Фінал нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага “Еўрабачання” сёлета выдаўся, па прызнанні членаў журы, адным з самых гарачых за апошнія некалькі гадоў

Руслан Асланаў — наш чалавек у Сафіі

Cем сольных выканаўцаў, адзін дуэт і дзве групы — фінал нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага “Еўрабачання” сёлета выдаўся, па прызнанні членаў журы, адным з самых гарачых за апошнія некалькі гадоў


Зрэшты, у сваіх перавагах прафесійныя суддзі ад музыкі і тэлегледачы былі ўсё ж аднадушныя: у лістападзе ў сталіцу Балгарыі Сафію адправіцца 13-гадовы Руслан Асланаў. З песняй “Чараўніцтва” юны артыст пазмагаецца за галоўны прыз міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Еўрабачанне-2015”.

На вялікай сцэне Руслан даўно не навічок. Упершыню прыняў удзел у еўраадборы ў 2013 годзе і адразу ж трапіў у фінальную дзясятку. Другая спроба аказалася не толькі ўдалай, але і пераможнай — па выніках галасавання песня “Чараўніцтва” набрала найбольшую колькасць балаў. Дарэчы, будучая паездка на дзіцячае “Еўрабачанне” — далёка не адзіны поспех нашага суайчынніка. Многія тэлегледачы напэўна памятаюць Асланава па ўдзеле ў дзіцячай “Новай хвалі”, дзе ў 2014 годзе ён заняў трэцяе месца, і па фінале другога сезона ўкраінскай версіі тэлешоу “Голас. Дзеці”, дзе яго настаўнікам была Ціна Караль. Сам артыст прызнаўся, што ўсе перамогі лічыць для сябе значнымі:

— Я не дзялю выступленні на важныя і не вельмі. Да кожнага рыхтуюся, як да апошняга. Перад выступленнем заўсёды мысленна размаўляю з вельмі блізкім мне чалавекам, якога, на жаль, сёння няма побач, але я дакладна ведаю, што ён мне дапамагае. Сваю песню я прысвячаю ўсім, хто перастаў верыць у чараўніцтва.

Сярод артыстаў, з якімі Руслан хацеў бы праспяваць дуэтам, — прадстаўнік Беларусі на дарослым “Еўрабачанні-2014” Юрый Вашчук, больш вядомы шырокай публіцы як спявак Тэа. “Я яшчэ спытаў бы ў яго, ці сапраўды ён так добра гатуе чызкейк, як і спявае пра яго”, — не хавае сваёй прафесійнай сімпатыі да папулярнага артыста юны выканавец. Дарэчы, адным з першых параду будучаму заваёўніку “Еўрабачання” даў вядомы дрэсіроўшчык Эдгард Запашны. Народны артыст Расіі спецыяльна прыехаў у студыю Белтэлерадыёкампаніі падтрымаць юных артыстаў падчас генеральнай рэпетыцыі. Запашны пагутарыў з хлопцамі і дзяўчатамі, даў ім устаноўку не баяцца, адчуваць сябе ўпэўнена і быць гатовымі як да перамогі, так і да паражэння: “Але галоўнае — заўсёды выходзьце на сцэну як пераможцы”.


Дарэчы


Беларусь удзельнічае ў Міжнародным дзіцячым конкурсе песні “Еўрабачанне” з моманту яго заснавання (2003 год). Першай беларускай удзельніцай музычнага форуму стала Вольга Сацюк. На рахунку нашай краіны дзве перамогі: у 2005 годзе конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй “Мы разам”, у 2007-м — Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй “З сябрамі”. Летась Надзея Місякова з песняй “Сокал” заняла сёмае месца.

Юліяна Леановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter