Рудое, малое, Боба завуць

У Круглянскім раёне ласяня выбрала сваёй маткай... карову

Незвычайная гісторыя адбылася ў вёсцы Марцьянавічы Круглянскага раёна. Раніцай, як і звычайна, Пётр Ушакоў навязаў сваю рагулю ў полі непадалёк ад дома. Праз колькі гадзін яго жонка заўважыла, што нехта невялікі і руды круціцца ля каровы. Аказалася — ласяня.

Пётр Ушакоў расказаў, што да малога карова яго і блізка не падпусціла: скакала, як шалёная. Па дапамогу вясковец звярнуўся ў прыродаахоўную інспекцыю. На думку тамтэйшых спецыялістаў, жывёліна адстала ад маці, таму яе вырашылі завесці ўглыб лесу.

Але на наступны дзень ласяня з раніцы зноў прыбегла да каровы. «Хутчэй за ўсё яно ішло на яе голас», — мяркуе Пётр Сцяпанавіч. Разам з новай маці ласяня пражыло яшчэ чатыры дні. Цікава, што, калі карову заганялі ў хлеў, яно адпачываць не спяшалася і па-свойску бегала па двары Ушаковых. Гаспадар карміў яго з соскі і назваў Боба. Тым не менш пакідаць дзікую жывёлу ў хатніх умовах сям’я не стала і зноў звярнулася ў райінспекцыю. Лёс ласяняці вырашылі так: яго перадалі ў Буйніцкі заасад. Адзінае, што папрасіў Пётр Ушакоў, — аставіць малому імя Боба, да якога той ужо прывык.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter