Песни, которуе долгое время считали народной, исполняется 45 лет

Ручнікі над Вярбою

1971 год. У эфіры ўсесаюзнага радыё — «залаты» склад «Песняроў» з прэмьерай песні. «Ручнікі» слухач успрыняў як народную і палюбіў імгненна. І самі выканаўцы доўгі час і ў канцэртах, і на пласцінках прэзентавалі твор як фальклорную «мулявінскую» апрацоўку. Што ж, музыка і сапраўды прагучала ў пазнавальнай рэпертуарнай стылістыцы беларускага ВІА, у плыні «Касіў Ясь канюшыну» ці «Калядачак». Але ж у слоў гэтага шлягера, які па сённяшні дзень перавыдаецца ў зборніках і анталогіях, ёсць свой аўтар. Не так даўно тэкст «Ручнікоў» быў пазбаўлены ананімнасці. І за славай немудрагелістых радкоў «У суботу Янка ехаў ля ракі, пад вярбой Алена мыла ручнікі» паўстала імя паэтэсы Веры Вярбы. Літаратаркі 1960—70-х. Яе ўжо некалькі гадоў няма, але гэты просты шэдэўр па-ранейшаму жыве. Сёлета «Ручнікам» спаўняецца 45.


— Скажы: «Песня «Ручнікі»», кожны будзе ведаць, скажы: «Верш Веры Вярбы», не кожны зразумее, — шчыра кажа пісьменнік Анатоль Бутэвіч. — Песня ж гэтая нават на самым пачатку свайго з’яўлення ахапіла неверагодную аўдыторую, была папулярная ад Брэста да Сахаліна. І сёння яна, як гаворыцца, наш беларускі брэнд. Мяркую, адных «Ручнікоў» паэтэсе хапіла, каб застацца ў нашай гісторыі.

Веры Вярбе было каля дваццаці, калі яна «прачнулася знакамітай». Суаўтар песняроўскага хіта спецыяльных ВНУ не заканчвала, звычайны філолаг. У сталіцу прыехала з вёскі Высокі Гарадзец, што на Талачыншчыне.

Гертруда Пятроўна Маркава — сапраўднае імя. Адразу, як паступіла ў БДУ, стала спрабаваць друкавацца ў газетах і часопісах. Яе ўзялі пад апеку ў рэдакцыях «Маладосці», «Работніцы і сялянкі», «Беларусі». Але параілі змяніць з прэтэнзіямі на «каралеўскае» бацькоўскае імя на больш просты творчы 

псеўданім. Папулярнымі ж тады былі раслінныя прозвішчы: Колас, Крапіва...

Гертруда, якая пасля замужжа стала Сакаловай, спачатку зашыфравалася, як Бярозкіна. Потым падабрала больш сугучнае сабе — Вера Вярба.

— Я ведаў яе асабіста, пэўны час працавалі побач, сустракаліся ў адным калідоры: яна працавала ў часопісе «Беларусь», я — у «Полымі», — узгадвае пра Вярбу пісьменнік Віктар Шніп. — Прыгожая і вытанчаная. Але мела смелыя паводзіны, паліла цыгарэты. Для мяне, тады вясковага хлопца, было нязвыкла — жанчына і паліць. Калі ж ужо вучыўся ў Маскве, пабачыў рознае. Дык вось яна вельмі была падобная на тых паэтэс, якія вучыліся ў Маскве. Вельмі сучасная, разняволеная. Але радок пісала лірычны, тонкі, узнёслы, блізкі да душы. І чалавекам была неабыякавым — апекавала многіх з тых, хто пачынаў у паэзіі.


«Ручнікі» ў чарнавіках Вярбы з’явіліся ўжо ў час яе афіцыйнай працы ў штаце «Літаратуры і мастацтва». У рэдакцыі часопіса маладая паэтэса мела магчымасць вучыцца ў класікаў і мець стасункі «сам-насам» з выдатнымі майстрамі пяра. Магла параіцца, напрыклад, з Аркадзем Куляшовым, які час ад часу заходзіў у «ЛіМ».

— Абыякавых да яе не было. Асоба вельмі яркая, прыгожая, — распавядае паэт і публіцыст Генадзь Пашкоў. — Гэта было відавочна, што літаратары старэйшага ўзросту стараліся павітацца з ёю, пагаварыць. Зрабіць камплімент. З вялікай сімпатыяй да яе ставіўся і мой настаўнік — Анатоль Вялюгін.

Аднойчы ў сціплы працоўны кабінет Гертруды Маркавай пастукаў і Уладзімір Мулявін. Ён, тады ўжо легенда, прызнаўся ў сімпатыі да слова маладой паэтэсы, паспрабаваў яго праспяваць.

— Я Мулявіна асабіста памятаю, — дзеліцца сын Веры Вярбы, Сяргей Сакалоў. — Сустракаліся на нашай кухні. Доўга размаўлялі з маці, жартавалі, бывала, — выпівалі сяброўскай кампаніяй. Пясняр быў такі вясёлы дзядзька, вельмі цікавы. Яны сябравалі, сумесна стварылі. Але пасварыліся, калі пасля выхаду песні было напісана: «словы і музыка народныя». Мама вельмі перажывала гэтую несправядлівасць, нават калі ўжо адкрылася праўда і яе прызналі аўтарам.

Пазней высветлілася, што ў «Ручнікоў» быў і аўтар мелодыі — Мікалай Пятрэнка.

Увогуле ж, нягледзячы на тайны і загадкі, сама песня мела шчаслівы лёс. Дарэчы, літаральна за некалькі дзён да зыходу Вярбы — у ліпені 2012-га, яе паэтычную падборку разам са знакамітымі «Ручнікамі» надрукавала аўтарытэтная «Літаратурная газета» ў Маскве. Вярбе тады — 70, і зноў — уздым славы.

Зрэшты, у паэтэсы за дзясятак вершаваных зборнікаў. Шмат вершаў перакладзены на іншыя мовы. Сама Вярба была перакладчыкам іншаземных твораў на беларускую мову. У радку — летуценніца, яна пісала пра каханне, пра мацярынства. І сама як маці была адданай. Адна расціла сына: з мужам мастаком Віталем Сакаловым развіталіся, калі іх дзіцяці быў толькі годзік.

— Творчаму чалавеку, асабліва жанчыне, цяжка быць пры сям’і, — шчыра прызнаецца пісьменніца Раіса Баравікова. — Мы ж, паэтэсы, маліліся на адзінага Бога — вершы, свае і чужыя. Усё нашае жыццё зводзілася да паэзіі. Памятаеце ў Маякоўскага «любовная лодка разбилась о быт»? І тут было таксама.


Калі сыну Вярбы споўнілася дванаццаць, яна сустрэла мужчыну, за якога хацела пайсці замуж. Выбраннік — з літаратурнага кола, разам ездзілі па Беларусі ў складзе папулярных тады канцэртных брыгад. Імя патэнцыяльнага «другога таты» сын нават і сёння трымае ў сакрэце, гаворыць адно: «Той мужчына па сёння жыве ў Мінску. Гэта я не хацеў, каб хтосьці з’явіўся ў нашай сям’і. Мама прызналася, што пакахала. Спытала, ці не буду я супраць, калі яна выйдзе замуж за добрага чалавека. Я адказаў, што гэта вельмі дрэнна і нават знаёміцца з ім не хачу. Яна мне саступіла. Больш пра каханне мы ніколі не гаварылі».

Можа, і ў гэтай асабістай акалічнасці прычына — апошнія дзесяць гадоў Вярба перастала пісаць і ўвогуле знікла з літаратурнага гарызонта. Напрыканцы 80-х яна купіла домік пад Мінскам і з’ехала туды назаўсёды. У вёсцы Крыжоўка свецкая дама пераўтварылася ў звычайную рупліўцу на зямлі. Разводзіла кветкі. Трымала агарод.

— Яна нават інтэрв’ю нікому не давала, хаця прасілі. Толькі адзіны раз паразмаўляла з журналістам па тэлефоне. І тое пасля вялікіх угавораў, — адкрываецца сын Вярбы. — Мама — модніца. Раней любіла быць у музеях, на выставах і вечарынах, а тут быццам бы стала адракацца ад людзей. Замкнулася. Яна стала хадзіць у царкву. Ставіла свечы, ведала маленні. Я паспрабаваў пагаварыць з ёю пра гэта, але яна адказвала: «Вырасцеш — сам усё зразумееш».

Адыход Вярбы ад актыўнай творчай працы і грамадскага жыцця яе сябры спрабуюць растлумачыць і яшчэ адной прычынай. У маладым узросце пайшла ад хваробы калега і сяброўка Вярбы. Паэтэса Еўдакія Лось пакінула жыццё маладой. Застаўся сіратой яе малы сын. Усё літаратурнае кола тады перажывала. Уражаная ж паэтэса Вярба зразумела, як належана берагчы сябе для дзіцяці, больш аддавацца адносінам з ім.

Спетыя «Песнярамі» «Ручнікі» сёння не толькі ў калекцыях савецкіх вінілаў, але ў першых радках сучасных хіт-парадаў. Напэўна, так і павінна быць: што тычыцца любых неардынарных падзей, твораў, асоб, то вакол іх сабрана і збіраецца зашмат таямніц, паданняў, нават плётак. Час ад часу з’яўляюцца і прэтэндэнты аспрэчыць аўтарства гэтай любімай у народзе і любімай пакаленнямі песні. Нядзіўна. У «Ручнікоў» зайздросная слава.

Тамара БАРЫСАВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter