЯЦ, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання:

— Не аднойчы даводзілася бываць у СВК «Фядорскі», якім паспяхова кіруе Рыгор Аляксеевіч Дзямко. Пра магутнасць гаспадаркі красамоўна сведчыць вось такі факт: з 118 раёнаў рэспублікі шэсць прадаюць дзяржаве малака менш, чым «Фядорскі», а ў 37 раёнах вытворчасць ялавічыны ніжэй, чым у гэтай гаспадарцы, што ўзнікла на абноўленых землях Палесся.

Рыгор Аляксеевіч умее мабілізаваць калектыў на эфектыўнае выкарыстанне рэзерваў, каб павялічваць аб’ёмы і змяншаць затраты на выпуск прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства, тут пастаянна ўкараняюцца новыя тэхналогіі, вяскоўцы маюць магчымасць добра зарабляць. Па тэхнічным аснашчэнні гаспадарка не ўступае, а па многіх пазіцыях і пераўзыходзіць лепшых замежных сельскагаспадарчых вытворцаў. Не адзін раз «Фядорскі» наведваў кіраўнік нашай дзяржавы.

Рыгору Аляксеевічу ў яго юбілей хочацца пажадаць працоўнага даўгалецця і дасягнення новых вяршынь!

Мікалай ТОКАР, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама:

— За доўгія гады кіравання фядорскай гаспадаркай Рыгор Дзямко стварыў трывалую вытворчую базу з моцнай эканомікай. У гаспадарцы ніколі няма аўралаў.

У гэтыя вясновыя дні ўся глебаапрацоўчая і пасяўная тэхніка гаспадаркі гатова да выхаду ў поле, падрыхтавана насенне, і па традыцыі пасяўная кампанія праводзіцца ў сціслыя тэрміны. На фермах парадак і высокая забяспечанасць пагалоўя якаснымі кармамі. Многія суседнія гаспадаркі закупляюць фураж у фядораўцаў. Корманарыхтоўчы атрад гарантавана з года ў год не толькі забяспечвае статак фуражом, а і стварае страхавы запас. І ўсё гэта на былых непраходных прыпяцкіх балотах.

Рыгор Аляксеевіч — высокадысцыплінаваны сам і гэтага патрабуе ад іншых. Прыемна працаваць з такім прафесіяналам, чалавекам багатай душы і шчырага сэрца.

Уладзіслаў ЦЫДЗІК, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу:

— Рыгор Дзямко выбіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прымаў удзел у выпрацоўцы важных дакументаў па развіццю аграрнага бізнесу і стварэнню нармальных умоў для жыцця сялян. Працуючы ў Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы, ён не пакідаў кіраванне гаспадаркай. На кожным этапе працоўнай дзейнасці нязменна праяўляе дзяржаўны падыход да справы, прафесіяналізм, арганізатарскі талент, прынцыповасць і добразычлівасць.

За свае працоўныя дасягненні Рыгор Дзямко заслужыў гонар звацца сапраўдным сынам зямлі беларускай. Пад яго таленавітым кіраўніцтвам «Фядорскі» пастаянна выходзіць пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва.

У Фядорах створаны цудоўныя сацыяльна-бытавыя ўмовы для жыцця і працы вяскоўцаў. Паболей бы такіх прафесійных кіраўнікоў беларускім гаспадаркам!

Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ, старшыня Столінскага райвыканкама:

— Рыгор Дзямко з ліку тых кіраўнікоў, якіх па праву можна назваць легендай не толькі палескага краю, але і ўсёй Беларусі.

У дзевяностыя гады, калі ўсё ішло на злом, ён змог не толькі зберагчы вялікую гаспадарку, але і павялічыць вытворчасць прадукцыі. І зараз з года ў год СВК «Фядорскі» няспынна нарошчвае магутнасці.

Больш як трыццаць гадоў тут дзейнічае комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы. Аднаўляюцца жывёлагадоўчыя фермы ў далучаных да «Фядорскага» суседніх заняпалых гаспадарках.

Адметная рыса характару Рыгора Аляксеевіча, што ён не на словах, а на справе вучыць, як трэба дзейнічаць, каб мець поспех.

Юбіляру хочацца пажадаць і надалей здароўя, сямейнага шчасця, дабрабыту, Боскага бласлаўлення.

Надзея Іванаўна КАВАЛЕЦ, Герой Сацыялістычнай Працы, настаўніца Рыгора Дзямко:

— У нашай палескай вёсцы Вялікае Маляшава большасць сем’яў шматдзетныя. Усе дзесяць дзяцей вялікай сялянскай сям’і Дзямко былі маімі вучнямі. Рыгор Дзямко, як і браты яго, вучыўся старанна. На маіх уроках рускай мовы і літаратуры адказы Рыгора заўжды былі грунтоўнымі. Хлопчык любіў чытаць кнігі, цікавіўся грамадскім жыццём, быў адным з лепшых вучняў і ў той жа час не цураўся пасвіць кароў. Лоўка плёў лапці, у якіх яшчэ хадзілі нашы вяскоўцы.

У старэйшых класах Рыгор паставіў мэту паступіць вучыцца на агранома і здзейсніў яе. Заўсёды падтрымлівае сувязь з нашай школай, прыязджае на сустрэчы з настаўнікамі, навучэнцамі. Мы ганарымся, што Рыгор Аляксеевіч рэалізаваў сябе не толькі як выдатны аграном, але і кіраўнік самай буйной у раёне гаспадаркі. З прыемнасцю сочым за творчай біяграфіяй вучня, які прадстаўляў Століншчыну ў Нацыянальным сходзе.

Няхай і надалей памнажаюцца яго працоўныя поспехі, мацуецца здароўе. Каб доўгім выдаўся яго жыццёвы век.

Анатоль МЕЯРОЎСКІ, галоўны навуковы супрацоўнік РУП «Інстытут меліярацыі» НАН Беларусі, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар:

— Колькі б ні даводзілася сустракацца з Рыгорам Дзямко, заўжды мы, навукоўцы, праходзілі ў яго чарговыя народныя «ўніверсітэты». Паказваючы і расказваючы пра ўсё лепшае, што ёсць у гаспадарцы, Рыгор Аляксеевіч ніколі не саромеецца не проста спытаць пра тое, што не ведае сам, але і патрабаваць вырашэння праблемных пытанняў, якія паскараюць рух наперад. Так было ў час знаёмства з СВК «Фядорскі» ўдзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі па праблемах Палесся мінулагоднім летам, калі вопытны гаспадарнік спытаў у акадэмікаў: калі дакладна будуць распрацаваны так патрэбныя тэхналогіі вытворчасці якасных кармоў з бабовых траў. Ад Рыгора Аляксеевіча даведаўся, што яго крэда — усё для зямлі, усё для людзей. 

Міхаіл ДРЫНЕЎСКІ, народны артыст Беларусі, прафесар, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча:

— Кажуць, што палешукі — гэта людзі са знакам якасці. Да такіх адносіцца і спадчынны хлебароб Рыгор Дзямко. Ад бога ў яго талент гаспадара зямлі. Ад бацькоў — сялянская мудрасць і інтэлігентнасць. Рыгор Аляксеевіч паспяхова кіруе вялікай гаспадаркай, дбае пра хлеб наш надзённы, але не забывае і пра душу селяніна. Нашаму вялікаму мастацкаму калектыву даводзілася выступаць на 60-годдзі Рыгора Аляксеевіча ў палескай вёсцы Фядоры. Як прыемна было адчуваць запатрабавальнасць у гледачоў.

Доўгага веку палескаму самародку Рыгору Дзямко і далейшых поспехаў у жыцці! За багатым сталом і песня весялей гучыць!

Міхаіл СКУЛАВЕЦ, доктар ветэрынарных навук, дырэктар Пінскага аграрна-тэхналагічнага каледжа:

— Наш каледж падтрымлівае сувязі з многімі гаспадаркамі Брэстчыны, дзе навучэнцы праходзяць вытворчую практыку. З прыемнасцю прымаюць практыкантаў у СВК «Фядорскі». Для будучых спецыялістаў важна засвоіць новыя тэхналогіі вытворчасці, замацаваць тэарэтычныя веды. Тут створаны спрыяльныя ўмовы для авалодвання азамі прафесіі.

З Рыгорам Аляксеевічам мы даўно знаёмыя. Калгас «17 верасня», дзе я працаваў, межаваў з гаспадаркай, якую ён узначальваў. Лепш справы вяліся на фермах калгаса, якім ён кіраваў, а ў нас больш шчодрай была хлебная ніва. Няхай поспех і надалей садзейнічае калектыву пад кіраўніцтвам Рыгора Аляксеевіча.

Іван ЦІТОЎ, ветэран меліярацыі:

— Як зерне самай высокай рэпрадукцыі можа даць высокі ўраджай, калі яно трапіла ва ўрадлівую глебу, так і Рыгор Дзямко  не толькі набыў здольнасць расці з года ў год, але і генерыраваць энергію лідара, вядучы за сабою ўвесь калектыў.

Важны жыццесцвярджальны стымул у яго працы — творчы патэнцыял.

Рыгор Дзямко гадзінамі можа вадзіць па гаспадарцы і з непадробленым захапленнем паказваць і расказваць пра збожжавыя і кукурузу, дзяліцца думкамі пра нарыхтоўку кармоў. З асаблівым уздымам паказвае рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў і з вялікай любоўю да жывёлы расказвае пра яе ўтрыманне.

Выпрацоўка і прыняцце рашэнняў — гэта паўсядзённая напружаная праца старшыні Рыгора Дзямко, якая прыносіць яму радасць стварэння.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter