Кулібін з Клічава на радасць дзецям і дарослым стварае з металалому ўнікальную тэхніку

Рухавік свайго лёсу

У родным Клічаве Ана­толь Коўрык — чалавек вядомы. Напэўна, няма земляка, які б не «абкатаў» хаця б адзін з яго шматлікіх аўта- і веламабіляў альбо каруселяў. Усяго ў актыве майстра і нязменнага кіраў­ніка народ­нага ама­тарскага аб’яднання «Праца, твор­часць, ініцыя­тыва» пры раённым Доме культуры — каля сотні ўнікаль­ных механізмаў, якія могуць стаць добрымі памочнікамі ў гаспадарчых справах, паце­шыць падчас свята альбо проста дабавіць настрою аматарам незвы­чайных аўто.

Захапленне тэхнічнай творчасцю не адпускала: канструяваць Анатоль КОЎРЫК ніколі не пераставаў 

«Забава»,  «Пчолка», «Чмялёк»

Транспартную выставу 70-гадовы Анатоль Міхайлавіч зладзіць гатовы ў любую хвіліну. «Забава», «Пчолка», «Чмялёк» — усе машыны радуюць яркімі фарбамі і шматлікімі магчымасцямі. Анатоль Коўрык тлумачыць:

— Прынцып «Забавы» такі: аўтамабіль рухаецца, а разам з ім і карусель. Пракаціцца могуць адразу два пасажыры, у крэслах пры гэтым прадугледжаны надзейныя рамяні бяспекі.

Падчас масавых святочных гулянняў з жадаючых паве­сяліцца на гэтым атракцыёне выстройваюцца чэргі. Ацанілі клічаўляне і турнік «з падвохам»:  утрымацца на перакладзіне з падшыпнікамі амаль немагчыма. За ўвесь час эксплуатацыі крэа­тыўнай забавы прыз заваявалі ўсяго два спартсмены, якія змаглі пратрымацца больш за дзве хвіліны. Нязменнай папулярнасцю карыстаецца «Вясёлы ровар», што едзе ў зваротным кірунку. І, канечне, дзіцячы паравозік «Пчолка». Дарэчы, многія з атракцыёнаў Коўрыка рада­валі і шматлікіх гасцей на фестывалях-кірмашах іншых раёнаў Магілёўскай вобласці — «Залатая пчолка» ў Клімавічах і «Александрыя збірае сяброў». 

Большасць сваіх машын майстар стварыў пры падтрымцы шматлікіх памочнікаў. Сярод іх ёсць і выратавальнікі, і педагогі, і эканамісты. А яшчэ — цікаўныя школьнікі і студэнты. Многія з іх за трыццаць гадоў існавання тэхнічнага гурта выраслі, набылі прафесіі, ажаніліся. Аднак сваім дзіцячым захапленням не здрадзілі. «Сёння, — распавёў кіраўнік аб’яднання, — у нас займаюцца шэсць дзяцей і столькі ж дарослых. Былі моманты, калі  жадаючых рэалізаваць свае таленты ў тэхнічнай творчасці аказвалася ўдвая больш. Аднак нікому не адмаўлялі: праз нейкі час было відавочна, для каго гэта  неабходнасць, а хто проста зазірнуў «на агеньчык». Застаюцца, вядома, тыя, што прыйшлі па закліку душы». 

У гуртку Анатоля КОЎРЫКА займаюцца і дзеці, і дарослыя

Сам Анатоль Міхайлавіч аса­лоду творчай працы адчуў яшчэ ў дашкольным узросце — сканструяваў міні-фурманку, на якой можна было перавозіць любы груз. А праз колькі год зладзіў «экскаватар» — прыладу ручнога кіравання, якая капае зямлю. З рыд­лёўкай у яе няма нічога агульнага, намаганняў патрабуе самы мінімум: націснуў на рычаг — і коўш напоўнены! Пасля гэтага амаль з нічога сабраў матацыкл. Нядзіўна, што і тэхнікум таленавіты хлопец выбраў з механічным ухілам. Калі стаў дыпламаваным спецыялістам, пасады займаў самыя розныя — ад інжынера да педагога. Але захапленне тэхнічнай творчасцю не адпускала: канструяваць Коўрык ніколі не пераставаў.  Яго таленты  заўважылі і адзначылі. Не толькі прапанавалі ўзначаліць аматарскі гурт: за адну з работ (міні-трактар «Лань») на рэспубліканскай выставе ў Брэсце майстар атрымаў дыплом і прэмію. Праз год аб’яднанне заахвоцілі дыпломам ЮНЕСКА. А ў выніку выставы «Аматарства Беларусі» ў 1991-м ужо за другі міні-трактар —«Орлік» — узнагародзілі ту­рыстычнай пуцёўкай. Тое турнэ стала для Анатоля Міхайлавіча памятным:

— Прапанавалі выбраць любы кірунак у тады яшчэ Савецкім Саюзе. Я вырашыў пабываць на возеры Байкал. І не пашкадаваў — такая гэта прыгажосць і моц! 

Мадэліст-канструктар

У памяці засталіся і заплывы, і таёжныя паходы, і ўражанні ад суровых сібірскіх гор. А яшчэ — тыя змены ў краіне, што прыйшліся на час вандравання клічаўляніна.  Падчас першай перасадкі ў Маскве сталіца СССР падалася беларусу спакойным прыгожым мегаполісам. Назад жа вяртаўся пасля путчу і адчуў агульную нервовасць горада. Затое дома, як заўсёды, чакалі майстэрня, станкі і запас дэталяў. «Раней, — прызнаецца майстар, — нешта нават на звалках знаходзіў. Цяпер такога не ўбачыш: тэрыторыя раёна добраўпарадкавана, людзі смецце і металалом абы-куды не выкінуць». Аднак можна купіць тое, што камусьці стала непатрэбным, затое для Анатоля Міхайлавіча — сапраўдны кландайк. 

У майстэрні Коўрыка ўсё сіс­тэматызавана і пранумаравана.  Гэта, тлумачыць ён, для таго, каб марна час не траціць і адразу знайсці патрэбнае.  Зрэшты, утулку, муфту ці якую-небудзь іншую дэталь можа зрабіць і сам. Як наогул нараджаецца аўто? «Усё пачынаецца з рухавіка, — дзеліцца сакрэтамі майстар. — Менавіта ён — аснова ідэі і вобраз будучай канструкцыі». Раней шмат падказак знаходзіў у журнале «Мадэліст-канструктар» — яго падшыўкі і зараз захоўваюцца дома. Сёння з аднадумцамі і іх праектамі знаёміцца ў інтэрнэце, а ў выніку знаходзіць уласнае рашэнне будучай аўтарскай тэхнікі. 

На стварэнне кожнай з машын патрэбна не менш за два гады. Нават за сканструяванай ужо тэхнікай прыходзіцца доўга сачыць і адладжваць да ідэала. Скажам, тая ж «Забава», што зараз з лёгкасцю мчыць і кружыць землякоў, далася майстру не вельмі лёгка. Дэталі і іх размяшчэнне мяняў у ёй да таго часу, пакуль ход не стаў плаўным — каб круціцца аматары экстрыму маглі з камфортам.  

Бульбасаджалка і квадрацыклы, акучнік і касілка, веламабілі і ўсюдыходы, багі і снегаўборачная машына — нават пералік відаў створаных механізмаў займае нямала часу. Дарэчы, большая частка аўто мае ўласныя назвы: «Ольса», «Лось», «Барс».  Адрозніць канструкцыі можна і па тэхнічных асаблівасцях. Напрыклад, усюдыход «Сахаты», над якім юныя майстры працавалі з не меншым азартам, чым іх настаўнік, стаіць на «лыжах» — ленце транспарцёра ад бульбакапалкі. Электрарухавік ад пральнай машыны «Волга» лёг у аснову сокавыціскалкі, а ротар — касы. 

Масты, калёсы, рэдуктары ад матацыклаў, трактароў, камбайнаў і аўтамабіляў аб’ядноўваюцца ў самых нечаканых варыяцыях. Сярод дэталяў ёсць і рэдкія замежныя, і савецкае рэтра — знятыя з тэхнікі, выпуск якой даўно завершаны. Спалучэнне можа быць розным, аднак вынік адзіны: усе механізмы на хаду, працуюць без збояў. Майстэрня Коўрыка, дарэчы, і сёння адкрыта кожны дзень.  «Творчасць перыя­дам часу не абмяжуеш, — лічыць канструктар. —  Натхненне можа прыйсці і ў будні, і ў святы». А гэта значыць, што спіс унікальных машын у Клічаве ў хуткім часе стане яшчэ большым.

svet.markova@sb.by

Фота аўтара і з архіва Анатоля КОЎРЫКА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter