Рухавікі рэгрэсу

Днямі ядзерная праграма КНДР атрымала новы ракурс. У публікацыі газеты The New York Times, са спасылкай на амерыканскую разведку і экспертаў Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў (IISS), узгадваецца: на найноўшых паўночнакарэйскіх міжкантынентальных балістычных ракетах усталяваны рухавікі, тэхналогія якіх можа быць распрацавана ўкраінскім канструктарскім бюро “Паўднёвае” і выраблены яны на заводзе “Паўднёвае машынабудаванне”. Кіраўніцтва ўкраінскага прадпрыемства падобны факт абвергла, паведаміўшы, што не мае ніякага дачынення да паўночнакарэйскай ракетнай праграмы. Версію аб прамых пастаўках рухавікоў КНДР тут лічаць “выдумкай”.

Падключыліся да тэмы і вышэйшыя службовыя асобы, і ўкраінскія дэпутаты. Так, на абвінавачванні Украіны ў здзелцы з КНДР даволі рэзка адказаў сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Турчынаў, усклаўшы падазрэнні на Расію. Дарэчы, ён добра памятае адмоўны вопыт і моцныя наступствы для сваёй дзяржавы ў сувязі з пастаўкамі пры Леанідзе Кучме радарных комплексаў “Кальчуга” ў Ірак. Тады, напачатку 2000-х, санкцыі ААН украінскім бокам не ўлічваліся, і краіну пакаралі. Два гады таму ў СМІ таксама пісалі: менавіта з Украіны, праз Турцыю, прадстаўнікі сумнавядомай “Ісламскай дзяржавы” набывалі асобныя віды ўзбраенняў (кітайскія ПЗРК FN-6). 

Не стрымалася з нагоды інцыдэнту і экс-кіраўнік урада Юлія Цімашэнка: калі інфармацыя пацвердзіцца, Украіна можа апынуцца пад санкцыямі, а значыць, застанецца без дапамогі ўсяго цывілізаванага свету.

Журналісцкае расследаванне NYT усё ж выклікала ланцуговую рэакцыю. Відавочна: публікацыя ў папулярным амерыканскім выданні не пройдзе бясследна для яе фігурантаў. Свае высновы ЗША і партнёры зробяць хутка. Эксперт IISS Майкл Элеман упэўнены: Паўночная Карэя набыла ўкраінскія ракетныя рухавікі з дакументацыяй на чорным рынку або праз пасрэднікаў. Дзярждэпартамент ЗША “ўспрыняў пытанне вельмі сур’ёзна, калі гэта знойдзе пацвярджэнне”, аднак амерыканская разведка пакуль не мае доказаў удзелу ў скандальнай гісторыі афіцыйных асоб з адміністрацыі прэзідэнта Пятра Парашэнкі. У чыноўнікаў ЗША іншае меркаванне: Пхеньян самастойна вырабляе ракетныя рухавікі, магчыма, ў кааперацыі з Іранам, а значыць, для “паўночных” няма неабходнасці ў іх імпарце. 

Між іншым пошукі вінаватых ідуць: на працягу апошняга года Украіна “стала” трэцяй краінай, пасля Расіі і Кітая, якую падазраюць у тым, што КНДР скапіравала яе вадкасныя ракетныя рухавікі. Па сутнасці, рухавікі рэгрэсу, здольныя данесці ядзерны зарад з Карэйскага паўвострава да тэрыторыі ЗША.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter