Первая в Беларуси персональная выставка художника Парижской школы Шраги Царфина открывается в Минске

Рух да святла

Выстава «Шрага Царфін. Рух да святла» ў Нацыянальным мастацкім музеі прымеркавана да 120-годдзя нашага земляка Файбіша-Шрагі Царфіна. Ён пахо­дзіць з мястэчка Смілавічы, як і яшчэ ­адзін знакаміты мастак Хаім Суцін. Што цікава, яны былі знаёмы ў дзяцінстве, а праз 30 гадоў зноў сустрэліся, але ўжо ў Парыжы, куды абодва адправіліся развіваць свой талент.

artbelarus.by

Шрага Царфін трапіў у французскую сталіцу ў 1924 годзе. Займаўся самаадукацыяй, супрацоўнічаў з выдавецтвамі і дамамі мод, выстаўляўся ў Салоне Незалежных. У 1929-м Царфін ажаніўся, а ў 1931-м разам з жонкай атрымаў французскае грамадзянства. У 1930-х гадах мастак актыўна працаваў з тэкстылем. Ёсць звесткі, што шэраг эскізаў Царфін выканаў для Како Шанэль у пачатку яе кар’еры.

Падчас Другой сусветнай вайны Шрага Царфін спачатку служыў у французскай арміі, затым дэмабілізаваўся і ўдзельнічаў у Руху Супраціўлення. Але і ў гэты складаны час арганізоўваў персанальныя выставы. Да таго ж менавіта ў той перыяд распрацаваў тэхніку, якая стала затым яго фірменным стылем: змяшаў гуаш і алейныя фарбы.

Пасля вайны яго творчасць, па інфармацыі artmuseum.by, доўгі час насіла адбітак напружанага ўнутранага жыцця мастака, асабліва пасля таго, як ён дазнаўся аб гібелі бацькоў у Смілавіцкім гета. І толькі ў 1960-х гадах Царфіну ўдалося пераадолець унутраны душэўны крызіс, яго працы паступова пачалі ззяць выдатным блакітным колерам, напаўняцца спакоем. Не стала мастака ў 1975-м — Шрага Царфін памёр пасля працяглай хваробы і пахаваны на могілках Рані-су-Буа, у маленькім мястэчку паблізу французскай сталіцы.

На выставе «Шрага Царфін. Рух да святла» прадстаўлены 52 работы мастака з калекцыі групы кампаній «А-100», Нацыянальнага мастацкага музея, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г. п. Смілавічы і прыватных калекцый. Многія работы будуць дэманстравацца беларускай публіцы ўпершыню.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter