Да 100-годдзя вяртання Якуба Коласа на радзіму

Рвецца сэрца к родным гоням…

Якуб Колас. 1921 г.
У пачатку восенi 1915 года Якуб Колас разам з сям’ёю эвакуiруецца ў Маскоўскую губернiю. У разгары Першая сусветная вайна. Паэт прызываецца на вайсковую службу, атрымлiвае прызначэнне ў 55-ы запасны пяхотны батальён у Маскве i ў хуткiм часе накiроўваецца ў Аляксандраўскае ваеннае вучылiшча. «А праз чатыры месяцы, — пiсаў Якуб Колас, — выпусцiлi раба Божага, прапаршчыкам. У новенькiм шынялi, з рамянямi. I чамадан далi. Служыў ён мне аж да той пары, пакуль не ўкралi з «Сымонам-музыкам». Новае прызначэнне — горад Перм, далёка ад роднай зямлi. У вершы «На чужыне» Якуб Колас пiсаў:

Рвалась сэрца к родным гоням
Птушкай лёгкакрылай,
К светлым рэчкам, цiхiм тоням
Белай Русi мiлай. 

У Перм пераязджае сям’я паэта — жонка Марыя Дзмiтрыеўна i сын Данiла. Менавiта ў Пярмi ў пiсьменнiка нарадзiўся яшчэ адзiн сын — Юрый. У лiпенi 1917 года Якуб Колас прызначаецца начальнiкам эшалона, якi накiроўваецца на румынскi фронт. Жонка паэта разам з сынамi пераязджае ў горад Абаянь Курскай губернi да мацi Марыi Цiмафееўны, якую вайна прымусiла эвакуiравацца з Вiльнi. 

З цяжкiмi думамi пакiдае паэт сваю сям’ю. Прыгадаем радкi Якуба Коласа з верша «Думкi салдата»:

Разлучыўся салдат з сваёй 
роднай сям’ёй,
Развiтаўся ён з домам сваiм…
Замiрала душа, млела сэрца яго.
Засцiлалiся вочы слязьмi…
Кiнуў жонку адну i дзяцей 
...на каго?
Хоць ты з жалю разбiся вазьмi.

Чужая зямля, невядомыя далi, «дзе сышлiся народы для вырашэння сваёй злой волi», абуджаюць пачуццё свайго горкага лёсу: «Як нiдзе, як нiколi, чуеш тут, што ты — лёганькi пыл, маленькая пушынка ў калавароце вiхроў. I пакорна складаеш свае «вольныя» крыллi, увесь аддаючыся ў абладу неадваротнай долi». Так пiсаў Якуб Колас у нарысе «З румынскага фронту». У самую цяжкую часiну думкi аб родным краi не пакiдаюць паэта. А што будзе з нашай зямлёй, з нашымi палямi, з працоўным людам? На гэтыя пытаннi Якуб Колас адказвае ў вершы «Поле»:

Сiратою глядзiць поле,
Сумна ўдаль бягуць шнуры.
Хто ж адкажа, што за доля
I дзе iх гаспадары?
I трывожна шэпчуць гонi,
На пытанне шэпчуць мне:
«Цi пабiты, цi ў палоне,
Цi скалечаны ў вайне».

У сувязi з цяжкай хваробай Якуб Колас пакiдае Румынiю i едзе да сям’i ў Абаянь, на Куршчыну. Працуе настаўнiкам у навакольных вёсках, школьным iнспектарам. Але балiць душа ад разлукi з родным краем. У лiсце да Янкi Купалы паэт пiсаў:

«Братец мой милый! Случалось тебе когда-нибудь застрять где-нибудь на железнодорожной станции, ждать поезда? Вот в таком положении чувствую я себя теперь… Болит моя душа по Белоруссии. Чувствуешь ли, братец, как тяжко жить на чужбине? Мне часто приходит на ум наш тихий, сумрачный, но мягкий сердцем и доброй душою белорус. Начиная с Нового года, я потерял все связи с родным краем, живу воспоминаниями о прошлом, мечтами об утерянном...» 

Мары i ўспамiны паэта аб родным краi знайшлi сваё адлюстраванне ў паэме «Новая зямля». У раздзеле «Зiма ў Парэччы», якi быў напiсаны на Куршчыне, ёсць наступныя вельмi кранальныя радкi:

Далёка я ад межаў родных
Сярод людзей, душой халодных
I сэрцам чэрствых. Я гадаю,
Я родны край успамiнаю,
Я ў iм жыву, я ў iм душою
I сэрцам кожнаю парою…

Доўгiя шэсць гадоў народны паэт Беларусi Якуб Колас быў разлучаны з роднай зямлёю. Кожны год ён марыў атрымаць дазвол вярнуцца на Радзiму, нават пiсаў сам сабе навагоднiя пажаданнi: 

А я хацеў, каб год мой новы
Вярнуў мяне ў мой родны кут,
На Нёман светлы, ў лес хваёвы,
У тыя вёскi, дзе наш люд.

У лютым 1921 года Наркамасветы Беларускай ССР накiроўвае Народнаму камiсару асветы ­РСФСР А. В. Луначарскаму тэлеграму з просьбай «телеграфно предписать Обоянскому Курской губернии уотнаробразу немедленно откомандировать в распоряжение Наркомпроса Белоруссии школьного инструктора Константина Мицкевича, псевдоним Якуб Колас, одного из лучших белорусских писателей. Все просьбы до сих пор безрезультатны. Белорусская республика вправе желать, чтоб ее поэты вернулись к ней и могли посвятить себя своему призванию». 
I толькi праз тры месяцы 15 мая 1921 года паэт з сям’ёй прыязджае ў Мiнск.
Газета «Савецкая Беларусь» (газета пад гэтай назвай выходзiла на беларускай мове у 1920—1933 гг. — Заўв. рэд.) не магла абыйсцi ўвагай доўгачаканае вяртанне Якуба Коласа на радзiму: «У ня­дзелю вярнуўся ў Мiнск пасля доўгай адсутнасцi беларускi паэт Якуб Колас. Вымушаны пакiнуць сваю радзiму пад уцiскам цяжкiх умоў, звязаных з ваенным лiхалеццем, абрушаным на Беларусь, Якуб Колас вярнуўся ўжо ў Вольную Айчыну, аб якой ён пяяў у сваiх вершах i змагаўся доўгiя часы. Пажадаем яму сiлаў i энергii для далейшай плённай працы…» 

Родная зямля i сапраўды дала паэту сiлы, была крынiцай яго натхнення, давала жаданне працаваць на карысць сваёй Бацькаўшчыны. 

Васiлiна МIЦКЕВIЧ, галоўны захавальнiк фондаў Дзяржаўнага лiтаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter