Ружаны:скарбы старыя i новыя

Удалечынi ад чыгуначнай магiстралi жыццё тут быццам запаволiла свой бег. Але Ружаны, што на Брэстчыне, вельмi знакамiтыя ў мiнулыя стагоддзi, не апынулiся на абочыне сучаснасцi. Яны, сапраўды, у пэўным сэнсе абдзелены той увагай, якую маюць вялiкiя гарады. Але пры гаспадарлiвым падыходе i фiнансавай падтрымцы ружанскi архiтэктурны скарб можа вярнуць мястэчку яго былую славу, прывабiць турыстаў не менш, чым прыцягваюць iх Мiр i Нясвiж.

Дарога ў старажытнасць
Чыгунка пралегла больш як за 50 кiламетраў ад Ружанаў, таму дабiрацца ў мястэчка, калi няма ўласнага аўтамабiля, з цэнтральнай i ўсходняй частак Беларусi прыйдзецца з перасадкамi праз Iвацэвiчы (каля 40 кiламетраў да гарпасёлка), Аранчыцы (чыгуначная станцыя ля Пружанаў за 60 кiламетраў), Слонiм (37 кiламетраў), Ваўкавыск (50 кiламетраў). Напрыклад, жыхару Мiнска, якi збярэцца з’ездзiць у Ружаны на аўтобусе, па чыгунцы, трэба разлiчваць, што толькi дарога зойме туды i назад не менш чым 8 гадзiн i абыдзецца як мiнiмум у 20 тысяч рублёў. У гарпасёлку ёсць гасцiнiца i турбаза, дзе адначасова могуць размясцiцца да 70 чалавек. Аднак улетку яны, як правiла, не пустуюць. Таму, не выключана, на начоўку прыйдзецца адправiцца ў адзiн з блiжэйшых райцэнтраў.
Уладальнiкi ўласных аўто, калi паспяшаюцца, за адзiн дзень акрамя Ружанаў могуць пабываць i ў iншых слаўных мясцiнах заходняй Беларусi, напрыклад, у Косаве i Жыровiчах, размешчаных непадалёк. Аматары гiсторыi новага часу могуць завiтаць у Вiскулi, дзе быў канчаткова вырашаны лёс Савецкага Саюза.
Менавiта такое аддаленае размяшчэнне ад вялiкiх гарадоў, па адной з гiстарычных версiй, i дало назву Ружанам (ад “рог”, “раздарожжа”). Згодна з iншым паданнем, больш рамантычным i вельмi падобным на гiсторыю многiх iншых населеных пунктаў, назву мястэчку яго ўладар даў у гонар сваiх любых дачок Ружы i Ганны.
Па трэцяй версii, якой прытрымлiваецца большасць гiсторыкаў, назву мястэчку дала ружа — кветка, якая асаблiва шануецца хрысцiянамi i знайшла адлюстраванне ў гербе Ружанаў. Свой герб мястэчка атрымала ў 1637 годзе. На iм адлюстраваны святы Казiмiр, абкружаны вянком з ружаў.
Што паглядзець?
Пад аховай святога Казiмiра ды дзякуючы клопатам уладальнiкаў i простых жыхароў мястэчка ў Ружанах з’явiлiся адметныя архiтэктурныя помнiкi, якiя шмат разоў траплялi ў полымя ваенных падзей, але Божаю ласкаю вытрывалi i працягваюць здзiўляць нават самых дасведчаных турыстаў.
Ружанская царква Пятра i Паўла i размешчаны побач кляштар базыльян выраслi ў Ружанах яшчэ ў ХVIII стагоддзi па фундацыi аднаго з прадстаўнiкоў слаўнага роду Сапегаў. Вялiкi канцлер ВКЛ Леў Сапега, а потым i яго нашчадкi на працягу некалькiх стагоддзяў уладарылi ў мястэчку i пакiнулi тут адметны след. Гэта царква была пабудавана на месцы унiяцкага храма, якi быў закладзены ў другой палове ХVI стагоддзя.
Крыжы праваслаўнай царквы пазiраюць на высокую вежу Ружанскага Троiцкага касцёла. Цагляны будынак быў закладзены ў пачатку ХVII стагоддзя па фундацыi Льва Сапегi на месцы больш старажытнага драўлянага храма.
Крыху воддаль, у трох-пяцi хвiлiнах хады, на ўзвышшы стаiць, напэўна, самы знакамiты “брэнд” Ружанаў — палацавы комплекс, якi з ХVII стагоддзя быў адной з галоўных рэзiдэнцый Сапегаў. Гэты архiтэктурны помнiк перажыў шмат войнаў, яго неаднаразова перабудоўвалi, дабудоўвалi. Але i сёння ён уражвае сваёй велiчнасцю. Увесь комплекс утварае амаль што замкнёную акружнасць. На ўваходзе кожнага сустракае вялiкая брама з фамiльным гербам Сапегаў. Ад высокага будынка насупраць разыходзяцца аркады. У свой час палацавы комплекс быў сапраўднай культурнай меккай. На яго тэрыторыi дзейнiчаў тэатр, пры якiм былi створаны музычна-оперная школа, капэла. У комплексе быў, у прыватнасцi, i манеж, дзе трымалi коней. Рэзiдэнцыя славiлася сваёй мастацкай галерэяй i шматтомнай бiблiятэкай.
Яшчэ адзiн сiмвал Ружанаў — дрэвы глогу (па-руску — боярышника), якiя сваiмi цёмна-ружовымi кветкамi ўпрыгожваюць цэнтр Ружанаў. Гэтыя раслiны запаўняюць амаль што ўсю прастору мiж старажытнымi царквой  i касцёлам. Такое рэдкае для Беларусi ўпрыгожанне падарыў мястэчку Уладзiмiр Рэкуць, вялiкi аматар прыроды. Дзякуючы яго намаганням у Ружанах дзейнiчае i школьны дэндрарый. Уладзiмiр Iванавiч нядаўна пайшоў з жыцця. Але памяць пра яго будзе жыць: мясцовыя ўлады плануюць назваць яго iмем адну з вулiц гарпасёлка.
Скарб Сапегаў
З рэзiдэнцыяй Сапегаў звязана шмат легенд. Мясцовыя жыхары, напрыклад, сцвярджаюць, што па падземным ходзе з Ружанскага палаца ў свой час можна было дабрацца да Косаўскага палаца, размешчанага прыкладна за 20 кiламетраў. Ды гавораць, што не толькi ў поўны рост, але i на конях можна было б дабрацца.
“Iдзеш, iдзеш са свечкай, столь высокая-высокая, а дарога ўсё не сканчаецца”, — расказала пра свае вандроўкi ў дзяцiнстве пажылая мясцовая жыхарка. Праверыць гэта цяпер амаль што немагчыма: дзесьцi столь пад цяжарам стагоддзяў абвалiлася, уваход у падземныя лазы засыпалi i наўмысна закiдалi зямлёй, каб дзецi не лазiлi. Але выступаючыя на паверхнi некалькi ярусаў зводаў пераконваюць, што падвалы ў палацы i сапраўды вельмi высокiя.
Калiсьцi ўладары палаца, як сцвярджае яшчэ адна легенда, схавалi ў iм вельмi каштоўны скарб. Аднак у 70-я гады мiнулага стагоддзя неяк позна ўвечары пад’ехала чорная “Волга” з лiтоўскiмi нумарамi, расказаў былы ваенны Вiктар Казлоўскi, якi жыве побач i даглядае палац. Прыезджыя выбiлi некалькi цаглiн i выцягнулi гэты скарб. “Справiлiся хутка, значыць, дакладна ведалi, дзе i што шукаць”, — сказаў ён i ў доказ праўдзiвасцi гэтай гiсторыi паказаў вялiкую нiшу ў сценцы брамы, дзе быццам бы i знаходзiўся той самы скарб.
Дрэва жыцця
У мiнулыя стагоддзi Ружаны славiлiся сваiмi тканiнамi, дыванамi, керамiкай. Але войны, разбурэннi ды канкурэнты з суседнiх рэгiёнаў прывялi гэтыя вытворчасцi да заняпаду.
Сёння галоўнае прадпрыемства гарпасёлка — мясцовая мэблевая фабрыка. За апошнiя некалькi гадоў на ёй правялi мадэрнiзацыю, абнавiлi асартымент, стварылi новыя працоўныя месцы. З 3,2 тысячы ружанцаў больш за 420 працуе на фабрыцы, а гэта значыць, што кожная сям’я непасрэдна цi ўскосна звязана з ёю. Калектыў малады, амаль што кожнаму другому няма i 30 гадоў, таму для развiцця прадпрыемства хапае i планаў, i сiл.
За мiнулы год на тэрыторыi Ружанскага пасялковага Савета ўтварылася 28 новых сем’яў, нарадзiлася 37 дзяцей. Багаты на вяселлi i год бягучы.
У Ружаны нядаўна прыйшоў прыродны газ, i гэта стане стымулам для развiцця мястэчка. “Блакiтнае палiва” ўжо атрымалi жыхары амаль 120 кватэр. I гэта, як гаворыць старшыня мясцовага пассавета Уладзiмiр Раўнейка, толькi пачатак.
Да 2010 года, як плануецца, на базе Ружанаў будзе створаны аграгарадок. А гэта значыць, што гарпасёлак атрымае дапамогу, абнавiцца.
Разам з новабудоўлямi не забудуць i пра свой старажытны скарб. Ружанцы мараць у перспектыве на базе палацавага комплексу адкрыць гасцiнiцу i музей, узмацнiць старыя сцены. З кожным годам усё больш i больш гасцей наведвае рэзiдэнцыю Сапегаў. Калi б з’явiўся дадатковы сервiс, то выйгралi б i турысты, i мясцовыя жыхары, якiя атрымалi б дадатковыя працоўныя месцы.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter