Рубель: снежаньскае лета цяпліц і мазолістыя берагі Чаквы

УПЕРШЫНЮ пісьмова паселішча ўзгадваецца ў сярэдзіне ХV стагоддзя як Любра, а потым — Любер. Як сведчаць археалагічныя раскопкі навакольных курганоў, тут жылі першабытныя людзі ў часы зарубінецкай культуры.

У дакументах Вялікага Княства Літоўскага вёска атрымала назву Рубель. Жыхары падпарадкоўваліся агульнадзяржаўным законам, асноўным з якіх быў Статут Літоўска-Рускага гаспадарства 1588 года. Валодалі паселішчам памешчыкі Зышчынічы, Пашкевічы, Разановічы. Па грэблі сярод непраходных балот і водным шляхам дабіраліся сяляне на кірмашы ў Давыд-Гарадок, Тураў, Столін, Пінск. Забудоўвалася вёска паабапал паўнаводнай ракі Чаквы, што ўпадае ў правы прыток Прыпяці – Гарынь. Узведзеная ў 1796 годзе Міхайлаўская царква захавалася да нашых дзён як помнік драўлянага дойлідства стылю барока.


У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Рубель адышоў да Расійскай імперыі. Рэвалюцыйныя падзеі пачатку мінулага стагоддзя дайшлі і да палескай глыбінкі. 22 мая 1917 года рубельцы на сходзе прынялі рашэнне прасіць Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, каб усе навакольныя землі перадалі ім бясплатна. Грукатала вайна, уладу захоплівалі немцы і белапалякі.

Пасля ўз’яднання заходнебеларускіх зямель з БССР Рубель стаў цэнтрам сельсавета Давыд-Гарадоцкага, а потым Столінскага раёна.

У гады нямецка-фашысцкай акупацыі дзейнічаў партызанскі рух. Гітлераўцы спалілі вёску, загінулі 122 мясцовыя жыхары. У Хатыні на могілках спаленых вёсак значыцца і Рубель.

З першых пасляваенных гадоў быў утвораны калгас, адкрыўся льнозавод. Пасля атрымання статуса аграгарадка пабудаваны амбулаторыя, другі дзіцячы сад, паўстала царква Нерукатворнага вобраза Хрыста Збавіцеля. Дзейнічаюць КСУП “Рубельскі”, лясніцтва, аўтазаправачная станцыя, сярэдняя школа, Дом культуры.

Амаль семдзесят гадоў разам Павел і Марыя АПАНОВІЧЫ

МОЙ шлях у Рубель пралёг праз прыпяцкую пераправу каля жыткавіцкай вёскі Чэрнічы. Перад пантонным мостам дарожны знак папярэджвае пра дапушчальную норму грузу ў 40 тон. Пад цяжарам аўтапаяздоў выгібаліся пантоны.

Магутная рачная плынь напірала на жалезныя канструкцыі. Імгненна праскочыла пераправу наша маршрутка і паімчала далей. За Давыд-Гарадком праехалі праз яшчэ адзін пантонны мост, перакінуты праз раку Гарынь, і дарога прывяла ў Рубель.


Старшыня сельвыканкама Людміла КАЛЯДА і кіраўнік спраў Ніна МАЗОЛЬ

Як Парыж ракой Сенай, так і аграгарадок ракой Чаквай па- дзелены на дзве палавіны. Некалі праз рэчку хадзіў паром. Старажылы памятаюць, як грузавік з калгаснікамі ў кузаве кульнуўся з яго ў рачную плынь. Цяпер жалезабетонны мост злучае дзве часткі аграгарадка. Стагоддзямі галоўным транспартным сродкам тут была лодка. Па некалькі разоў на год няўрымслівая Гарынь, што бярэ пачатак ва ўкраінскім Прыкарпацці, залівала ўсё навокал. Меліяратары Столінскай ПМК-62 абвалавалі раку дамбай і надзейна засланілі Рубель і суседнюю вёску Хотамель ад воднай стыхіі.

ВАНДРОЎКА па аграгарадку пачалася са знаёмства з Паўлам Пашкевічам, з якім сустрэліся на вуліцы. Раней ён працаваў вадзіцелем “хуткай дапамогі” ў былой вясковай бальніцы. Пасля выхаду на пенсію займеў каня, якім апрацоўвае паўгектара надзела ў полі. Такія ж соткі ў многіх вяскоўцаў.

Пенсіянер Павел ПАШКЕВІЧ

Ад старшыні сельвыканкама Людмілы Каляда, якая выкраіла час для вандроўкі, даведаўся, што амаль шэсцьсот рысакоў на рубельскіх падворках. Людміла Цімафееўна мясцовая. Вырасла ў шматдзетнай сям’і. З малых гадоў спасцігла сялянскую працу. Пасля сярэдняй школы атрымала вышэйшую адукацыю ў сталіцы і вярнулася працаваць дамоў. Была галоўным бухгалтарам гаспадаркі. Выйшла замуж. У сям’і трое дзяцей. Адзінаццаты год узначальвае сельвыканкам.

Мне хацелася адчуць, чым трымае гэты куток людзей, дзе зямлі да нядаўняга часу было нягуста. Меліяратары акультурылі навакольныя балоты, што дазволіла выдзяляць вяскоўцам паўгектарныя надзелы ў палявым севазвароце, а шматдзетным сем’ям дадаваць яшчэ па 10 сотак. Вырашчаную гародніну рубельцы вязуць на рынак, прадаюць нарыхтоўшчыкам. Людміла Цімафееўна марыць пра кааператыў перадпрадажнай апрацоўкі прадукцыі: ачыстка, мыццё і фасоўка. Гэта дасць магчымасць стварыць дадатковыя працоўныя месцы.

Шматдзетная маці Вольга СКРАБЕЦ са сваімі дзецьмі

АСНОЎНЫ занятак рубельцаў – праца на зямлі. Вясною аграгарадок — суцэльная цяпліца. Круглыя суткі дымяць коміны. Па тры ўраджаі гародніны паспяваюць атрымліваць у парніках Любоў і Мікалай Вабішчэвічы, да якіх мы завіталі. Кожны куточак сядзібы задзейнічаны. Уздоўж зацэментаванага праходу, што вядзе ад брамкі да дома і далей да хлявоў, здзівілі зялёныя радкі пятрушкі. Падворак ля хлява апанавалі пярэстыя куры. У свінарніку поўныя скрыні камбікорму, мяхі з моркваю, іншы фураж для дзясятка кормнікаў. Раней былі карова і конь. Малагабарытны трактар замяніў коніка. Каля трыццаці такіх трактарцоў ужо ў аграгарадку. А вось колькасць кароў памяншаецца. У крамах багаты выбар малочных прадуктаў.

Гаспадар падворка Валерый ПАШКЕВІЧ

Нечаканы сюрпрыз сустрэў нас у цяпліцы, дзе пануе сапраўднае лета. Круглыя суткі падкідваюць гаспадары дровы ў буржуйку, паабапал якой лапушыцца шырокімі лістамі каляровая капуста. Да навагодніх свят ураджай адправіцца сталічным спажыўцам. Руплівай працай даецца кожная капейка. Сваякі дапамаглі маладой сям’і Вабішчэвічаў збудаваць свой дом. Талакой працавалі. Пяць пакояў, прасторная кухня з барнай стойкай і масіўным абедзенным сталом.

Жывёлавод Леанід КАЖАНОЎСКІ

Па-сучаснаму абсталяваны і катэдж у Вольгі і Мікалая Скрабцоў. Дзяржава ім дапамагла субсідыямі. Шасцёра дзяцей падрастаюць у сям’і. У прасторнай прыхожай нас сустрэла гаспадыня, каля якой забаўляліся трое дзетак. Старэйшыя займаліся ў школе. Чакалі на абед бацьку, які працуе вартаўніком на ферме. Кухня абсталявана поўным наборам сучаснай бытавой тэхнікі. У доме водаправод. На ўскрайку вёскi пабудавана водаачышчальная станцыя. Па вуліцах пракладзены газаправод. Аграгарадок пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы, і дзяржава фінансуе ўстаноўку ў дамах ацяпляльнага абсталявання.

Як падарунак да свайго 90-гадовага юбілею ўспрынялі газіфікацыю Марыя і Павел Апановічы. Сёмы дзясятак іх сямейнаму саюзу. У пасляваенныя гады Павел Рыгоравіч прывёз нявесту з Браншчыны. Жылі з бацькамі пад адным дахам, пакуль свой дом не збудавалі. Гаспадар працаваў на паравой машыне ў калгасе, а Марыя Аляксееўна кіравала льнаводчым, а потым буракаводчым звеннямі. Узнагароджана бронзавым медалём ВДНГ СССР. Калгасніцы збіраліся ў доме Апановічаў. Гаспадар браў гармонік — і спевам не было канца.

Старшыня Савета ветэранаў Вадзім МАНАМС

РУБЕЛЬСКІ калгас трымаўся сярод перадавых ў раёне. Збіралі рэкордныя ўраджаі збожжавых, кукурузы, бульбы, буракоў, гародніны. Калгасны лён апрацоўвалі на сваім ільнозаводзе і адпраўлялі на Аршанскі льнокамбінат. Старшыня сельвыканкама шкадуе, што закрылі вытворчасць, дзе былi заняты сто вяскоўцаў. Памяшканне завода выкупіў прадпрымальнік Мікалай Пашкевіч і прыстасаваў пад гароднінасховішча.

Трэці ўраджай капусты вырасцілі ў цяпліцы Любоў і Мікалай ВАБІШЧЭВІЧЫ

Акрамя сельгаспрадпрыемства, па некалькі дзясяткаў працоўных месцаў у лясніцтве, амбулаторыі, філіяле ЖКГ, гандлі. Можна ўладкавацца на Давыд-Гарадоцкім электрамеханічным заводзе, да якога дзесяць кіламетраў. У апошнія гады з-за нізкай загружанасці вытворчасці там упалі заробкі, і многія вярнуліся да працы на зямлі. Дзмітрый і Святлана Кажаноўскія дзякуючы агародніцтву будуюць мур на сядзібе, што дасталася ў спадчыну ад дзеда, былога франтавіка Стэфана Данілавіча. Пустуючыя падворкі ў аграгарадку выкупаюцца пад агароды. А Ніна Агіевіч занялася авечкагадоўляй.

У савецкія часы брыгады рубельцаў выязджалі на будоўлі вялікай краіны. Восенню вярталіся з добрымі заробкамі і тонамі збажыны. Гудзелі вяселлі, вёска прырастала новымі сядзібамі.

Галоўны эканаміст КСУП “Рубельскі” Алена СТРАХА

Настаўнікам па падрыхтоўцы механізатараў прыехаў у Рубель Вадзім Манамс. Ажаніўся са шляхетнай Леакадзіяй-Вандай Канапліцкай з ваколіцы Альпень, якой Дунін-Марцiнкевіч прысвяціў вядомы вадэвіль “Пінская шляхта”. Цяпер аўдавелы Вадзім Уладзіміравіч на пенсіі і ўзначальвае Савет вэтэранаў, у якім звыш дзвюх тысяч пенсіянераў. Большасць з іх – былыя хлебаробы. Засмучае іх, што былая моцная гаспадарка з-за высокай запазычанасці перад банкамі перажывае санацыю. У раёне створана антыкрызісная кампанія, якую ўзначаліў Аляксандр Лахадынаў. У яе, акрамя КСУП “Рубельскі”, увайшлі сельгаспрадпрыемствы “Дубайскі” і “Прыпяць-2009”. Выплата даўгоў адкладзена на тры гады. За няпоўны год санацыі заўважаны станоўчыя зрухі. Як адзначыла галоўны эканаміст КСУП “Рубельскі” Алена Страха, ураджайнасць збожжавых перавысіла 50 цэнтнераў з гектара, сярэдні надой малака ад каровы набліжаецца да чатырох тысяч кілаграмаў. За выручаныя ад рэалізацыі прадукцыі сродкі капітальна адрамантаваны два жывёлагадоўчыя памяшканні, пабудаваны дэзбар’ер на малочна-таварным комплексе, узведзены сіласныя траншэі на 3500 тон фуражу. Закуплена новая тэхніка. Своечасова выплачваюцца заробкі.

ПАКІДАЮЧЫ аграгарадок, прыпыніўся ля святынь – двухсотгадовай Міхайлаўскай царквы і ўзведзенага побач новага храма. Неспадзяванай выдалася сустрэча з бацюшкам Пятром Ліпскім. Ад яго пачуў, што амаль трыста праваслаўных святароў нарадзіліся тут. Па ініцыятыве аднаго з іх – настаяцеля Ільянскай царквы Вілейскага раёна Віктара Нікончыка — за сродкі святароў-землякоў паўстане каля храмаў бронзавы помнік пакравіцелю Рубля — Міхаілу Архістратыгу.

Айцец Пётр ЛІПСКІ.

Пэўна, самаадданая праца і шчырая вера гартуюць і яднаюць людзей.

Столінскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter