Рубяжэвіцкі радавод

“Вось тут мы марым зрабіць музей яўрэйскай культуры і быту”, — Рамуальда Сабалеўская паказала на старэнькую хаціну з бярвення амаль у самым цэнтры вёскі Рубяжэвічы. Дзіўна, як засталася яна тут: будыніна, здаецца, мае не менш як 200 гадоў і выдзяляецца на фоне больш сучаснага пейзажу. Калісьці тут, на рубяжэвіцкай плошчы, сцвярджаюць Сабалеўскія, стаяла многа такіх хат. Па маставой, нібы мурашы ў мурашніку, снавалі людзі. Жыццё віравала, кіпеў гандаль. Рамуальда Ігнацьеўна адчыняе дзверы незвычайнай хаты і запрашае зайсці: нечакана цеснае памяшканне. Збоку яшчэ адны дзверы, а насупраць у сцяне — невялікае шкельца. Праз яго гаспадары маглі бачыць усё, што дзеецца ў іх маленькай краме, ці ёсць кліент…

Сям’я Сабалеўскіх са Стаўбцоўскага раёна вядзе летапіс свайго роднага краю. Толькі летапіс той — не папяровы…

“Вось тут мы марым зрабіць музей яўрэйскай культуры і быту”, — Рамуальда Сабалеўская паказала на старэнькую хаціну з бярвення амаль у самым цэнтры вёскі Рубяжэвічы. Дзіўна, як засталася яна тут: будыніна, здаецца, мае не менш як 200 гадоў і выдзяляецца на фоне больш сучаснага пейзажу. Калісьці тут, на рубяжэвіцкай плошчы, сцвярджаюць Сабалеўскія, стаяла многа такіх хат. Па маставой, нібы мурашы ў мурашніку, снавалі людзі. Жыццё віравала, кіпеў гандаль. Рамуальда Ігнацьеўна адчыняе дзверы незвычайнай хаты і запрашае зайсці: нечакана цеснае памяшканне. Збоку яшчэ адны дзверы, а насупраць у сцяне — невялікае шкельца. Праз яго гаспадары маглі бачыць усё, што дзеецца ў іх маленькай краме, ці ёсць кліент…

Трагічныя старонкі гісторыі

Хата яшчэ захавала штосьці з прадметаў, якімі карысталіся яе гаспадары-яўрэі. Да вайны тут жылі каля дзвюх тысяч прадстаўнікоў гэтай нацыі, менавіта яўрэі калісь і заснавалі Рубяжэвічы на старым Віленскім шляху.

— Было гэта ў канцы чатырнаццатага — пачатку пятнаццатага стагоддзя, — так Рамуальда Ігнацьеўна прачытала ў архівах. Яны з мужам Тадэвушам Люцыянавічам — знакамітыя на Стаўбцоўшчыне (дый не толькі) аматары-краязнаўцы. Ужо і самі не памятаюць, колькі ж год цікавяцца гісторыяй родных Рубяжэвічаў і наваколля. Захапленне Сабалеўскіх краязнаўствам ведаюць і ў некаторых беларускіх турфірмах — вось і звяртаюцца да іх, каб… правялі экскурсію. Тады самая звычайная на першы погляд беларуская вёска Рубяжэвічы паўстае перад дапытлівым слухачом у зусім новым святле.

…Шмат і радасных, і трагічных старонак зазналі за гады свайго існавання Рубяжэвічы. На гэтай зямлі некалькі стагоддзяў запар мірна жылі прадстаўнікі розных нацый: беларусы, яўрэі, палякі. Не дзіўна, што мова, якой карыстаюцца спрадвечныя насельнікі Рубяжэвічаў і наваколля, спазнала ўплыў розных культур.

— Дома мы гаворым на “сваёй” мове: беларускае слова, польскае, больш пазнейшае рускае — усё спалучаецца ў нашай мясцовай гаворцы, — расказвае Рамуальда Ігнацьеўна. — Што закладзена ў дзяцінстве, цяжка перайначыць.

У Вялікую Айчынную вайну Рубяжэвічы спасціг такі ж лёс, як і Івянец, што ў суседнім Валожынскім раёне. Тут фашысты арганізавалі гета. У Рубяжэвічы звозілі пераважна пажылых людзей і малых дзяцей. А 9 чэрвеня 1942 года іх павялі на расстрэл. “Шлях смутку” — такая шыльдачка адзначае зараз тую дарогу. У лесе, дзе ў брацкай магіле знайшлі спакой 360 яўрэяў, жыхары Рубяжэвічаў пасля вайны паставілі помнік. А даглядалі яго вучні Рубяжэвіцкай сярэдняй школы, дзе, дарэчы, настаўніцай рускай мовы і літаратуры працуе Рамуальда Сабалеўская. Новы помнік-напамін аб жудаснай трагедыі 1942 года з’явіўся ў 2001 годзе дзякуючы Міхаілу Абрамавічу Белкіну, які родам таксама з Рубяжэвічаў. Так і стаяць яны — два помнікі — поруч…Менавіта Вялікая Айчынная вайна, як няцяжка здагадацца, і была прычынай таго, што яўрэі пакінулі заснаванае імі мястэчка. Не ўбачыш у Рубяжэвічах больш і сінагогі: а іх тут калісь было дзве…

Як цар вярнуў касцёл

…Адзін з самых старых у Рубяжэвічах будынкаў — гэта, бадай, касцёл Святога Юзафа. У 2006 годзе ўрачыста адзначалася 100-годдзе з моманту яго заснавання.

…Шчыра кажучы, мне даводзілася бачыць і больш старыя, і не менш прыгожыя за Рубяжэвіцкі касцёл культавыя пабудовы. Але такога адчування велічы і разам з тым спакою не было яшчэ нідзе. Можа, прычына таму — незвычайная, насамрэч дзіўная гісторыя яго стварэння. Я ўжо казала, што на долю Рубяжэвічаў выпала нямала трагічных старонак. Адна з іх расказвае пра тое, як мясцовыя вернікі-каталікі… ледзь не страцілі свой прыход.

Цікавая рэч звяртае на сябе ўвагу адразу: касцёл у Рубяжэвічах — Святога Юзафа, а вось парафія чамусьці — Святога Антонія.

— Першы каталіцкі касцёл — Святога Антонія — з’явіўся ў нас у 1799 годзе. Але ў 1860-я гады, пасля паўстання Кастуся Каліноўскага, ён, рашэннем расійскіх улад, быў перабудаваны ў царкву, — тлумачыць Рамуальда Ігнацьеўна. — Ужо ў новым, дваццатым, стагоддзі мясцовыя жыхары адбудавалі новы касцёл — Святога Юзафа, але назву парафіі захавалі ранейшую. Так што парафія ў Рубяжэвічах старэйшая за касцёл на сто з лішкам гадоў!

Пакуль я з захапленнем аглядаю сцены касцёла з чырвонага часанага каменю (няўжо гэта чалавечыя рукі зрабілі?!), Рамуальда Сабалеўская ўжо перакладае з польскай мовы: “Год 1866. На гэтым месцы будзе касцёл рыма-каталіцкай веры. Сведчу.” Такі надпіс захаваў валун, што ля самых дзвярэй касцёла. А пад тымі словамі — дзве вялізныя літары: “А.Т”. Гэты магутны валун мясцовыя жыхары называюць “Камень Антонія Тура”.

— Жыў у XIX стагоддзі ў нашых мясцінах такі мешчанін — шчыра веруючы быў, — працягвае свой аповед пані Рамуальда. — Калі стары касцёл аддалі пад царкву, сем тысяч прыхаджан засталіся без малітоўнага дома. Гэта моцна ўразіла Антонія. Тры разы хадзіў ён у Пецярбург, каб атрымаць дазвол цара на будаўніцтва новага касцёла — і тры разы безвынікова. Тады знайшоў ён у полі камень, расказвалі старажылы, і выбіў на ім гэты надпіс. Дорага каштаваў той учынак усёй сям’і Тура: іх выслалі ў Сібір. Правёў Антоній там акурат сем гадоў, вярнуўся дахаты  і неўзабаве — зноў да цара!  Цікава, але нарэшце атрымаў дазвол, праўда, з умовай — кіравацца пры ўзвядзенні касцёла ўказаннямі мінскага губернатара. Той жа запатрабаваў будаваць малітоўны дом толькі з часанага каменю. І не больш як чатыры гады!

Такую вось прыгожую легенду перадаюць з пакалення ў пакаленне тутэйшыя жыхары. Можа, і не ўсе дэталі тут  дакладныя. Але Антоній Тур  існаваў сапраўды. Ягоныя нашчадкі цяпер жывуць у Польшчы і часцяком цікавяцца справамі ў касцёле, — расказвае мне Рамуальда Ігнацьеўна. — Мабыць, адчуваюць адказнасць за справу свайго продка.

Касцёл насамрэч будавалі чатыры гады — гэта здаецца неверагодным, калі ўлічыць, што пад’ёмных кранаў у тыя часы не існавала, людзі працавалі рукамі, усім, як кажуць, мірам. Пачалася будоўля ў 1906 годзе, штодня, кажа мая суразмоўца, тут працавалі 50 каменячосаў. Замест цэментнага раствору — сумесь вапны, кіслага малака і яек.

…Першая служба прайшла ў новым касцёле ў 1910 годзе. Антоній Тур да гэтага часу, на жаль, не дажыў…

Цікава, але быццам вышэйшыя сілы апекавалі новы касцёл. Ён ніколі не зачыняўся, і ніколі не змаўкаў у ім арган. А вось стары касцёл, які каталікі вярнулі сабе пры Польшчы, як і адзіную рубяжэвіцкую праваслаўную царкву, спасціг сумны лёс. Пры савецкай уладзе ў ім быў клуб, потым — зернесховішча. А ў 1975 годзе старадаўні будынак проста… разабралі. На тым месцы цяпер жывуць людзі. І намаганнямі прыхаджан па ініцыятыве Сабалеўскіх адкрыты помнік: вялізны бетонны крыж, які Тадэвуш Сабалеўскі адліваў сам. Усталёўваць памятны знак дапамагалі і аднавяскоўцы, падтрымалі добрую справу старшыні сельвыканкама і калгаса. 13 чэрвеня 1999 года, акурат на двухсотгоддзе парафіі, тут адбыўся крэсны ход. Рамуальда Ігнацьеўна звяртае маю ўвагу на яшчэ адзін прадмет ля крыжа: прадаўгаваты камень, выдзеўбаны ўнутры — гэта крапільніца са святой вадой, якая і 200 гадоў таму сустракала вернікаў пры ўваходзе ў стары касцёл. Калі яго разбіралі, нехта з сялян прыхаваў крапільніцу: падкаціў пад рог хаты. А калі адкрывалі гэты помнік — рэліквію вярнулі, паставілі ля крыжа.

Праваслаўную царкву — з дрэва — у Рубяжэвічах пабудавалі параўнальна нядаўна. На месцы ж былога храма цяпер стаіць будынак сельвыканкама. Але Сабалеўскія вераць, што памятны знак хутка з’явіцца і тут. Як напамін пра пакуты вернікаў —  і, на вялікі жаль, пра рэлігійны вандалізм…

Пра малую радзіму і сямейныя карані

— Жыццё кароткае. І так хочацца паспець нешта патрэбнае зрабіць! Гісторыя ж малой радзімы — гэта патрэбна! — так тлумачаць сваё захапленне краязнаўствам Рамуальда і Тадэвуш Сабалеўскія. Ім удалося захаваць для нашчадкаў шмат прадметаў даўніны. А галоўнае — уратаваць памяць. Штосьці са сваіх экспанатаў яны часам выстаўляюць у школе ці ў сельскім клубе, дзе Тадэвуш Люцыянавіч працуе дырэктарам. Гэта Сабалеўскія, між іншым, падалі ідэю стварыць ля касцёла своеасаблівы музей камянёў. Колькасць валуноў у ім — роўная колькасці вёсак, што ўваходзяць у тутэйшую парафію, і кожны так і называецца: Жыдавічы, Літва, Доўнары… Усяго — 43 камяні! Гэтую ідэю тады з захапленнем падтрымалі прыхаджане і кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў. Кожная вёска старалася адшукаць на сваіх палях найбуйнейшы валун — каб годна сярод суседзяў выглядаць. Вось так і з’явіўся ў Рубяжэвічах свой музей камянёў.

Аднак фантазія неўтаймаваных Сабалеўскіх — у добрым сэнсе, канешне ж, — на месцы не стаіць… Не ведаю, як на ўсё гэта хапае ім і часу, і моцы.

Такіх, як сям’я Сабалеўскіх, звычайна называюць энтузіястамі — за сваю добрую справу яны не атрымліваюць грошай. Дзеці — а іх у Рамульды і Тадэвуша Сабалеўскіх пяцёра — з разуменнем ставяцца да захаплення бацькоў, дапамагаюць ім.

Цікаўнасць да гісторыі малой радзімы, напэўна, прывяла да таго, што Сабалеўскія захапіліся і гісторыяй ўласнага роду: Тадэвуш Люцыянавіч крышку апярэдзіў жонку: сваіх продкаў ён адшукаў ужо да шостага пакалення.

— Бацька мой, — распавёў Тадэвуш Сабалеўскі, — добра ведаў свой радавод. Шкада, што распытаць яго аб усім не паспеў. Задумаўся аб тым, як тата паміраў: цэлы вечар запісваў ягоныя ўспаміны. Зразумела, не ўсё змог занатаваць. А на наступны дзень бацькі не стала…

Сабалеўскія — людзі мясцовыя, па паходжанні — палякі. У польска-беларускай культуры (Рамуальда Ігнацьеўна зноў нагадвае пра цеснае спалучэнне культур на рубяжэвіцкай зямлі) выхоўвалі і сваіх дзяцей. Тыя добра ведаюць і рускую, і беларускую, і польскую мовы, якія вывучалі ў мясцовай школе. Польскі фальклор складае асноўны рэпертуар іх незвычайна  вялікага — амаль на два дзесяткі чалавек — сямейнага ансамбля, які сабраў усіх сваякоў. Дарэчы, ансамбль Сабалеўскіх “Чырвонэ яблушко” — часты госць на раённых святах. Тадэвуш Люцыянавіч — кіраўнік ансамбля, выдатны акардэаніст (і арганіст!).

Што яшчэ цікава — усе пяцёра дзяцей Сабалеўскіх жывуць разам з бацькамі, малую радзіму не пакінуў ніхто. Старэйшая дачка, якую назвалі ў гонар маці Рамуальда, працуе настаўніцай у Рубяжэвічах. Яе муж, таксама хлопец мясцовы, — дырэктарам Тонаўскай школы. У іх ужо двое дзетак: Ігнат і Марта. Другі сын, Люцыян, працуе ў прадпрымальнікаў, што ўзяліся за аднаўленне Сулы. Трэцяя дачка, Таццяна, замужам за мінчанінам, але яны таксама жывуць тут. Таня настаўнічае ў Тонаве ў пачатковых класах, а яе муж Міхаіл  працуе электрыкам на птушніку, у іх расце маленькая дачушка Ганначка.  Настаўніцай працуе і чацвёртая, Ніна. А вось малодшы сын Вадзіслаў — той, што грае на трубе — яшчэ студэнт. Хоча займацца менеджментам у турызме…

…Нездарма кажуць: чалавек, адарваны ад сваёй гісторыі, культуры, традыцый — што дрэва без каранёў. І нідзе ад яго карысці людзям не будзе. Вялікая сям’я Сабалеўскіх — узор зусім іншы. І ведаеце, пра што падумала, калі выправілася з Рубяжэвічаў у шлях? Эканамісты, грамадскія дзеячы б’юцца над тым, як прыпыніць адток моладзі ў гарады. І працы ж на вёсцы хапае, і новыя дамы вам — калі ласка… А ўсё роўна меншае вясковых жыхароў… Дык, можа, справа не толькі ў эканамічных выгодах?..

Наталля ШЧАСНАЯ, “БН”

Стаўбцоўскі раён

НА ЗДЫМКАХ: Рамуальда САБАЛЕЎСКАЯ запрашае ў будучы музей яўрэйскай культуры і быту; …а так выглядае ён збоку; Рубяжэвіцкі касцёл.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter