Только в деревне Семежево Копыльского района умеют ткать в закладной технике

Ручнікі “ў матрушы”

Закладное ткацтва лічыцца адной з найбольш старажытных тэхнік народнага ткацтва на Беларусі. Яно было папулярна і ў Гомельскай, і ў Віцебскай, і ў Мінскай абласцях. Аднак сёння працягвае жыць толькі ў адным населеным пункце — вёсцы Семежава Капыльскага раёна.


Кажуць, ткацкія мануфактуры існавалі ў Капыльскім раёне ўжо ў XVII стагоддзі. А ў пачатку XIX стагоддзя ў вёсках Цімкавічы і Цялядавічы працавалі нават школы майстэрства. Асаблівасцю ж семежаўскага ткацтва з’яўлялася закладная тэхніка, па якой ткаліся арнаментаваныя вырабы. Лічыцца, што яна развілася на аснове прыёмаў, якія выкарыстоўваліся ў вытворчасці шпалер і бязворсавых дываноў, таксама досыць папулярных на Капыльшчыне. Палатно ткалася так званым рыпсавым перапляценнем, а на канцах узор перабіраўся ўручную. Не чаўнаком, як звычайна, а матрушкамі — невялікімі скруткамі нітак. Адсюль і яшчэ адна назва закладной тэхнікі — “у матрушы”.


Усяго існавала каля дваццаці геаметрычных арнаментаў, якія выкарыстоўваліся ў закладной тэхніцы. Многія з іх запазычаны з кіеўскіх ручнікоў. Вядома, паміж Семежавам і Украінай існаваў вельмі зручны водны шлях зносін, і семежаўскія майстры часта ездзілі туды, каб прадаць свае вырабы ды купіць мясцовы тавар. І такім чынам знаёміліся з кіеўскімі ўзорамі, спалучалі іх з уласнымі і выкарыстоўвалі ў закладной тэхніцы. Аднак семежаўскія майстры ніколі поўнасцю не пераносілі замежныя арнаменты — яны іх дапрацоўвалі, перастылізоўвалі, удасканальвалі. Кожны ўзор, а разам з ім і ручнік мелі сваю назву — “чырвоная зорка”, “лупач”, “блудны крыж”, “грэбень”, “п’яўка”, “бярозавы лісток”, “качачкі”, “арліныя ножкі” і іншыя.

Сёння амаль страчана прамая перадача традыцыі закладнога ткацтва. Гэтай тэхніцы не вучаць бабулі і матулі сваіх дзяцей і ўнукаў. Аднак гэту задачу вырашае Цэнтр ткацтва, створаны ў Семежаве, таму можна спадзявацца, што традыцыя будзе жыць яшчэ доўгія гады.

mila@sb.by

Фото: livingheritage.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter