Розныя людзi – розныя лёсы

Колькi мы жывём у шостым мiкрараёне, бачым: Адам — на лавачцы ля пад’езда. З ранiцы ён займае свой пост i чакае. Хутка сябрукi набягаюць i розныя падазроныя асобы. Кемяць, як раздабыць пляшку...

Адам

Колькi мы жывём у шостым мiкрараёне, бачым: Адам — на лавачцы ля пад’езда. З ранiцы ён займае свой пост i чакае. Хутка сябрукi набягаюць i розныя падазроныя асобы. Кемяць, як раздабыць пляшку. Урэшце гэта ў iх атрымлiваецца. Чарка перападае i Адаму. I так дзень пры днi, з года ў год: жыццё на халяву... 

Адам нiдзе не працуе, ды i хто дзе такога будзе трымаць? Мне здаецца, ён i сам не надта рвецца куды ўладкавацца, прызвычаiўся да бестурботнага жыцця. Ды якое ж жыццё – ты на яго абочыне. 

Праўда, неяк хтосьцi з мясцовых паспрабаваў узяць Адама на работу ў Расiю, дык ён там не глядзеў, каб болей панесцi, а дзе чарку “зачалiць”, павыпiваў адэкалон i ласьёны, якiя мелi хлопцы з брыгады. Тыя скiнулiся яму на бiлет i адправiлi назад... 

У Адама i дома не ўсё добра. Сын з нявесткай сабралi рэчы i падалiся на чужую кватэру. Жонцы сорамна ўзняць вочы на суседзяў. Плыве па цячэннi Адам... 

Дык i не Адам, а Агдам, як яго тут называюць. Да мянушкi ён прызвычаiўся. Нi на што не звяртае ўвагi. Iдзе да сваёй апошняй мяжы... Так i хочацца сказаць: “Устрапянiся, Адам, мужык ты цi не?!” 

Жанна

Жанна Мальчук не любiць, калi ёй спачуваюць. Яна iмкнецца быць такой, як усе, хоць i вымушана карыстацца iнвалiднай каляскай. Два гады назад яна страцiла самых блiзкiх людзей. Але не скарылася лёсу. Вырашыла не заседжвацца ў чатырох сценах. I ўзяла ў спадарожнiкi актыўнае жыццё, заняткi фiзкультурай i спортам. У мiнулым годзе Жанна прыняла ўдзел у двух мiжнародных стартах iнвалiдаў-калясачнiкаў. У адным з iх – па боўлiнгу — “Залаты леў”, якi праходзiў у Магiлёве з удзелам васьмiдзесяцi чалавек, заняла другое месца. З удзельнiкамi з чатырох краiн прайшла шматкiламетровым марафонам, прысвечаным 20-годдзю аварыi на Чарнобыльскай АЭС. Старты далiся нялёгка. Мiнулай вясной Жанна адкрыла для сябе яшчэ адзiн, пакуль яшчэ рэдкi для нашай краiны, вiд спорту – боча — i таксама выступiла паспяхова. Колькасць яе сяброў i балельшчыкаў павялiчылася: толькi членаў гарадской асацыяцыi iнвалiдаў-калясачнiкаў больш як сто чалавек... Яны чакаюць сустрэч, гэта натхняе i надае сiл. 

Працуе Жанна ў машбюро на фанерадрэваапрацоўчым камбiнаце. Стаж яе перавышае два дзесяткi гадоў. 

Прыклад Жанны сведчыць: у любой сiтуацыi можна заставацца жыццёва актыўным чалавекам. Трэба толькi праявiць характар i не губляць сiлы духу. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter