Рупліўцы вёскі КарэкаЎцы

У Карэкаўцах, што на Вiлейшчыне, усё перамянiлася, калi сюды, на бацькоўскую сядзiбу, прыехаў Пётр Саковiч з жонкай Валянцiнай. Адначасова i белых плям у гiсторыi вёскi стала меней.

Дзе нарадзiўся, там...
Карэкаўцы — вёска невялiкая, адна з тых, што яшчэ нядаўна адносiлi да разраду неперспектыўных. Адсюль, з гэтага аддаленага куточка Вiлейшчыны, i пайшоў у вялiкi свет малады хлопец Пётр Саковiч. Больш чым тры дзесяцiгоддзi яму давялося адпрацаваць на вялiкiх будоўлях былога Савецкага Саюза. Давялося шмат i пабачыць, каб зразумець, што... няма на свеце лепшага куточка, чым той, дзе мацi песцiла цябе ў дзяцiнстве, спяваючы сваю напеўную калыханку, дзе мiж вербалозаў збягала да тваiх ног рачулка.
Пётр Саковiч вярнуўся на сваю радзiму не адзiн, а з жонкай Валянцiнай. Вярнуўся на бацькаўшчыну. I з сумам зразумеў, што вёсачка яго дзяцiнства зусiм не тая, што была раней, што яго шчырыя, працавiтыя аднавяскоўцы — людзi скрозь пажылыя.
Добра, хлеб прывязе аўталаўка, фельчар таксама наведваецца ў вёску, а вось схiлiць галаву ў малiтве няма дзе. Царква далёка, не кожны стары да яе дабярэцца. Таму на ўскрайку вёскi Пётр i Валянцiна Саковiчы пабудавалi праваслаўную каплiцу — сваiмi сiламi i на ўласныя сродкi, але не для сябе. Тую невялiкую каплiчку наведваюць усе 27 вяскоўцаў. А з год таму на ўскрайку вёскi з’явiўся яшчэ i малады сад — зноў жа не ўласны сям’i Саковiчаў, а агульны, вясковы, хоць i куплялi дрэўцы, i прывозiлi iх, i садзiлi, i даглядаюць Валянцiна з Пятром. Прытым Пётр знайшоў сабе яшчэ адну справу. Непадалёк ад вёскi ён ачышчае крынiчку, плануе зрабiць зруб да яе, каб халоднай i чыстай вадой з яе маглi спатолiць смагу не толькi вяскоўцы, але i прыезджыя госцi.
— Навошта вы адзiн бераце на сябе так шмат работы? — перапытала я вясковага старасту.
I ён нiколькi не здзiвiўся майму пытанню, вiдаць, не ад мяне першай яго чуе. Таму i адказаў не задумваючыся:
— Каб было прыгожа.
Пэўна ж, каб было прыгожа не толькi навокал, але i ў сэрцах землякоў. Нядаўна Саковiчы арганiзавалi свята вёскi. На ўласным двары накрылi сталы i запрасiлi да iх усiх да аднаго вяскоўцаў. Усiм хапiла месца i пачастунку, не было толькi спiртнога. Вяскоўцы шчыра адгукнулiся на дзiвакаватую дабрыню гэтага чалавека, якi робiць дабро, не чакаючы пахвалы i ўзнагароды.
Вядомы невядомы зямляк
А нядаўна на ўскрайку Карэкаўцаў з’явiўся яшчэ адзiн памятны знак, дзякуючы якому жыхары з аддаленай вёскi зразумелi, што яны яшчэ i нашчадкi слаўнага роду i чалавека, якi нарадзiўся тут, а потым таленавiта ўслаўляў свой родны край.
Iмя рэвалюцыянера, фiлосафа i паэта Эдварда Жалiгоўскага не вядома шырокай грамадскасцi, бо свае творы, прысвечаныя роднаму краю, як i яго сучаснiкi, ён пiсаў па-польску i друкаваў пад псеўданiмам Антон Сава.
Юльян Жалiгоўскi з роду Жалiгоўскiх, якiя карысталiся гербам Бялiна i прызнавалiся як дваране Расiйскай iмперыi, з’явiўся на Вiлейшчыне пасля вайны 1812 года. Ажанiўся з дачкой пiнскага скарбнiка Марцiна Любанскага i хутка стаў адмiнiстратарам Вiлейскага казённага староства, якое здавалася ў арэнду расiйскiм саноўнiкам. Калi ж Вiлейскае староства падзялiлася на дзве воласцi, месца для сям’i адмiнiстратара староства знайшлося толькi ў Карэйкаўцах. Так тады называлi сучасную вёску Карэкаўцы. Тут нарадзiлiся яго дзецi: Соцер — у 1913 годзе, Мiкалай — праз год, затым Эдвард. У беларускiх, польскiх ды i замежных даведнiках датай яго нараджэння лiчыцца 20 лiпеня 1816 года. Але мясцовыя краязнаўцы высветлiлi, што Эдвард нарадзiўся ў фальварку Карэйкаўцы 21 лiстапада 1815 года.
Сваё дзяцiнства ён правёў на Вiлейшчыне, у пабудаваным бацькам побач з Карэйкаўцамi фальварку Мар’янполь, а ў 18 гадоў стаў студэнтам Дэрптскага унiверсiтэта. У 1838 годзе за ўдзел у рабоце тайнага студэнцкага таварыства трапiў за турэмныя краты, а потым быў аддадзены пад нагляд палiцыi ў Мар’янполi. З гэтага часу ён i пачаў пiсаць вершы пад псеўданiмам Антон Сава.
Вядомасць прыйшла да паэта пасля выхаду антыпрыгоннiцкай вершаванай драмы “Iардан”. Твор вытрымаў два выданнi, а потым быў забаронены. Другая частка “Iардана” так i не была надрукавана, а сам аўтар быў высланы з Вiльнi ў Петразаводск. Тут ён моцна захварэў, i праз два гады яго пераслалi ў Арэнбург, дзе Жалiгоўскi блiзка сышоўся з князем Сяргеем Трубяцкiм. Яшчэ праз паўгода Эдвард быў ужо ва Уфе, служыў у канцылярыi губернатара. У студзенi 1857 года яго вызвалiлi з-пад нагляду, i паэт зноў стаў займацца лiтаратурай. У Пецярбургу Жалiгоўскi блiзка сышоўся з Тарасам Шаўчэнкам i перакладае яго творы на польскую мову. У 1858 годзе Жалiгоўскi выдае паэтычны зборнiк “Паэзiя”, паэму “Манахi” i двухтомнiк нарысаў “Сёння i ўчора” — пра беларускi народ i яго культуру. У 1859 годзе ў Пецярбургу ён становiцца рэдактарам часопiса “Слова”, некалькi разоў наведвае Беларусь — Вiцебск, родныя мясцiны, сустракаецца з пiсьменнiцай Габрыеляй Пузына, аўтарам кнiг пра гiсторыю i тагачаснае жыццё Вiлейшчыны.
Жалiгоўскi доўга лячыўся за мяжой, жыў у Iталii, Швейцарыi i супрацоўнiчаў там з эмiгранцкiмi арганiзацыямi, выступаў у друку. Памёр ён у Жэневе ў 1864 годзе. Там i пахаваны.
Вiлейскiя аматары-краязнаўцы Анатоль Рогач, Аляксандр Зайцаў, архiтэктар Анатоль Капцюг разам з супрацоўнiкамi Вiлейскага гiсторыка-краязнаўчага музея зрабiлi шмат, каб вярнуць гiсторыi iмя славутага земляка. Iмем Эдварда Жалiгоўскага названа вулiца ў новым мiкрараёне Вiлейкi. Каб землякi маглi лепш ведаць творчасць паэта, вучанiца гiмназii № 2 Вiлейкi Бажэна Мацюк разам з настаўнiкам Вiктарам Кажура зараз займаецца перакладамi яго спадчыны на беларускую мову.
I нарэшце, яшчэ адна добрая навiна: днямi памятны знак з’явiўся i на радзiме паэта ў вёсцы Карэкаўцы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter