Контрольная закупка на трассе: мы проверили на чистоту первые лисички и чернику

Рулетка на абочыне

У сярэдзіне чэрвеня рэзка павялічылася колькасць несанкцыянаваных гандлёвых пунктаў уздоўж дарог. На стыхійных рынках не выдаюць чэкі і прапануюць рознае — ад гародніны з садовых участкаў да дароў лесу. Чаму гандляры працуюць на абочынах дарог, ці бяспечная для здароўя іх прадукцыя, за колькі яе прадаюць, даведвалася «Р».



Ажыўленыя трасы летам нярэдка паходзяць на гандлёвыя рады. Нават у будны дзень прадаўцоў тут нямала. Асартымент іх прадукцыі цалкам можа канкурыраваць з невялікай прадуктовай крамай. Акрамя саленняў, бульбы, зеляніны, мяса і сала, з’явіліся лясныя грыбы і ягады. 

Кожны дзень, купляючы прадукты ў афіцыйных месцах, мы глядзім іх на таварны выгляд, кошт. І вельмі рэдка задумваемся, ці бяспечныя яны з радыяцыйнага пункта гледжання. Яно і зразумела: усё, што там прадаецца, падлягае татальнай праверцы. Каля тысячы лабараторый штодня працуюць, каб на нашы прылаўкі не патрапілі забруджаныя прадукты. На стыхійных жа пунктах за якасць адказваюць толькі на словах. Дзеля эксперыменту едзем да прадаўцоў, якія наладзілі бізнес на дарозе. Выязджаем за межы Мінска па трасе М-6, натыкаемся на першага з іх. 

Чаго варта асцерагацца, давяраючы прадаўцам на абочыне? Як мінімум адсутнасці даведкі аб праверцы якасці прадукцыі.
— Грыбы на радыяцыю правя­ралі? — адразу пераходжу да справы.

— А навошта? Дзіцятка, бяры, яны добрыя. Я ўжо спрабаваў і жывы, здаровы, — нелегальны прадавец бярэ пакет і высыпае туды лісічкі.

Купляю адразу некалькі слоіч­каў грыбочкаў, але спакою не дае думка: «А раптам ён кажа няпраўду?» Заўтра і спытаць не будзе з каго — як даказаць, што купляла менавіта тут? Звярнуцца ў органы нагляду таксама не атрымаецца, бо чэкаў на прыдарожных рынках не выдаюць...

Далей па трасе заўважаю яшчэ адзін невялікі прыдарожны рынак. Цэны на тавары там не пі­шуць: падыходзь, таргуйся. Сярод мноства дароў агародаў і лесу — агуркоў, капусты, цыбулі, суніц — знаходжу грыбы. Тут яны на вагу золата, таму што неўраджай. І цэны адпаведныя.

— Мне патрэбны кілаграм.

— Грыбы ў слоіку 0,5 літра каштуюць 5 рублёў. Давайце пакет, кілаграм знойдзем.

Купляю, гандлярка дзеліцца: збіраць садовыя клубніцы, суніцы і грыбы ў лесе ёй дапамагаюць дзеці і ўнукі. Зарабляюць нядрэнна:

— Сёння ўсталі ў пяць раніцы і пайшлі ў лес. Да абеду назбіралі сем літраў суніц для продажу. Слоік ягад 0,5 літра прадаём за 8 рублёў. Самі лічыце: 112 рублёў атрымоўваецца. 

Пакуль размаўляю з прадаўцамі, да рынку раз-пораз пад’язджаюць аўто. Паток досыць вялікі. Дарэчы, гандляваць на спецыяльна адведзеных мясцовымі выканкамамі месцах фізічным асобам можна. Пры гэтым у іх павінна быць даведка з сельсавета або выканкама, якая пацвярджае паходжанне тавару. Мясцовыя ўлады заўсёды могуць праверыць, ці ёсць гэты дакумент у прадаўцоў. У галоўным упраўленні гандлю і паслуг Мінаблвыканкама рэкамендуюць пакупнікам таксама цікавіцца ў прадаўца прыдарожнага тавару аб наяўнасці такой даведкі.

Чаму людзі не ідуць гандляваць на афіцыйныя міні-рынкі? Адказ банальны: дазволеныя пункты знаходзяцца воддаль ад дарогі, вадзіцелям на вочы не так трапляюцца. Таму прылаўкі разгортваюць ля ўзбочын. У ДАІ гэта не ўхваляюць: «Стыхійныя рынкі ля трас — сур’ёзная праблема. Вадзіцелі глядзяць на тавар, адцягваюць увагу ад кіра­вання аўто, адбываецца ДТЗ. Ці людзі перабягаюць дарогу да прадаўцоў і трапляюць пад колы». У Мінскай вобласці такія аварыі нярэдка здараюцца на трасах Мінск — Маладзечна і Мінск — Мікашэвічы, на ажыўленых дарогах у Стаўбцоўскім, Пухавіцкім, Уздзенскім, Дзяржынскім раёнах. За загрувашчванне паласы адводу можна атрымаць штраф ад дзвюх да пяці базавых велічынь. Прыплюсуйце гэта да штрафу за гандаль у неналежным месцы — там сума да трох базавых велічынь.

Калі вы ўжо купілі тавар пры дарозе, то ўрачы­-эпідэміёлагі раяць правяраць яго на радыенукліды. Асабліва лясныя грыбы.

Калі вы ўжо купілі тавар на дарозе, то ўрачы-эпідэміёлагі раяць правяраць яго на наяўнасць радыенуклідаў. Асабліва грыбы. У лабараторыю давядзецца аддаць цэлы кілаграм лісічак. У рукі спецыялістаў хачу перадаць і ягады. Многія з іх таксама ўбіраюць радыяцыю, як губка. Напрыклад, пры роўных умовах выспявання чарніцы назапашваюць цэзію-137 у 2–3 разы больш, чым маліны і суніцы. Што ж, шукаем чорную ягаду. Падчас засухі гэта нялёгка, але поспех на маім баку.

— Глядзіце, якая крамяная ягада! Дзень збірала, — хваліць тавар прадавец з Асіповічаў.

— Ягада чыстая? Без радыя­цыі? — цікаўлюся.

— Я не правярала, — аддае мне адзін кілаграм чарніц за 14 рублёў.

Ідзём да спецыялістаў. Лабара­торыі працуюць на рынках, у абласных, раённых і гарадскіх цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі, у лясгасах, дзе ёсць тэрыторыі з забруджваннем, а таксама на прадпрыемстве «Беллесаховы». У ветэрынарна-санітарнай лабараторыі № 4, якая абслугоўвае Камароўскі рынак, ажыятаж з раніцы — у гэты час даследуюць дары лесу, якія потым трапяць на прылаўкі. Бліжэй да абеду прыходзяць людзі, якія хочуць праверыць грыбы і ягады для сябе. Мне пашанцавала: чарга невялікая.

— Мне б на радыяцыю праверыць, — звяртаюся да спецыя­лістаў. Яны просяць паказаць лісічкі і чарніцы: аддаю два пакеты праз маленькае акно. Усё ўзважваюць — калі грыбоў і ягад будзе недастаткова, то аналіз мне ніхто не зробіць.

— У лабараторыі папярэджваюць, што назад лісічкі і чарніцы мне ніхто не верне, яны будуць перамолатыя ў кашу.

Афармляем паперы — тут усё сур’ёзна. Просяць пашпарт, пытаюцца, дзе збіралі дары лесу. Заключаю дагавор, стаўлю подпіс і іду ў касу. За праверку двух вялікіх пакетаў грыбоў і ягад аддаю 3 рублі 60 капеек. Вердыкт трэба чакаць гадзіну ці две: у залежнасці ад таго, колькі будзе людзей. Потым выдаюць пратакол, дзе пазначаны вынікі аналізу.

— Вы будзеце прыемна здзіў­лены, — уручаюць дакумент.

Аказалася, што абодва аналізы ў межах нормы. Лісічкі чыстыя — 74,6 бекерэля на кілаграм пры норме 370. А чарніцы можна даваць дзецям — тут 8,09 бекерэля на кілаграм пры норме 185. Мне зноў пашанцавала, але спецыялісты запэўніваюць: такія праверкі неабходныя! Перавышэнне ўзроўню ўтрымання радыенуклідаў у дарах лесу — вельмі частая з’ява.

Санітарна-эпідэміялагічная служба Мінска нагадвае, што самы вялікі назапашвальнік радыенуклідаў — грыбы:

— Назапашванне цэзію-137 у грыбах заўсёды вышэй, чым у глебах, на якіх яны растуць. І яшчэ: у шапачках грыбоў канцэнтрацыя радыенуклідаў у 1,5—2 разы вышэй, чым у ножках, асабліва гэта характэрна для белага грыба, падбярозавіка, падасінавіка, польскага грыба.

У ДУ «Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» дадаюць не менш важную для спажыўцоў інфармацыю:

— Большасць відаў ядомых грыбоў нават у адносна чыстых лясах здольныя канцэнтраваць радыенукліды ў колькасцях, не­бяспечных для здароўя. Па здольнасці назапашваць цэзій-137 грыбы падзяляюцца на чатыры групы. Так, слаба яго назапашваюць апенька, грыб-парасон стракаты, порхаўка жамчужная. Сярэдне — лісічка, радоўка, белы грыб, падбярозавік, падасінавік. Шмат — грузды, ваўнянкі, зялён­кі, сыраежкі. Акумулятарамі лічацца гаркухі, курачкі, свінушкі, польскія грыбы, маслякі, жоўта-бурыя махавікі. 

ypopko@sb.by

Фота Артура ПРУПАСА і Уладзіміра ШЛАПАКА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter