Рубель з уласнага падворка

Як стаць багатым, не выходзячы з вясковай хатыКожны дачнік і селянін можа стаць мільянерам. Не доларавым, дык рублёвым. Нават у пару крызісу! Навядзіце ў сваім вясковым доме парадак. Не забудзьце падправіць мэблю, калі дзе трэснутая. Паклапаціцеся, каб прыбіральня і ванны пакой былі цёплыя ды абсталяваныя ўсімі абавязковымі прыладамі і сродкамі. Згатуйце смачную вячэру. Засцяліце ложак мяккай пярынай. І – чакай це гасцей. Вечарам у пятніцу. Уікэнд на ўлонні прыроды з надыходам вясны стаў зноў папулярны – і ў аграсядзібы выстройваюцца чэргі. А бізнэс на ўласным падворку можа пачаць кожны.

Піянеры бізнэсу
Той, хто мае дом у вёсцы і трохі ўмее лічыць, скеміў: “Калі жыву ў сваёй хаце не круглы год, дык чаму ж не здаваць яе?”
Толькі цяпер гэта ўжо лічыцца не банальнай “здачай-прыёмам” жылплошчы, а турызмам. Проста мы не прывыклі, што турызм бывае не толькі пляжны і загранічны, але і тутэйшы, у тым ліку сельскі.
Дзіўна, але да лістапада 2002 года ў нашай краіне бадай ніхто не ведаў пра існаванне такога кірунку, як вясковы турызм, хаця ў Польшчы і Прыбалтыцы аграсядзібы раслі як грыбы пасля дажджу яшчэ з канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Але знайшоўся чалавек, які ўзяў лейцы і пакіраваў “каня” на правільную дарогу, — Валерыя Кліцунова. Яна заснавала грамадскае аб’яднанне “Агра- і экатурызм”, а затым — і “Адпачынак у вёсцы”. Патроху да “саюза вясковых сядзіб” пачалі далучацца ўласнікі “падпольных” вясковых падворкаў. Тут і раней прымалі гасцей, але не ведалі, як рабіць цывілізаваны бізнэс.
Сельская ідылія
Пачынаючыся з нуля, з прыватнай ініцыятывы, бізнэс на “дамках у вёсцы” неўзабаве стаў прыярытэтным у Нацыянальнай праграме развіцця турызму. А генеральны сакратар Сусветнай турыстычнай арганізацыі Франчэска Франжыялі, наведаўшы Беларусь увесну 2007 года, адназначна параіў рабіць стаўку на аграэкатурызм.
На думку Валерыі Кліцуновай, у Беларусі мае быць створана не менш за 1000, а то і 1500 сядзіб, каб аграэкатурызм стаў самадастатковай сферай і забяспечваў патрэбы патэнцыяльных кліентаў. Калі справа пойдзе так далей — мэта будзе дасягнута даволі скора. Мяркуйце самі: калі ў 2006 годзе ў краіне існавалі толькі 34 аграсядзібы, то на 1 сакавіка бягучага года іх налічваецца 537 (больш за ўсё на Віцебшчыне, Міншчыне і Гродзеншчыне). Пры гэтым 63 створаны за два месяцы 2009 года!
З 2002 да 2006 года сфера вясковага турызму развівалася як грамадская ініцыятыва. “Мы працавалі на мяжы закона, — канстатуе Валерыя Кліцунова. — Падаткі плацілі як за здадзенае ў арэнду жытло. Ні ў адным дакуменце не фігуравала такое паняцце як сельская сядзіба, таму нашы асцярожныя людзі не надта ахвотна браліся за не да канца ясную справу”.
Усё змянілася пасля прыняцця 2 чэрвеня 2006 года Указа Прэзідэнта № 372 “Аб мерах па развіцці аграэкатурызму”. Гэты дакумент выклікаў сапраўдны бум. Уласнікі катэджаў і тыя, хто меў сціплыя хаткі, пачалі прапаноўваць іх у якасці турыстычных “баз” адзін за адным. Але мала толькі жадання — трэба вытрымліваць пэўны канон якасці. У вас мусіць быць не толькі дах і ложак, але і сэрвіс.
Рэцэпт поспеху
Летась указ Прэзідэнта быў дапоўнены істотным пунктам: цяпер свае падворкі могуць засноўваць не толькі вяскоўцы, але і местачкоўцы — жыхары гарадоў з насельніцтвам не больш за 20 тысяч чалавек. Такія прэферэнцыі даюць магчымасць рэалізавацца не толькі прадпрымальным людзям, але і тым, хто доўга не мог знайсці занятку ў сваіх забытых Богам “родных кутах”.

Указ Прэзідэнта між тым не толькі “ўзаконіў” аграэкатурызм, але і спрасціў працэдуру стварэння сельскай сядзібы.
Такім чынам, калі вы хочаце заняцца бізнэсам у сваім уласным загарадным доме, ведайце:
— вы афіцыйна не лічыцеся прадпрымальнікам;
— спярша “прапішыцеся” (зарэгіструйцеся) у тым месцы, дзе засноўваеце сваю аграсядзібу;
— каб пачаць справу, дастаткова падаць заяву ў сельсавет і заплаціць 1 базавую велічыню (35 тысяч рублёў);
— пасля рэгістрацыі ў сельсавеце трэба атрымаць у падаткавай інспекцыі ўліковы нумар падаткаплацельшчыка.
Адразу суцешу: з вас не будзе спаганяцца падатак у канцы года. Уласнік сельскай сядзібы мусіць падаваць дакументы ў падаткавую толькі дзеля таго, каб дзяржава змагла адсачыць дынаміку развіцця вясковага турызму: як грамадзянін здолеў самарэалізавацца ў гэтай сферы, ці палепшылася яго жыццё, колькі прыняў гасцей.
Крэдыт даверу
Калі вы не маеце ўласных сродкаў на ператварэнне свайго дома ў аграсядзібу — можаце пазычыць грошы ў “Белаграпрамбанку” (і толькі тут). Крэдыт не можа быць большы за 750 базавых велічынь для фізічных асоб і 2000 — для фермерскіх гаспадарак. Увогуле ж грашовая падтрымка можа дасягаць 70 мільёнаў рублёў, калі ваш сярэднямесячны даход складае паўтара мільёна. Пазыка выдаецца пад 5 працэнтаў гадавых на 7 гадоў фізічным асобам і на 5 гадоў — фермерскім гаспадаркам. Крэдыт выдаецца ў раённым аддзяленні банка па месцы сталага пражывання суб’екта аграэкатурызму.
Атрымаць грошы ў доўг нескладана. Трэба падаць свой праект у рабочую групу, якая дзейнічае ў кожным раёне і складаецца з прадстаўнікоў “Белаграпрамбанка”, абласнога (раённага) выканкама, прадстаўнікоў аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”. Усю падрабязную інфармацыю лёгка знайсці на сайтах www.ruralbelarus.by і www.belapb.by.
За суседскім плотам
Сельскія сядзібы ствараюцца і пры вялікіх дарогах, і на колішніх хутарах. Для пачатку ў патэнцыяльнага аграэкатурбізнэсмэна павінен быць свой загарадны дом. А як яго зрабіць гасцявым?
Міхаіл і Ірына Макеі пачыналі з фермерскай гаспадаркі, а як толькі ў 2002 годзе з’явілася магчымасць заняцца аграэкатурызмам — аднымі з першых у краіне ўключыліся ў гэтую сферу. Іх сядзіба “Верас” у Зэльвенскім раёне лічыцца ўзорна-паказальнай. Ствараўся гэты “панскі двор” з ландшафтным паркам, кветнікамі, сажалкай з лебедзямі за кошт уласных грошай, без дапамогі дзяржавы. Прыбытак, які атрымліваюць гаспадары, ідзе на далейшае развіццё ўласнага падворка.
Сядзіба “Ганка” размешчана на паўднёвай ускраіне Валожынскага раёна. Гаспадар Анатоль Ганец кожны дзень ездзіць адсюль на працу ў Мінск. Дом на хутары каля вёскі Эпімахі набыў яшчэ ў 1991 годзе і ператварыў яго ў мастацка-музычны салон. Захаваў даваенны зруб, купіў антыкварную мэблю: некаторыя рэчы праз сваякоў прывёз ажно з Кіславодска — кажа, што з колішняй дачы Шаляпіна. Развіваць свой кут як аграсядзібу спадар Ганец пачаў не так даўно. Падштурхнула яго да гэтага магчымасць узяць крэдыт у “Белаграпрамбанку”. Але раптоўна ўзнікла цяжкасць. “Я вырашыў пабудаваць побач з домам карчму, — расказвае гаспадар. — Падаў дакументы ў банк, але паколькі сядзіба запісана на аднаго з маіх сваякоў, які не меў беларускага пашпарта, а толькі від на жыхарства, то выдачу грошай затрымалі. Не было прадугледжана ў нарматыўных дакументах пункта наконт асоб з відам на жыхарства. Цяпер такі пункт ёсць”. Між іншым, дзякуючы гэтай прыватнай праблеме была вырашана прававая дылема. Праўда, пакуль ішлі юрыдычныя спрэчкі, гаспадар “Ганкі” страціў час і грошы: з лістапада 2007 года па жнівень 2008-га кошты на будматэрыялы падняліся ад 20 да 30 працэнтаў.
Але галоўнае, што, нягледзячы на крызіс, ні “Белаграпрамбанк”, ні дзяржава не адмаўляюцца ад падтрымкі аграэкатурызму. Прэзідэнцкі ўказ, які лічыцца экспертамі самым ліберальным у краіне, дзейнічае да канца 2010 года. Карыстайцеся шанцам — рабіце бізнэс!

 Дзяржаўны клопат

Аляксандр ГРЫГАРАЎ, міністр спорту і турызму:

“На сяле яшчэ застаецца многа пустых дамоў”
— Дзякуючы стварэнню аграсядзіб мы не толькі замацавалі на вёсцы мясцовых жыхароў, але і стварылі працоўныя месцы. Цяпер у сферы аграэкатурызму ў Беларусі заняты 1,1 тысячы чалавек. Паступленні ў бюджэт ад прадпрыемстваў аграэкатурызму склалі 3 мільярды рублёў. Тым часам аграсядзібы створаны не ўсюды, дзе гэта магчыма: на сяле яшчэ застаецца многа пустых дамоў, якія патэнцыяльна могуць быць выкарыстаны для развіцця вясковага турызму.

Добра забытае старое

Карані сельскага турызму ў Беларусі — у эпохах Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Некаторыя тагачасныя ініцыятывы не толькі не канулі ў Лету, але і пашырыліся, развіваюцца сёння. Яшчэ Радзівілы ў сваёй рэзідэнцыі Альба пад Нясвіжам стварылі ў XVIII стагоддзі нешта кшталту “пацёмкінскай вёскі”. Тут існавалі ўзорныя сельскія сядзібы, куды маглі прыехаць госці княжацкай сям’і ды пажыць сярод сялянаў, пакаштаваць “простай” ежы, пагаварыць на “простай” беларускай мове. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter