Прыватнікі, каб прыманiць здатчыкаў грыбоў, павысiлi кошты ўдвая

Рубель здымае шляпку

Збор і здача грыбоў і ягад — нядрэнны спосаб прыработку для многіх. Сёлета ў Гродзенскай вобласці грыбоў няшмат, а ягад і таго менш. Ільвіная доля дзікарослых пры гэтым дастаецца прыватным нарыхтоўшчыкам. Яны прапануюць больш высокую цану і прывабліваюць даступным размяшчэннем. Выходзіш з лесу — а яны тут як тут. Ці бачаць праблему кааператары і як яе вырашаюць?

Грыбоў хопіць усім.


На хлеб з маслам хапае

Аграгарадок Парэчча Гродзенскага раёна — рай для грыбнікоў і ягаднікаў. У выхадныя дні дызель-цягнік убывае ад платформы забіты пад завязку аматарамі ціхага палявання. У добры год можна нядрэнна зарабіць і нават назбіраць грошай на недарагі аўтамабіль. Панядзелак — не паказальны дзень для таго, каб ацаніць маштаб жадаючых здаць вынікі сваёй працы. Але прыватныя нарыхтоўшчыкі пачынаюць сваё «дзяжурства», каб да вечара здаць «улоў» на перапрацоўчыя фірмы.

У Парэччы нарыхтоўшчыкаў доўга шукаць не трэба. Іх легкавушкі і мікрааўтобусы ў радок выстраіліся недалёка ад чыгуначнага палатна. Некаторыя прымаюць грыбы і ягады на невялікім кірмашы побач з рэстаранам «Правінцыя». Падыходжу да пары, якая на белым мікрааўтобусе бярэ лісічкі. Зоя Абухоўская ўжо 10 гадоў у сферы нарыхтовак. У свой час працавала ў дзяржаўнай нарыхтоўчай канторы, але вырашыла, што на прыватніка працаваць больш цікава.

— Здаём тавар у гродзенскую фірму. Там жа назначаецца цана. Напрыклад, у пятніцу яна дасягнула 7,5 рубля. У суботу і нядзелю была ад 6,5 да 7 рублёў за кілаграм. А вось сёння адбылося рэзкае зніжэнне — усяго 4 рублі. Усё залежыць ад якасці лісічкі. Зараз яна сухая і не мае добрага таварнага выгляду. Але прыносяць і здаюць нават па такому кошту. Грыбоў сёлета няшмат, а ў выхадныя людзей — хоць адбаўляй. Калі ў мінулым годзе прыносілі па 10 і больш кілаграмаў, то сёння, бывае, і па 400—500 грамаў нясуць. Усё ж нейкая капейка. Збіраюць жа, у асноўным, пенсіянеры і беспрацоўныя. Занадта на гэтай справе не разбагацееш, але на хлеб з маслам зарабіць цалкам рэальна.

Гэту думку пацвярджае мясцовая жыхарка Ніна Нікіціна. Пенсіянерка падышла да машыны з двума вялікімі пакетамі лісічак і чула нашу размову з нарыхтоўшчыкамі:

— З пачатку грыбнога сезону зарабіла ўжо 400 рублёў.

Халадзільнік за лісічкі

Нарыхтоўшчыкі ўзважваюць лісічкі і перасыпаюць у скрыню. Дзве ўжо запоўненыя забірае малады чалавек і пераносіць у іншую машыну. Мне тлумачаць, што грыбы пажадана захоўваць у халадзільніку, інакш да вечара яны ўсохнуць і згубяць частку вагі. Нявыгадна.

Лісічкі трэба захоўваць у холадзе, таму ў машынах нарыхтоўшчыкаў яны не затрымліваюцца.

Літаральна кожныя пяць хвілін да белага буса пад’язджаюць і падыходзяць вяскоўцы. Адны цікавяцца коштам, другія хочуць пагаварыць, даведацца пра навіны. Некаторыя, пачуўшы нізкую цану, адыходзяць. Іншыя, не пытаючыся, ставяць грыбы на шалі і забіраюць грошы. Усіх іх нарыхтоўшчыкі ведаюць па імёнах. Напрыклад, бабуля Геня даўно на пенсіі, але ў лес ходзіць як на працу.

— Чатыры гады таму купіла «на грыбы» халадзільнік, тэлевізар і пральную машыну, — прызнаецца жыхарка Парэчча. — А сёлета пакуль драбяза.

Старшыня Парэчскага сельсавета Мікалай Апон ведае сітуацыю з грыбнікамі і прыватнымі нарыхтоўшчыкамі. На яго думку, няма нічога дрэннага ў тым, што людзі атрымаюць дадатковы заробак за нялёгкую працу:

— Якая розніца, хто прымае дары прыроды ў насельніцтва? У скупшчыкаў работа наладжана лепш, чым у райспажыўтаварыстве. Нарыхтоўчай канторы ў нас няма, але ў «райпоўскім» магазіне прымаюць грыбы. Толькі цана там значна ніжэйшая. Вось і ідуць людзі да прыватнікаў. Яны даўно супрацоўнічаюць з сельскімі жыхарамі, прыязджаюць наўпрост на падвор’е. Агаворваюць час і забіраюць прадукцыю.

Месца хопіць усім

Калісьці ў Парэччы быў стацыянарны нарыхтоўчы пункт, зараз яго няма. Намеснік дырэктара Гродзенскага філіяла абласнога спажывецкага таварыства Наталля Сніціч запэўнівае: цана на тую ж лісічку фарміруецца зыходзячы з попыту і прапановы:

Грыбы абавязкова праходзяць радыяцыйны кантроль

— Напрыклад, на мінулым тыдні, калі дажджоў было менш, і мы прымалі лісічкі па 7 рублёў за кіло. З надыходам «грыбнога надвор’я» плануем зніжаць кошт да 6 рублёў. Але грыбы павінны быць стандартнага памеру, не падсохлыя, прыгожыя. Па 4 рублі мы прымаем лісічку для прамысловай перапрацоўкі. Усе нашы гандлёвыя прадпрыемствы пры адсутнасці нарыхтоўчых кантор у населеных пунктах маюць права закупаць дзікарослыя расліны ў насельніцтва і адразу іх рэалізоўваць. Не ў кожнага ж ёсць магчымасць схадзіць у лес у грыбы ды ягады. Усе лісічкі ад насельніцтва праходзяць радыяцыйны кантроль, пасля якога рэалізуюцца на Цэнтральным рынку Гродна і ў магазінах. Ужо закуплена больш за 100 кілаграмаў.

Кааператары прызнаюцца, што працуюць у рыначных умовах, дзе правіць баль канкурэнцыя. Безумоўна, львіную долю кліентаў забірае прыватнік, але гэта толькі нагода для паляпшэння работы. Грыбоў хопіць усім.

tanula.k@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter