“Рукі самі просяць нітак”

Заходзячы ў хату да гаспадыні, паглядзіце пад ногі: якая там прыгажосць! Кветкі, адны кветкі, прычым зробленыя сваімі рукамі. З юнацтва Вольгу Сцяпанаўну захапіла мастацтва ткацтва, вышывання, вязання. Сурвэткі, посцілкі, прасціны, абрусы, ручнікі, падушкі і нават цэлыя дываны! Пабываць у доме Вольгі Рагозік — быццам наведаць вясковую міні-галерэю.

Чаму Вольга Рагозік, жыхарка вёскі Першая Слабодка Петрыкаўскага раёна, не прадала італьянцам вельмі дарагія занавескі

Заходзячы ў хату да гаспадыні, паглядзіце пад ногі: якая там прыгажосць! Кветкі, адны кветкі, прычым зробленыя сваімі рукамі. З юнацтва Вольгу Сцяпанаўну захапіла мастацтва ткацтва, вышывання, вязання. Сурвэткі, посцілкі, прасціны, абрусы, ручнікі, падушкі і нават цэлыя дываны! Пабываць у доме Вольгі Рагозік — быццам наведаць вясковую міні-галерэю.

— Ведаеце, без справы сядзець не магу, — распавядае Вольга Сцяпанаўна. — Во корпаюся ў гародзе, дзед мой жукоў травіць, а я стамлюся, прыйду дамоў, каб адпачыць, а рукі самі просяць нітак. Тады і саджуся, пачынаю вязаць альбо вышываць. З аднаго кружочка атрымліваецца кветка, адна, другая, трэцяя…

Сямідзесяціпяцігадовая жанчына да ўсяго іншага яшчэ і мастак. Дзякуючы невычэрпнай фантазіі, у яе атрымліваюцца цудоўныя ўзоры. І знайсці два аднолькавых, паверце, немагчыма. Каму дастаюцца эксклюзіўныя работы? У першую чаргу, сваякам.

Са сваім мужам, Пятром Зяноўевічам, Вольга Сцяпанаўна выгадавала дваіх дзяцей. І сёння ў сямейнай пары, якая ў мінулым годзе адзначыла “залатое” вяселле, чацвёра ўнукаў і сямёра праўнукаў. Мабыць, і не было б у доме гэтага буйнога суквецця колераў і формаў, калі б не шчаслівая сям’я. Такая прыгажосць проста не можа ўжыцца з разладам.

— Усяк у нас было, — разважае Пятро Зяноўевіч. — А жывем, як і ўсе. Наша вёска — Першая Слабодка — гэта наш горад! Тут мы нарадзіліся, потым ажаніліся, працавалі…

Для Вольгі Сцяпанаўны муж — і лепшы дарадчык, і крытык. Напрыклад, пасадзіла гаспадыня ў гэтым годзе дзве баразны кветак замест бульбы, дык дзеду гэта не даспадобы прыйшлося: зноў кветкі!

— А аднойчы заязджалі да нас у вёску італьянцы, — расказвае Вольга Сяпанаўна. — Тры ручнікі ў мяне ўзялі і хацелі яшчэ занавескі купіць. Еўра за іх прапанавалі! Я гасцям кажу, што яны не для продажу: вельмі дарагія мне. Дзед стаіць побач, піхае ў бок і кажа: “Дурніца, аддай ім іх. Гэта ж грошы!” А я так і не прадала італьянцам занавескі. Трэба ж, каб нашым нашчадкам засталіся ў спадчыну…

Таццяна УСКОВА, “БН”

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter