Бранская і Магілёўская вобласці разам працуюць на эканоміку сваіх рэгіёнаў

Рыба плыве на ўсход

Бранская і Магілёўская вобласці разам працуюць на эканоміку сваіх рэгіёнаў


З добрымі навінамі вярнулася дадому з Бранска дэлегацыя Магілёўскай вобласці на чале са старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Даманеўскім. Партнёры ў чарговы раз на справе пацвердзілі: прамыя сувязі рухаюць эканоміку рэгіёнаў. Дамовіліся аб рэалізацыі канкрэтных праектаў, якія абодвум бакам змогуць прынесці адчувальную карысць.

Паводле слоў старшыні камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Руслана Страхара, у Бранску не так даўно існавала невялікае прадпрыемства “Бранскліфт”, якое займалася абслугоўваннем ліфтаў. Цяпер на яго базе створана СП “Бранскліфтмаш” — партнёрам выступіла ААТ “Магілёўліфтмаш”. І да гэтага моманту пастаўкі магілёўскіх ліфтаў у Бранскую воб­ласць ішлі. Але разрознена, эфект быў мінімальны. Цяпер сітуацыя зменіцца ў корані. У Бранску не толькі з’явіліся новыя працоўныя месцы, але і замена ліфтаў стане менш затратнай і больш выгаднай для муніцыпальнага бюджэту. Усё тлума­чыцца проста. Калі раней нейкі прыватнік прывозіў ліфт і збіраўся яго ўстанаўліваць, то выкідваў усё старое ліфтавае абсталяванне. Гэта было яму выгадна: мог атрымаць больш грошай. Цяпер жа старыя механізмы здымаюцца. Непрыдатныя для далейшай эксплуатацыі ідуць ва ўтыль, а тыя, што яшчэ ў парадку, адкладваюцца ў абменны фонд запчастак. На той выпадак, калі раптам тэрмінова спатрэбіцца нешта адрамантаваць. Ёсць яшчэ адзін немалаважны момант. Кожная шахта ліфта мае свой заводскі нумар. На “Магілёўліфтмашы” па архіве можна ўстанавіць, якія канкрэтна камплектуючыя сюды падыдуць. Значна эканоміцца час на рамонт і замену ліфта — не трэба гадаць, падбіраючы дэталі. За кошт такой вось дакладнай арганізацыі работы замена ліфтаў становіцца больш эканамічнай. Пры існуючым бюджэце можна замяніць пад’ёмнікаў у разы больш, чым планавалася першапачаткова. На сённяшні дзень толькі ў Бранску экстраннай замены патрабуюць каля 300 ліфтаў. Магіляўчане дамовіліся са сваімі расійскімі калегамі: у бліжэйшы час будзе распрацавана праграма замены. Балазе досвед ёсць. У свой час такім жа чынам мяняліся ліфты, якія адслужылі свой тэрмін, у Туле. Сёння ў горадзе збройнікаў праблема вырашана.

Вялікі шлейф тэхнікі патрэбны вяскоўцам Браншчыны. У прыватнасці такой, якую выпускае ААТ “Бабруйскаграмаш”: касілкі, прэс-падборшчыкі і г.д. Вазіць усё гэта з Беларусі накладна. Таму было прынята рашэнне: выпускаць на плошчах прадпрыемства “Брансксельмаш” — гэта СП з беларускім “Гомсельмашам”.

Для пачатку будзе вылучаны ўчастак для зборкі тэхнікі. Потым плануецца стварыць і сумеснае прадпрыемства. Штосьці з камплектуючых будзе выпускацца на месцы. Аб узроўні лакалізацыі пакуль гаварыць складана — партнёры толькі ў пачатку шляху. Вядома адно: першая машына павінна пакінуць тэрыторыю прадпрыемства ўжо гэтай восенню.

Зацікаўленыя ў Бранскай вобласці і ў развядзенні рыбы. Для пачатку вырашылі закупіць 300 тон малькоў фарэлі — у Горках. Гэта пробная партыя. Але праект можа атрымаць вельмі сур’ёзнае развіццё. Расіяне ведаюць — на Магілёўшчыне даволі шмат фарэлевых гаспадарак. Таму папрасілі прадаставіць ім праектна-каштарысную дакументацыю на вытворчы комплекс па дарошчванні фарэлі. І калі ўсё задаволіць, папросяць беларусаў узвесці такі ж комплекс на Браншчыне. Плануецца таксама, што магілёўскія спецыялісты прымуць удзел у рэалізацыі шэрага будаўнічых праграм у Бранскай вобласці: будуць будаваць дамы і дарогі.

Павел Мінчанка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter