РУБЯЖЭВІЧЫ: водар зёлак i шляхетнасцi

Мястэчка на Стаўбцоўшчыне славiцца сваёй фiтааптэкай, багатай гiсторыяй i людзьмi, адданымi свай веры i радзiме Заходнебеларускiя мястэчкi маюць вельмi своеасаблiвую атмасферу. Людзi тут перажылi тры вайны, побач часам жывуць вернiкi трох канфесiй, некаторыя са старажылаў яшчэ памятаюць, як жылося “пры Польшчы”. Да новых людзей ставяцца крыху насцярожана, але з цiкаўнасцю. Мова ў iх таксама адмысловая, дзiвосна мяккая. I адчуваецца ў людзях нешта няўлоўнае, далiкатнае, нiбы тонкi пах вербены, — шляхетнасць. Каб трапiць у гэты незвычайны свет, не трэба нават ехаць далёка на Захад. Пагодным вясеннiм дзяньком я села на электрычку i праз некалькi гадзiн, пад’ехаўшы на машыне, трапiла ў мястэчка Рубяжэвiчы Стаўбцоўскага раёна.

На рубяжы даўнiны i будучынi
Узнiклi Рубяжэвiчы ў ХIII—ХIV стагоддзях. Вядома, што ў сярэдзiне ХVI стагоддзя тут праходзiла лiтоўская мяжа з-пад Брэста праз Мiнск, Навагрудак i аж да Дзвiны i пскоўскiх уладанняў. Была тут ускраiна Лiтвы, названая па-славянску “рубеж”, адсюль, верагодна, i паходзiць назва мястэчка Рубяжэвiчы. Змянiлася пазней мяжа Лiтвы, i Рубяжэвiчы ўвайшлi ў склад агромнiстага Койданаўскага графства (ХVI—ХVII стагоддзi). У 1550 годзе кароль Жыгiмонт Аўгуст перадаў Рубяжэвiчы Мiкалаю Радзiвiлу. Мястэчка стала рэзiдэнцыяй Радзiвiлаў (ХVII стагоддзе), цэнтрам няўборскiх уладанняў, узмацнiлася i вырасла. Налiчвала да 2000 жыхароў.
У ХVIII—ХIХ стагоддзях Рубяжэвiчы былi тыповым гандлёва-рамеснiцкiм мястэчкам. Былi тут рознага роду майстры: кавалi, ткачы, гарбары, стальмахi, цесляры i да т.п. У цэнтры, на плошчы ў прызначаныя днi ладзiлiся тут вялiкiя кiрмашы. Прыязджалi купцы i гандляры з Вiльнi, Лiды, Мiнска. Былi ў Рубяжэвiчах, як i належыць мястэчку, касцёл, сiнагога i царква. Нягледзячы на сваё старажытнае паходжанне, Рубяжэвiчы, аднак, не ператварылiся ў горад. Новыя дарогi на Вiльню i Брэст абмiнулi мястэчка. У паўднёва-заходнiм напрамку праз Стоўбцы прайшла чыгунка. Такiм чынам, у пачатку XX стагоддзя Рубяжэвiчы, застаўшыся ў баку ад вялiкiх дарог, прыцiшылi бег у нагу з часам, пачаўшы пакрысе ад яго, iмклiвага, адставаць. Пра былую местачковую славу, пра шумныя рубяжэвiцкiя кiрмашы нагадваюць цяпер драўляныя, са слядамi тынкоўкi “тарговыя дамы” на высокiх каменных фундаментах. На галоўнай брукаванай вулiцы можна заўважыць старажытныя каменныя прыступкi, дзе стаялi калiсьцi яўрэйскiя гандлёвыя крамы. Старадаўнi Вiленскi тракт у цэнтры мястэчка спускаецца да месца, дзе быў млын, i моста праз раку Сула...
Згода веры i саслоўяў
Як расказала настаўнiца Рубяжэвiцкай сярэдняй школы Рамуальда Сабалеўская, адметнасць мястэчка ў тым, што праваслаўныя, каталiкi i яўрэi заўсёды мiрна ў iм ужывалiся, з павагай ставiлiся да святаў iншых.
— Раней, калi праваслаўныя або каталiкi iшлi пасля набажэнства дадому, яўрэi добразычлiва запрашалi iх да сябе, частавалi i часта давалi тавары на павер. У нас спрадвеку адзначалi толькi рэлiгiйныя святы. Тое ж Купалле святкаваць не было прынята. Нават i зараз не атрымлiваецца: сплятуць некалькi дзяўчатак вянкi, запалiць моладзь вогнiшча, але ж... Не ляжыць да гэтага душа.
Калiсьцi ў Рубяжэвiчах было дзве сiнагогi, “зiмовая” i “летняя”, але зараз яны разабраны. (Малiцца ў iх i не было б каму: шмат рубяжэвiцкiх яўрэяў эмiгрыравала, астатнiх немцы расстралялi ў 1942 годзе.) У 1867 годзе ў Рубяжэвiцкую царкву iмператарам Аляксандрам II была прыслана iкона Казанскай Божай Мацi, памешчыкам Сулы Аляксандрам Ленскiм падаравана iкона з выявай зняцця з крыжа Хрыста, намаляваная маслянымi фарбамi.
Дарэчы, менавiта дзякуючы сям’i Ленскiх Рубяжэвiчы ў 1922 годзе адышлi да Польшчы. Справа ў тым, што мяжа павiнна была прайсцi акурат па галоўнай вулiцы Рубяжэвiчаў. Але на “савецкiм” баку тады засталося б своеасаблiвае “лецiшча” Ленскiх, куды яны звычайна прыязджалi з Варшавы ўлетку. I таму шляхецкая сям’я “дагаварылася”, каб пры падзеле “адрэзалi” мяжу на тры кiламетры далей. Цiкава, што пасля ўз’яднання Беларусi ўсе местачкоўцы заступiлiся за апошнюю з роду Ленскiх i не далi саслаць яе ў Сiбiр. Альжбэта Ленская так i дажыла апошнiя гады ў домiку аканома. Пасля яе застаўся вельмi прыгожы габелен, вышыты былой шляхцянкай.
Рубяжэвiчы вядомы як малая радзiма яшчэ адной шляхецкай сям’i. Усе продкi Янкi Купалы па мацярынскай лiнii пахаваны на рубяжэвiцкiх могiлках. Дарэчы, школьнiкi на чале з Рамуальдай Iгнацьеўнай знайшлi ўсе магiлы i зараз даглядаюць iх. Ёсць мара зрабiць у мястэчку музей мацi слыннага паэта. Местачкоўцы расказваюць, што Бянiгна Iванаўна, мацi песняра, падаравала ў пачатку стагоддзя новаму касцёлу абраз Мацi Божай Вострабрамскай. I дагэтуль абраз упрыгожвае касцёл, якi таксама мае незвычайную гiсторыю стварэння.
Местачковец Антонiй Тур тройчы хадзiў у Пецярбург з прашэннем на дазвол пабудаваць касцёл. Але згода не была атрымана. У 1866 годзе Антонiй выбраў вялiкi камень i прывёз на пясчаны ўзгорак. На каменi ён напiсаў: “Тут будзе пабудаваны каталiцкi касцёл”. Каля касцёла i сёння ляжыць гэты камень. За яго Антонiй Тур быў сасланы ў Сiбiр. Дазвол на пабудову касцёла далi толькi ў пачатку XX стагоддзя. Адзiная ўмова — на пабудову адводзiлася толькi чатыры гады. Архiтэктары задумвалi стварыць вельмi вытанчаны будынак з 11 вежамi, але прыйшлося спрасцiць праект з-за недахопу часу. Тым не менш велiчныя вежы касцёла, створанага ў неагатычным стылi, захапляюць i зараз.
Царква, разбураная ў савецкi час, адбудавана ў Рубяжэвiчах зусiм нядаўна. Пра гэта расказаў адзiн з самых старых местачкоўцаў Iван Пятровiч Бунчук:
— Нашу царкву разабралi (у 1976 годзе. — А.Я.), бо хацелi сельсавет паставiць, а там жа былi могiлкi. Столькi многа было iкон, што не было куды павесiць! А потым iконы забралi ў Дзяржынск. Калi ж мы сталi рабiць царкву, забралi iконы назад. Я цэлую зiму, дзень у дзень, хоць i хварэў, але хадзiў i рабiў асадкi на iконы, i падлогу мы зрывалi, мянялi... (царкву перараблялi з былой клебанii бацюшкi. — А.Я.). Сала нарэжу, каб людзi, якiя дрэва на царкву рыхтавалi, паелi... Бо я быў хворы i iнакш не мог дапамагчы. I за 9 месяцаў сваiмi рукамi адбудавалi царкву. I усё ж такi, мая дзетачка, ёсць Бог... Памятаеце, была вялiкая бура: дрэвы ламала, будынкi варочала... А мы толькi паднялi зруб i паставiлi на калодкi. Пасля буры пайшлi глядзець, на якую старану царкву перавярнула. Дык што? Вiшнi вакол паламала, а царквы не зачапiла...

У мiнулым у Рубяжэвiчах было шмат яўрэяў i палякаў, ну i беларусаў, канечне. Вядома, што сталася з яўрэямi. Зараз па спiсах сельсавета палякаў у Рубяжэвiчах 57 працэнтаў, а ў Новых Рубяжэвiчах — 37 (наогул да Рубяжэвiцкага сельсавета прыпiсана 1617 чалавек. — А.Я.).  Астатнiя — беларусы, рускiя, некалькi ўкраiнцаў, ёсць нават цыган.
Рубяжэвiчы працягваюць жыць на зямлi. Новыя Рубяжэвiчы за рэчкай абрастаюць новымi вулiцамi, у наступным годзе там плануецца адкрыць аграгарадок. У Новых Рубяжэвiчах — 293 жыхары, у Рубяжэвiчах — 264. Мястэчка для iх — не пусты гук. Рамуальда Сабалеўская расказвала, што калi на свяце Рубяжэвiчаў яна называла iх то вёскай, то мястэчкам, усе яе папраўлялi — кажы “мястэчка”. Дзякуючы праграме адраджэння вёскi правялi ў Рубяжэвiчах газаправод. У мясцовую сярэднюю школу, якой у гэтым годзе спаўняецца 140 гадоў, ходзiць каля двухсот дзяцей. Хочацца верыць, што дзякуючы аграгарадку дзяцей у блiжэйшыя гады будзе яшчэ больш. Местачкоўцы вельмi прывязаны да свайго куточка, i моладзь зможа вярнуцца пасля атрымання адукацыi дадому, у родныя Рубяжэвiчы.
У Рубяжэвiчах кажуць, што калi хто да iх завiтае праездам, абавязкова затрымлiваецца або вяртаецца iзноў. Мне вельмi хацелася затрымацца, пагартаць унiкальныя дзённiкi яўрэйскай дзяўчынкi, падыхаць празрыстым прыкасцёльным паветрам... Затрымацца не ўдалося, давядзецца вяртацца... Вельмi спадзяюся, што журналiсцкiя дарогi прывядуць мяне сюды зноў.

Мiнск—Рубяжэвiчы—Мiнск
Р.S. Аўтар выказвае шчырую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу кiраўнiку аддзела iдэалагiчнай работы Стаўбцоўскага райвыканкама Марыi Станкевiч i супрацоўнiку аддзела Анатолю Богдану.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter