Ружы для «караля Лiра»

Неверагодна эмацыянальны, задушэўны i яркi капуснiк арганiзавалi акцёры i ўвесь калектыў Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатра iмя Якуба Коласа ў гонар 70-гадовага юбiлею свайго любiмага сябра i калегi — народнага артыста Беларусi Леанiда Трушко

Неверагодна эмацыянальны, задушэўны i яркi капуснiк арганiзавалi акцёры i ўвесь калектыў Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатра iмя Якуба Коласа ў гонар 70-гадовага юбiлею свайго любiмага сябра i калегi — народнага артыста Беларусi Леанiда Трушко. 

На вялiкi жаль, па стане здароўя Леанiд Iгнатавiч ужо не можа ўдзельнiчаць на поўную моц у тэатральным жыццi. Аднак пры магчы­масцi ён бывае ў тэатры, дзе ўсе для яго родныя i блiзкiя. А з нагоды юбiлею сапраўдны «дэсант» калег з’явiўся на кватэру знака­мiтага артыста. I гэта стала лепшым лякарствам для Леанiда Iгнатавiча, якi сыграў на Коласаўскай сцэне каля сотнi самых яркiх вобразаў. Гэта i славуты шэкспi­раўскi кароль Лiр, i пацешны Ляпкiн-Цяпкiн з гогалеўскага «Рэвiзора», i Сырадоеў з «Трыбунала» Андрэя Макаёнка, i Мiкiта з «Улады цемры» Талстога… 

Вядомы драматург старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў у шчырым вiнша­ваннi прызнаецца:  «Ты мой га­лоўнейшы радавы i маршал майго сэрца!» Вобраз Дзерваеда ў п’есе «Радавыя» самы лепшы ў выка­наннi Леанiда Трушко. Спектакль iшоў на сцэнах усяго былога СССР, аднак гэты вобраз нiхто не ўвасобiў лепш за нашага юбiляра. 

Сяброў у вiцебскага «караля Лiра» незлiчонае мноства. Але самыя блiзкiя (не ў крыўду iншым i нават Аляксею Дудараву) — коласаўцы. Вось i на кватэру ветэрана з букетам шыкоўных руж, торбачкай смажанага арахiсу, якiя любiць «кароль Лiр», iн­шымi пада­рункамi з’явiлiся народная артыстка краiны i сенатар Святлана Акружная, мастацкi кiраўнiк тэатра iмя Якуба Коласа Вiталiй Баркоўскi, заслужаная артыстка Беларусi Таццяна Лiхачо­ва, загадчыца лiтаратурнай часткi драмтэатра Святлана Дашкевiч… 

Аб чым гаварылi i чаго жадалi?.. Часта на не­басхiле юбiлею свяцiлася лiчба 100. Столькi цудоўных роляў у творчай скарбонцы народнага артыста Леанiда Трушко. Ад драматурга Аляксея Дударава  «маршалу» сцэны ўручана прэмiя. Юбiляру ўсе жадалi моцнага здароўя i доўгiх гадоў жыцця! 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter