Талоны на бесплатные напитки, системы кондиционирования и душевые комнаты: мы проверили, выполняют ли столичные организации нормативы работы для сотрудников в жару

Рука на клімат-кантролі

У спякоту кожны выбірае свой спосаб асвяжыцца: халодныя напоі, фруктовы лёд, адпачынак ля вады. Праўда, у рабочы час гэтыя любасці лета не заўсёды даступны. Працаваць, калі слупок градусніка паказвае +28 і вышэй — не толькі складана, але і небяспечна для здароўя. Таму кожны работадавец абавязаны стварыць спрыяльныя ўмовы для сваіх супрацоўнікаў. Карэспандэнт «Р» паглядзела, што робяць сталічныя арганізацыі, каб перажыць гарачую пару і захаваць здароўе сваіх работнікаў.

Гранічныя тэмпературы

Якая тэмпература павінна быць на рабочым месцы, залежыць ад катэгорыі працы. Напрыклад, у офісе і грамадскім транспарце градус не павінен перавышаць +28. У ліцейным цэху, дзе і так горача, нормай будуць лічыцца адзнакі ніжэй +32. Будаўнікоў наймальнік павінен забяспечыць бутыляванай вадой, а таксама аб’яўляць перапынкі пры тэмпературы вышэй за +30 градусаў.

У офісе і грамадскім транспарце градус не павінен перавышаць +28 оС.

Тым не менш кожная аргані­зацыя можа самастойна вырашаць, якім чынам забяспечыць тэмпературны камфорт на рабочым месцы. Напрыклад, усталяваць сістэмы астуджэння, арганізаваць дадатковыя перапынкі, зрушыць працоўны графік, каб з 12 да 15, падчас моцнага сонцапёку, супрацоўнікі маглі адпачыць, або скараціць працоўны дзень на некалькі гадзін. Акрамя таго, кожны работнік можа адмовіцца ад сваіх абавязацельстваў, калі яны пагражаюць яго жыццю і здароўю (арт. 222 Працоўнага кодэкса, арт. 11 Закона аб ахове працы). У такім выпадку ён павінен пісьмова паведаміць кіраўніцтву пра сваё рашэнне і дачакацца разгляду. Калі наймальнік не зрабіў нічога, каб забяспечыць спрыяльныя ўмовы працы, ён можа атрымаць штраф у памеры да 500 базавых велічынь. Звярнуцца са скаргай на бяздзейнасць работадаўцы можна ў Федэрацыю прафсаюзаў нашай краіны.

Талон на ваду

Тралейбусы летам — зусім не халаднаватае месца. Пасажыры раз-пораз цяжка ўздыхаюць, а вадзіцелі адчыняюць дзверы ў кабінцы, каб трохі астудзіцца. Зараз на змену «састарэлым» прыходзяць новыя мадэлі транспарту, дзе спраўна працуюць сістэмы кандыцыянавання. Яны значна палягчаюць працу вадзіцеляў падчас спякоты. У гэтым пераконваемся ў філіяле «Тралейбусны парк № 2» па вуліцы Малініна, 39.

Салон новых тралейбусаў з падоўжаным аўтаномным ходам хутка астуджаецца да прыемных +25 градусаў.

Салоны новых тралейбусаў з падоўжаным аўтаномным ходам хутка астуджаецца да прыемных +25 градусаў. У такім транспарце не горача ні вадзіцелю, ні пасажырам. Горш ідуць справы з некаторымі старымі мадэлямі. Там даводзіцца здавольвацца адкрытымі фортачкамі і вентыляваннем.

— Гэтай вясной мы ў чарговы раз праверылі ўвесь транспарт нашага парка. У тым ліку каб усе сістэмы астуджвання былі «ў страі», — кажа старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі філіяла «Тралейбусны парк № 2» Аляксандр Станчык і адзначае, што ў тых машынах, дзе няма кандыцыянера, працуе вентылятар.

Каб уберагчы вадзіцеляў ад абязводжвання, тут прадугледзелі спецыяльныя талоны. Іх супрацоўнікі абменьваюць на 1,5 літра напою. Часцей за ўсё бяруць газіраваную або звычайную ваду. Папоўніць запасы можна ў буфеце дыспетчарскай станцыі любога парка. Вадкасць выдаюць на змену: гэта прыблізна 8—9 рабочых гадзін.

— Спецыялісты «Мінсктранса» сочаць за прагнозам надвор’я. Калі больш за двое сутак тэмпература трымаецца вышэй за +25 градусаў, мы пачынаем выдаваць супрацоўнікам талоны на бясплатныя напоі, — тлумачыць намеснік дырэктара па перавозках філіяла «Тралейбусны парк № 2» Дзмітрый Міцкевіч. — У будні дзень рэалізуем такім чынам 420 літраў, у выхадны — 255 літраў напояў.

Перапынак на астудзіцца

Прадпрыемства ААТ «Бел­ліфт» — гэта наглядны прыклад, што не ўсім супрацоўнікам магчыма арганізаваць аптымальныя тэмпературы для працы. Кабінет дыспетчараў з убудаванай сістэмай кандыцыянавання не выдае, што за акном спякота. А вось механікі вымушаныя працаваць у менш камфортных умовах. Шахты і машынныя памяшканні не вентылююцца, спецвопратка хоць і з лёгкай тканіны, але па правілах бяспекі павінна закрываць практычна ўсе ўчасткі цела.

— Наша служба працуе кругласутачна. Сярод усіх кадраў, вядома, больш пакутуюць ад высокіх тэмператур механікі. У шахце яны праводзяць не цэлы дзень, але некалькі гадзін даводзіцца, — акрэслівае сітуацыю старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Белліфт» Вольга Аляная. — За гэты час супрацоўнікі могуць зрабіць перапынкі, калі адчуваюць неабходнасць.

Дыспетчары ААТ «Белліфт» могуць скарыстацца душавым пакоем.

Дыспетчарам на прадпрыемстве пашанцавала больш: у іх размяшчэнні вялікі кабінет з высокай столлю, убудаванай сістэмай кандыцыянавання, пакоем адпачынку і душавой. Заўважаю адсутнасць кулера:

— У нашым раёне досыць якасная водаправодная вада, таму мы не карыстаемся бутыляванай, а п’ём з-пад крана, — тлумачыць Вольга Аляная.

На прадпрыемстве супрацоўнікі п’юць ваду з-пад крана. Кажуць, яе якасць на ўзроўні.

Дыспетчары на спякоту не скардзяцца. Кажуць, у кабінеце заўсёды камфортная тэмпература:

— Мы самі выбіраем, на якое значэнне паставіць кандыцыянер, каб кожны, хто тут сядзіць, быў задаволены, — дзеліцца нюансамі жыцця калектыву дыспетчар Святлана Праснякова.

Спецыфіка працы ў кожнага работніка свая. І галоўны абавязак наймальніка — гарантаваць бяспечныя ўмовы для сваіх падначаленых. Прычым якія метады пры гэтым выкарыстоўваць, прадпрыемствы выбіраюць самастойна.

КАМПЕТЭНТНА

Павел МАНЬКО, галоўны тэхнічны інспектар працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі:


— З кожным годам колькасць выяўленых парушэнняў памяншаецца. Як правіла, сярод парушэнняў фіксуем нездавальняючы тэмпературны рэжым, спецвопратка не адпавядае сезону, не выконваецца пітны рэжым, не арганізуюцца перапынкі паміж працай. Напрыклад, у так званых гарачых цэхах немагчыма ўсталяваць прымальную тэмпературу, тады трэба альбо скарачаць рабочы дзень, альбо прапанаваць дадатковыя перапынкі. Кожны работадавец, згодна з Законам аб ахове працы, можа ўсталяваць для работнікаў перапынкі. Гэта прапісваецца альбо ў правілах унутранага парадку, альбо ў калектыўным дагаворы. Калі ж такія распараджэнні не задакументаваныя, гэта няправільна.

Наймальніка могуць аштрафаваць у тым выпадку, калі ён у належны тэрмін не ліквідаваў раней усталяванае пры праверцы парушэнне.

tychko@sb.by


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter