Ружакветкі Батанічнага,або Калі дрэвы былі малымі

Выставу кветак прапанаваў узнавіць у Мінску Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на міжнароднай канферэнцыі “Праблемы ўтрымання зялёных насаджэнняў у гарадскіх умовах”, якая адбылася ў сталіцы. І вось супадзенне: некалькі дзён таму супрацоўнік Нацыянальнага архіва Беларусі Анатоль ВЯЛІКІ паказаў мне вельмі цікавы дакумент, які непасрэдна тычыцца кветак Батанічнага саду. Сёння сталіца Беларусі вядома прыгажосцю свайго квяцістага ўбрання, але зараз для яго стварэння выкарыстоўваецца шмат замежнай прадукцыі.

 Чаму так? Кліматычныя ўмовы заходнееўрапейскіх краін больш спрыяльныя для вырошчвання кветак, таму там затраты на адзінку прадукцыі ніжэйшыя, і яна больш танная. Між тым, сцвярджае вучоны сакратар Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі Міхаіл МОТАЛЬ, магчымасці нашай навукі не меншыя, чым у заходніх калег, але  сучасныя эканамічныя абставіны вымушаюць рухацца ў іншых напрамках. “Народнай гаспадарцы патрэбны лекавыя, вострадухмяныя, нетрадыцыйныя пладова-ягадныя і іншыя ўстойлівыя да хвароб і шкоднікаў расліны. Гэта праца цяпер не менш важная, чым вывядзенне новых сартоў кветак. Дарэчы, батанічны сад толькі ў гэтым годзе вывеў 9 сартоў. Гэта прымулы, лілеі, цюльпаны, будлея і іншыя. Апроч таго, выведзены тры новыя сарты лекавых раслін”, — расказаў Міхаіл Моталь. Між тым, дакумент Нацыянальнага архіва з фондаў Саўміна Беларусі сцвярджае, што ў 50-я гады  мінулага стагоддзя Батанічны сад выконваў функцыю асноўнага заканадаўцы моды ў свеце кветак сталіцы! Давайце разам адкруцім кола часу на пяцьдзесят гадоў назад  з сямідзесяці пяці юбілейных для Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі.

Але перш некалькі цікавых фактаў з жыцця юбіляра. У пачатку 30-х гадоў на месцы будучага батанічнага саду планавалі пабудаваць... Усебеларускі стадыён. Аднак пазней, дзякуй Богу, гэты намер не спраўдзіўся. Цэнтральны батанічны сад АН БССР быў арганізаваны ў 1932 годзе па рашэнні Савета Народных Камісараў БССР у паўночна-заходняй частцы Мінска. Плошча, якую адвялі пад сад, уяўляла сабой высечку. Пры ўваходзе ў сад, а таксама ў парку Чэлюскінцаў захоўваюцца асобныя экземпляры дрэў тых часоў. Па словах Міхаіла Моталя, большасць самых старых дрэў у садзе — равеснікі Батанічнага, на жаль, няма тут ні шматвяковых дубоў, ні сосен. Затое на алеях можна ўбачыць інтрадуцэнты,  якія змянілі абарыгенныя беларускія пароды.
У дакументах, што паказаў мне Міхаіл Міхайлавіч, я заўважыла даволі характэрную дэталь. Напэўна, усе наведвальнікі звярталі ўвагу на высокую сцяну, якая аддзяляе Батанічны сад ад парка Чэлюскінцаў. Аказалася, першапачаткова яе не было! У 1932 годзе было прынята рашэнне паставіць агароджу, бо яе адсутнасць “приводит к тому, что питомник Ботанического сада и дендрологические посадки, обсаженные аллеи ломаются и уничтожаются гуляющей публикой”.  Як бачым, з самага пачатку асноўная функцыя саду была зусім не ў дэманстрацыі рэдкіх відаў раслін наведвальнікам.  Галоўнае — інтрадукцыя, акліматызацыя новых відаў раслін і далейшая адаптацыя іх да нашых умоў, а потым і выкарыстанне ў сельскай гаспадарцы і азеляненні. Напачатку насенне і пасадачны матэрыял навуковыя супрацоўнікі саду збіралі шляхам экспедыцыйных выездаў у старыя сады, паркі, на лясныя дачы краіны. Пазней новыя віды таксама пачалі выпісваць з батанічных садоў СССР і замежных краін.
Паводле “Краткой характеристики деятельности Центрального ботанического сада Академии наук БССР...” (прыкладна канец 50-х гадоў), якая захоўваецца ў Нацыянальным архіве, мінскі сад адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў раней за маскоўскі! У 1956 годзе наш Батанічны сад пачаў прымаць экскурсантаў, Галоўны ж батанічны сад ў Маскве быў адчынены для паказу ў 1959 годзе. Пры гэтым не будзем забываць пра тое, што ў гады акупацыі ў Цэнтральным батанічным садзе АН БССР загінулі шматлікія рэдкія драўняныя і травяністыя расліны. Быў дашчэнту знішчаны ўчастак кветкава-дэкаратыўных раслін, узараны участак сістэматыкі са шматгадовымі раслінамі. Адсутнасць своечасовага нагляду за маладымі дрэвамі стала прычынай іх гібелі. З 1318 відаў дрэў і хмызнякоў, якімі сад мог ганарыцца ў 1941 годзе, да 1946 года захавалася толькі каля 200.  Кветак і дэкаратыўных раслін засталося толькі 34 віды і сарты. Тым не менш праз некалькі дзесяцігоддзяў сітуацыя карэнным чынам змянілася.
Вучоныя І.В.Смольскі і А.С.Мярло значна пашырылі асартымент кветкава-дэкаратыўных раслін для азелянення Мінска і іншых населеных пунктаў краіны. Паводле архіўнага дакумента, “большая работа ... проведена по улучшению и обогащению ассортимента роз в зеленом строительстве г. Минска, который до последнего времени был очень беден и включал в себя набор небольшого количества (8—10) сортов малоценных ремонтантных роз”. За чатыры гады напружанай навукова-даследчай працы па інтрадукцыі 300—400 сартоў руж з розных раёнаў СССР і замежных краін было вылучана і рэкамендавана шмат перспектыўных сартоў. Сумесна з трэстам зялёнага будаўніцтва г. Мінска ў 1959 годзе былі створаны плантацыі руж перспектыўных сартоў, вылучаных Цэнтральным батанічным садам.  34 сарты чайнагібрыдных руж, 87 сартоў рэмантантных, 15 — паліянтавых, 10 — гібрыдна-паліянтавых...І гэта толькі ружы! Акрамя іх у Батанічным садзе інтрадукцыя “осуществлялась большим количеством (более 1000) сортов тюльпанов, гладиолусов, георгин, флоксов, ирисов и других летников и многолетников”. Значная колькасць гэтых сартоў кветак выкарыстоўвалася ў зялёным будаўніцтве населеных пунктаў Беларусі, вучоныя Батанічнага саду аказвалі таксама арганізацыйную і кансультацыйную дапамогу. Акрамя інтрадукцыі новых сартоў Батанічны сад у тыя гады ажыццяўляў размнажэнне і перадачу вытворчым арганізацыям насення і пасадачнага матэрыялу найбольш каштоўных старых сартоў.
Роля Цэнтральнага батанічнага саду ў развіцці зялёнага будаўніцтва беларускіх гарадоў і сёння не змяншаецца, яго спецыялісты ўпрыгожвалі старажытны Нясвіж, Полацк, Слуцк і многія аб’екты на беразе Нарачы... “Набраны калісьці ў 50-х гадах рытм не толькі не страчаны, але з улікам новых патрабаванняў да айчыннай навукі ўзмоцнены”, — упэўнены вучоны сакратар Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі.  Сёння, па словах Міхаіла Моталя, штогод каля 150 новых відаў інтрадукаваных раслін папаўняюць калекцыю Батанічнага саду, зараз яна налічвае каля 10 тысяч відаў і абвешчана нацыянальным здабыткам Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter