Што будзе з цэнамі на паліва ў далейшым?

Рукі ў бакі

З пачатку года паліва ў краіне падаражэла ўжо дзясятак разоў. Апошні — 15 мая. І ўсяго на адну капейку. Тактыка паступовага павышэння цэн вельмі добрая з псіхалагічнага пункта гледжання. Здавалася б, на капейку больш, на капейку менш. Так, рост эканамічных паказчыкаў НПЗ запаволіўся, прызналі ў канцэрне «Белнафтахім». Але адразу ж дадалі, што памятаюць пра спажыўцоў. Не абышлося, вядома ж, без незадаволеных аўтамабілістаў. Тым больш што ўважлівыя палічылі: за ўвесь час 92-і бензін падаражэў на 8,4 працэнта, 95-ы — амаль на 7,9 працэнта, 98-ы — без нечага на 6,8 працэнта, а дызпаліва — амаль на 4,6 працэнта. Мяркуючы па ўсім, гэта не канчатковыя лічбы.

У сакавіку канцэрн «Белнафтахім» папярэдзіў: вызначаны новы механізм змены цэн на ўнутраным рынку. Кошт паліва можа хадзіць уверх-уніз у залежнасці ад сітуацыі на сусветным нафтавым рынку, курса нацыянальнай валюты і падатковай нагрузкі на нафтаперапрацоўчыя заводы. Што і было заўважана пару разоў з цаной на «дызель». Зададзены арыенцір — кошты ва ўсходніх суседзяў. У пачатку года бензін там быў танней на 7—10 працэнтаў, дызпаліва — на 6—8 працэнтаў. Цэны ва Украіне перавышалі нашы ў 1,5 раза, у краінах Балтыі і ў Польшчы — удвая.

«З улікам сённяшняй цаны барэля трэба будзе павышаць цэны на аўтамабільнае паліва, практычна на 24 працэнты».
Фота Паўла ЧУЙКО

Вось і намеснік Прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка днямі звярнуў на гэта ўвагу, адказваючы на пытанне, як паўплывае на эканоміку павышэнне цэн на паліва. Кажа, адзначаны рост — невялікі. «Мы краіна, у якой здабываюць толькі 1,7 мільёна тон, а спажываюць 7,5 млн тон нафты — столькі трэба, каб задаволіць патрэбнасці народнай гаспадаркі і насельніцтва ў бензіне і газе. Да таго ж вы бачыце, што адбываецца з нафтай: літаральна за месяц яна падаражэла з 60 да 80 долараў — на 30 працэнтаў. Куды нам падзецца, калі ў сабекошце паліва 90 працэнтаў займае нафта? Таму нам трэба павышаць цэны. У разумных межах», — растлумачыў Уладзімір Ільіч.

У нядаўнім інтэрв'ю БЕЛТА старшыня канцэрна «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка прызнаў: пры цяперашніх сусветных цэнах на нафту аўтамабільнае паліва ў Беларусі падаражэе. Бо сённяшні ўзровень цэн нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку значна адстае ад новай цаны барэля. Пры 80 доларах за барэль парытэтная цана ва ўмовах нашага ўнутранага рынку на 92-i і 95-ы бензін будзе ўкладвацца ў дыяпазон ад 80 да 85 цэнтаў за літр. Гэтыя лічбы дастасавальныя і да лiчбаў на запраўках у Расiі. Зразумела, што калi барэль падаражэе цi патаннее, прапарцыянальна будзе мяняцца і наша цана паліва. Па словах Ляшэнкi, калі нафта замрэ на агучаным узроўнi, то рознічныя цэны на аўтамабільнае паліва будуць падцягвацца: «З улікам сённяшняй цаны барэля трэба будзе павышаць цэны на аўтамабільнае паліва, але, паўтаруся, гэта будзе ісці сінхронна з Расійскай Федэрацыяй, практычна на 24 працэнты».

Яшчэ адна птушачка на палях — мадэрнізацыя нашых НПЗ у Наваполацку і Мазыры. Завяршыцца яна павінна да 7 лістапада 2019 года. Першы праект абыдзецца ў 1,64 млрд долараў, другі — у 1,735 млрд. Каб будаваць і абслугоўваць крэдыты, заводы павінны працаваць з прыбыткам. Навошта наогул патрэбна гэтая дарагая мадэрнiзацыя? Iнакш не ўтрымацца на канкурэнтным рынку. Хочаш быць на перадавой — трэба пастаянна павялічваць глыбіню перапрацоўкі нафты. Да канца наступнага года яна вырасце да 90—92 працэнтаў. Для параўнання, у савецкія гады гэты паказчык быў роўны 54—56 працэнтам. Гэта значыць, з тоны нафты атрымлівалася 540—560 кілаграмаў светлых нафтапрадуктаў: бензіну, газы, дызпаліва. Усё астатняе: бітум, мазут і іншыя адходы — больш таннае. Гэта ўплывае на эканоміку прадпрыемстваў. Пасля абнаўлення ў астатку будзе хіба што сухі нафтавы кокс, які можна спальваць і атрымліваць цеплаэнергію. «Цана нафты будзе расці далей, Расія неўзабаве завершыць падатковы манеўр, і нам трэба быць здольнымі працаваць эфектыўна», — апісаў сэнс мадэрнізацыі Уладзімір Сямашка. 

druk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter