Рубiльнiк

Адправіўшы людзей, iх i калгасную худобу, мы пайшлi зноў па дварах — каб жа (не дай Бог!) нiхто ў мёртвай вёсцы не застаўся!

Адправіўшы людзей, iх i калгасную худобу, мы пайшлi зноў па дварах — каб жа (не дай Бог!) нiхто ў мёртвай вёсцы не застаўся! Пасярод аднаго з iх было высыпана збожжа, пустыя мяшкi валялiся побач. Пшанiца, жыта, авёс ляжалi горкай. Каля яе з поўнымi валлякамі, нехаця, грэблiся куры, штук трыццаць i (што кiнулася ў вочы) — усе чорныя. Заглянулi ў хлявы, бо былi выпадкi, што людзi хавалiся ў iх, каб жа нiкуды не ехаць з дому. У куратнiку на невялiкай вышынi былi размешчаны курыныя скрынкi-гнёзды. Яны былi поўныя яек. Некаторыя ўжо пападалi на зямлю i паразбiвалiся. Горка i балюча было глядзець на гэтую карцiну: пэўна, гаспадары ўсе гэтыя днi не краналiся тых яйкаў. А нясушкi ж спраўна неслiся. У другiх дварах (каля такiх жа горак збожжа) гаспадарылi-жыравалi разам з курамi гусi, iндыкi, качкi з вывадкамi — гаспадары не пакiнулi сваё птаства без харчу. Да аднаго з хлявоў прывяло вiшчанне-рохканне галоднай жывёлiны. Заглянулi, а там — здаравенны кныр, са злiпшымiся ад голаду бакамi. Мабыць, гаспадары пакiнулi сваё селiшча раней за аднавяскоўцаў. Пашкадаваўшы скацiну, адкрылi засаўку…

Потым у адной з хат агледзелi соннага, падвыпiўшага дзядка, якi зашыўся-захаваўся ў запечку i выдаваў сябе  глухiм. А калi мы сiлком пачалi яго выцягваць, дык ён падняў гвалт, што ў яго ў хляве два адкормленых кабаны i што ён iх не пакiне. Прыйшлося шукаць для тых дзедавых таўстуноў калгасны грузавiк, самiм грузiць iх у кузаў, а дзядка — у кабiну i адпраўляць следам за аўтобусамi.

Яшчэ адна хата аказалася не замкнёнай. У ёй жыла старая-старая бабуля, якая абапiралася на два кiёчкi. Яна так плакала i ўмольвала нас той ноччу, у час абходу, каб яе «не чапалi, што ножачкi яе ўжо не данясуць да аўтобуса, i што яна ўжо прыгатавалася перасялiцца на могiлкi да сваiх родных». Вiдаць, Бог   пачуў яе малiтву-просьбу. У ноч, перад выездам, суседзi агледзелi яе нежывой, не вытрымала, бедная, такога стрэсу. Старэнькую (спехам тыя ж суседзi) арганiзавалiся i пахавалi каля яе родных на вясковых могiлках…

У некаторых дварах стаялi прыгатаваныя для сяўбы мяшкi з бульбай, выбранай з капцоў. У iншых капцы так i засталiся нявыбранымi…

Пакуль адны з нас абыходзiлi двары, Вера Акулiч i спецыялiсты гаспадаркi складвалi ў скрынкi i мяшкi працоўныя кнiжкi калгаснiкаў, дакументацыю. А мы павiнны былi праверыць усе дзяржаўныя аб’екты (цi апячатаныя, апламбаваныя?): магазiн, ФАП, клуб, бiблiятэку, калгасную кантору, сельсавет, школу. Абышлi, праверылi. Заставалася фiнальная справа — адключэнне рубiльнiка калгаснай падстанцыi.

Няпростай аказалася гэтая задача: перад рубiльнiкам тым Васюк застыў, як укопаны, i мы — побач.

«Ой, хлопцы, не магу, як жа яго вырубiць — гэта ж я пахаваю i калгас, i вёску!» — на твары Iвана Мiкалаевiча выступiлi кроплi поту, а на яго аблiччы адбiлася столькi пакуты i душэўнага болю, што i нам стала не па сабе. Так ён стаяў i мучыўся некалькi хвiлiн. Мы яго разумелi. Але iншага выхаду нi ў яго, нi ў нас не было. Цяжка ўздыхнуўшы, адвярнуўшыся i апусцiўшы галаву ўнiз, як не сваёй рукой, сабраўшыся з сiламi,  Васюк усё-такi мусiў апусцiць-адключыць рубiльнiк. Не згаворваючыся, мы ўсе стаялi яшчэ колькi часу на тым месцы — пачуццё ва ўсiх нас было такое, нiбы мы толькi што пахавалi вельмi роднага i блiзкага чалавека. «Мiнута маўчання» доўжылася ў некалькi разоў болей. Як капiтан апошнiм пакiдае свой тонучы карабель, так i Iван Мiкалаевiч тым апусканнем рубiльнiка прыпынiў жыццё-iснаванне сваёй гаспадаркi. Мы  былi  поплеч з iм. Разам апошнiмi пакiдалi i стаўшую роднай для ўсiх нас гэтую зямлю.

А вакол стаяла жудасная цiшыня: без крыку-гаму, плачу людзей, рыкання кароў. Нават не чутна было птушынага спеву, толькi на коле-гняздзе каля адной з хат трывожна клекаталi буслы, як бы пытаючы: а куды ж гэта вы, людзi, падзелiся ўсе? Прыляцелi, бач, бедалагi, як заўжды, да свайго роднага краю, да свайго гняздзечка i адны засталiся. Не, не адны: па-над стрэхамi хат, вакол электрычных правадоў трывожна, як перад дажджом, шугалi-шчабяталi ластаўкi. Цi ж выжывуць яны ў гэтай радыяцыйнай задусе разам з сямействам буслоў?

Мы моўчкi, у цяжкiм задуменнi, паселi ў «пазiк» i пачалi пакiдаць пусты Радзiн, у якiм заставалiся толькi вайсковыя. Яны ўзялi пад ахову пакiнутую тэрыторыю. За намi пагналася гайня вясковых сабак, злосна абрэхваючы аўтамабiль i нас у iм, нiбы гэта мы прынеслi сюды бяду i забралi з дамовак iх гаспадароў. Над сялом кружыўся-вiўся птушыны пух. Гэта чароды хатніх птушак, што засталiся без прыгляду i жыравалi каля гуртоў збажыны, станавiлiся ахвярамi пакiнутых (разам з iмi) галодных, пачаўшых дзiчэць, сабак. Чарнобыльскi вецер, акрамя свайго страшэннага радыяцыйнагу пылу, разносiў вакол i падымаў вiтком уверх купы птушыных пуху i пёраў. Яны, нiбы воблакi бела-шэрага туману, закрывалі, хавалі, стаўшую ўжо мёртвай, вёску…

Раiса ДЗЕЙКУН

НЕПЕРЕСЕЛЕНЦЫ

Тульгавічы — адзіная заселеная вёска Хойніцкага раёна, якая знаходзіцца ў зоне адсялення. Некалькі чалавек, якія жывуць тут,  не сталі перасяляцца з   родных   месцаў пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Зараз у Тульгавічах засталося некалькіх старых людзей. Усім неабходным іх забяспечвае аўтакрама, акрамя таго, большасць жыхароў трымае асабістую гаспадарку.

НА ЗДЫМКАХ: камандзір аддзялення міліцыі  па ахове тэрыторыі радыёактыўнага забруджвання Сяргей ШПАРУН мае    зносіны з жыхаром вёскі Тульгавічы Іванам ШАМЯНКОМ падчас патрулявання зоны адсялення; жыхарка вёскі Тульгавічы Надзея ШАМЯНОК.

 Фота БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter