Увидел свет 26-й номер брестского районного краеведческого альманаха «Астрамечаўскі рукапіс"

Рукапіс з Астрамечава

УБАЧЫЎ свет чарговы, ужо 26, нумар брэсцкага раённага краязнаўчага альманаха “Астрамечаўскі рукапіс”. Шосты год над яго выданнем працуе пісьменнік і журналіст Аляксандр ВАЎКОВІЧ. “Рукапіс” — часопіс унікальны. Адшукаць нешта падобнае наўрад ці атрымаецца. Альманах, прысвечаны гісторыі і культуры Брэсцкага раёна, паступае ў бібліятэку Кангрэса ЗША, Баварскую бібліятэку, Сусветны духоўны цэнтр у Фларыдзе... 


Па словах галоўнага рэдактара выдання Аляксандра Ваўковіча, назва альманаха цесна звязана з гісторыяй зямель, на якіх зараз знаходзіцца Брэсцкі раён:

— “Астрамечаўскі рукапіс” — гэта помнік беларускай музычнай культуры XVII стагоддзя, які змяшчае беларускія песні, інструментальныя творы, прыклады танцавальнай музыкі. Яго доўгі час памылкова называлі “Полацкім сшыткам”. Аднак гістарычныя карані рукапісу ў вёсцы Астрамечава Брэсцкага раёна. Гэты факт пацвердзілі спецыялісты НАН.

На 100 старонках свежага нумара альманаха сабраны матэрыялы пра гісторыю краю, вядомых землякоў, народных майстроў і ўмельцаў, падборкі фальклорных песень і архіўныя гістарычныя здымкі, абрады і народныя звычаі Прыбужскага рэгіёну. Марыя Кандрацюк з вёскі Стараселле са старонак часопіса падзялілася сваімі ўспамінамі. Яна распавяла пра любімыя гульні дзяцінства, пра святы і некаторыя забабоны. Напрыклад, лічылася, што цяжарнай жанчыне нельга трымацца за лямку дзвярэй і біць ката нагой. Сабіна Рудчук з вёскі Вельямовічы ўспомніла калыханкі, якія чула ад сваіх матулі і бабулі. Студэнты БрДУ імя Пушкіна падрыхтавалі для альманаха песні, якія сабралі падчас фальклорна-краязнаўчых экспедыцый. Распаўсюджваецца “Астрамечаўскі рукапіс” сярод устаноў культуры і адукацыі раёна. У электронным фармаце альманах прадстаўлены на сайце Брэсцкай раённай бібліятэкі. 

losich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter