Пра што можа расказаць звычайны ручнік з вышыванкай

Ручнiк, што пашпарт

Уладароў тайн Сусвету трэба шукаць не ў сакрэтных звышсучасных лабараторыях, а ў маленькіх і аддаленых ад шумных магістралей нашых вёсках. Бабулькі, якія па спадчыне ад сваіх матуль, старэйшых жанчын сям’і захоўваюць старадаўнія цяжкія куфары-скрыні — вось яны, захавацельніцы сакрэтных кодаў жыцця і ўсялякіх філасофій. Літары і формулы, генетыка зямлі і роду — на выбеленых ільняных палотнах, у арнаментах нашых ручнікоў. Разбірацца ў іх нам сёння дапамагаюць этнакультуролагі Іван Крук і Аксана Катовіч.

Самыя першыя веды пра дыялог чалавека з прыродай нашы продкі пачалі пакідаць на тканінах не менш за пяць — сем тысячагоддзяў таму.
Фото Olc.avhelp.ru

Сем тысяч гадоў таму


Самыя першыя веды пра дыялог чалавека з прыродай нашы продкі пачалі пакідаць на тканінах не менш за пяць — сем тысячагоддзяў таму. Знакі родавай памяці беларускія прашчуры перадавалі нашчадкам мовай геаметрычных фігур. Квадрат ці ромб — знак зямлі, хлебнага поля. Звычайны крыж — знак агню. Лінія-хваля — вада.

— Тое, што мы ад часоў Германіі 30—40-х XX стагоддзя прызвычаіліся ўспрымаць як свастыку — старажытны паганскі знак Сонца. На самай справе ў народнай культуры ёсць каля 148 варыянтаў гэтага знака. Калі, напрыклад, рожкі на крыжы глядзяць налева — гэта сімвал жанчыны. Калі направа — сімвал мужчыны. Геаметрычныя ўзоры — самыя старажытныя, таму калі заўважыце ў бабулі такі ручнік, ведайце: ён самы каштоўны, — дзеліцца Іван Крук.

Ручнікамі з геаметрычнай вышыўкай звычайна ўпрыгожвалі іконы. Чырвоны кут — самае ганаровае месца ў сялянскай хаце, і ручнік тут павінен быў быць абавязкова. Ад старэйшых жанчын ідзе строгі запавет: хатні абраз, асабліва калі гэта абраз Багародзіцы, не павінен ні на адну хвіліну (нават калі вы на Вялікдзень мяняеце стары ручнік на новы, чысты) заставацца непакрытым. Акрамя «набожніка» — ручніка на іконе, у жытле павінны быць яшчэ два ручнікі на абавязковых месцах: гэта каля парога — ручнік-уціральнік, каб госць ці гаспадар мыў і ўціраў рукі, заходзіў у хату з чыстымі рукамі. І ручнік на ложках — гэта навалачкі і посцілкі з вышыванкамі. Часцей за ўсё — з падзорнікамі. Доўгімі прыгожа аздобленымі краямі, падобнымі на карункі, ці з кутасамі: падзорнік азначае «пад зорамі», адпачываць пад уладай нябёсаў.

Колер года

Фота Віталія ГІЛЯ
— Ручнік і вышыванка суправаджалі любую падзею ў жыцці чалавека: ад нараджэння да смерці. Нараджалася немаўлятка, і маці вышывала на сваім фартушку сонейка (гэта ў рэгіёнах бліжэй да Расіі) ці палосачку (цэнтр ці захад Беларусі) — па колькасці такіх фігурак людзі без усялякіх тлумачэнняў бачылі і разумелі, наколькі шматдзетная гэтая жанчына. Наступаў шлюб — на парозе дома маладых сустракалі ручніком з хлебам. Хлеб ляжаў на цэнтральным месцы ручніка, які быў вышыты абавязкова чырвоным колерам — сімвалам жыцця. Пасля вяселля маці жаніха, свякроў, падыходзіла да маладой, здымала з яе фату і надзявала сімвал жаночай долі — намітку ці доўгі мудрагеліста павязаны ручнік. Адзявала нявестцы і фартушок, а на ім — узоры менавіта іх сям’і. Так абазначалася, што дзяўчына пераходзіць ва ўладаранне іншых традыцый, другога роду. І на смерць, калі чалавек у вёсцы паміраў, не трэба было (ды і немагчыма) тэлефанаваць ці дасылаць тэлеграму. На крайнюю шыбу вывешвалі беласнежны ручнік. Так суседзі здагадваліся: у гэты дом прыйшла бяда і трэба ісці дапамагаць адправіць чалавека ў апошні шлях. Труну ў яму таксама апускалі на доўгім ручніку. Ён быў чыста белы, але краі, за якія трымаліся мужчыны, былі з чырвонымі ўзорамі — нібыта абаранялі жывых ад улады смерці. Белы колер у нашых продкаў быў зусім не колерам радасці. Колерам гора, — распавядае Аксана Катовіч.

Чаму ж тады маладых у самы радасны і адказны момант іх жыцця — на вяселле — таксама апраналі ў белае: сукенку, кашулю, фату? Дык жаніх і нявеста быццам бы паміралі ў сваім папярэднім жыцці. Белы колер тут быў знакам іх пераходу да новага жыцця — не дзяўчыны і хлопца, а жанчыны-жонкі і мужчыны-мужа. Зрэшты, вопратка жаніха і нявесты не была абсалютна белай. У хлопца — абавязковы чырвоны пояс з доўгімі канцамі (быццам бы абараняў жыццяродны орган). На рукавах сукенкі ў нявесты таксама чырвонае ( жанчына абараняла рукі, тое, што спатрэбіцца ёй у цяжкім працоўным сямейным жыцці). Менавіта чырвоным колерам малады з маладой «экраніравалі» — абаранялі сябе ад сурокаў.

— Белае, чырвонае і чорнае — тое, што гістарычна прысутнічае ў лёсе беларуса. Нават наша геаграфія — «рознакаляровая». Тую старажытную тэрыторыю Беларусі, якая калісьці ішла далёка за межы Расіі, называлі Белая Русь. Мясціны Навагрудка і заходнія землі — Чорная Русь. А вось Палессе, Прыпяць — гэта Чырвоная Русь. Паглядзіце на цэнтральную ці паўночную Беларусь — там жанчыны хадзілі ў выбеленым ільне. Зазірніце ў веткаўскі музей (Гомельшчына) — ручнікі аж «чырванеюць». Гэта наша прэрагатыва — белы, чырвоны і чорны — ішла ад прыроды. Выбельвалі лён на сонцы. Чырвоны бралі ад руды ці... ад бурачка, — расшыфроўвае Іван Крук.

Свае рэгіянальныя асаблівасці былі не толькі ў колеры, але і ў самім малюнку на ручніку. Там, дзе больш кветак, велізарных бутонаў і лісця, дзе ў перавазе раслінная тэматыка, — ведайце, гэта ручнікі з Палесся, з Гомельскага краю. 

Геаметрычныя малюнкі, хаткі, крыжы — гэта прыкмета заходняга рэгіёна, каталіцкіх краёў. Бывала, на намітках ці навалачках жанчыны вышывалі цэлыя гарады з велізарнымі дамамі, палацамі і касцёламі.

— У Валкавыску ёсць бабуля, якая пячэ дзівосныя торты для вяселляў. Яны ў яе трох’ярусныя, велізарныя. Дык вось на першым паверсе кулінарка размяшчае фігуркі сваякоў, гасцей, цыган. На другім — бацькоў маладых. А на трэцім не толькі пару жаніха з нявестай, але і... ксяндза! Гэта толькі падкрэслівае, як на захадзе краіны старэйшае пакаленне ставіцца да сваёй веры і да ролі святара. Яму давяраюць, яго слухаюцца, яго лічаць ледзь ці не галоўным чалавекам у сваёй сям’і, у сваім жыцці, — распавядае Аксана Катовіч.

Родавы аўтограф


Зрэшты, беларуская вышыванка — гэта не нейкая там прыкмета сялянскага побыту і жыцця. Нашая шляхта, заходнія беларусы і палякі, не грэбавалі ручніком ды арнаментам на вопратцы. Так, заможныя жыхары маглі сабе дазволіць і якасныя мануфактурныя рэчы, і хромавыя боты. Але пра арыгінальныя з узорамі сукенкі ды кашулі таксама не забывалі. Мы не вядзём гаворку пра арыстакратыю накшталт Радзівілаў — гэтыя фаміліі, вядома, жылі па еўрапейскіх канонах ва ўсім — і ў строях, і ў гардэробнай модзе таксама.

Прамаркіраваныя асаблівымі знакамі палотны — беларускія вышыванкі і ручнікі — для кожнай сям’і нібыта родавы аўтограф: у ім схаванае прозвішча, рэгіянальная гісторыя, узровень заможнасці, шматдзетнасць і веравызнанне . Гэта дакумент, які разам з самымі дарагімі рэчамі нашыя бабулі і прабабулі захоўвалі на дне хатніх куфараў і скрынь. Гэта гісторыя краіны і нацыі. Наш беларускі аўтэнтычны брэнд.

Алеся УЛАДЗІМІРАВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter