Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Розныя колеры адзінства

Вялікі канцэрт і ўрачыстае мерапрыемства прысвяцілі Дню яднання народаў Беларусі ды Расіі беларусы Cамарской вобласці

Напярэдадні Дня яднання самарскія беларусы правялі ўрачыстасць і Гала-канцэрт лаўрэатаў ХIV Абласнога конкурсу-фестывалю дзіцяча-юнацкага мастацтва “ЕДИНСТВО”. Святочны канцэрт, арганізаваны суполкай “Руска-Беларускае Братэрства 2000” пры падтрымцы гарадміністрацыі, Дома дружбы народаў вобласці, прайшоў 1 красавіка ў Доме культуры “Победа”. Лейтматывам фэст-мерапрыемстваў сёлета стаў дэвіз: “Мы разные, но мы ЕДИНЫ!”.

Сёлета традыцыйны конкурс-фестываль у Самары атрымаў статус шматнацыянальнага
Фота: Юлія Цяплянская

І фармат святочнай імпрэзы быў адпаведны. У традыцыйных і сцэнічных народных строях дзяўчаты розных нацыянальнасцяў сустракалі ганаровых гасцей і гледачоў, віталі іх на родных мовах, запрашалі пакаштаваць святочны каравай з надпісам “ВМЕСТЕ!” — яго выпекла сяброўка самарскіх беларусаў Ірана Шаміева з Лігі азербайджанцаў Самарскай вобласці. У фае ДК дэманстраваліся нацыянальныя галаўныя ўборы. І Рауда Шаймарданава, кіраўніца башкірскага танцавальнага гурта “Ляйсан”, расказвала цікаўным пра гісторыю кожнага, яго асаблівасці, паказвала, як што правільна насіць. Было шмат ахвочых прымераць той ці іншы ўбор ды ў ім сфатаграфавацца.

“Сёлета ўпершыню фестывалю “Единство” мы афіцыйна ўжо надалі статус шматнацыянальнага форуму, хоць і раней у ім удзельнічалі таленавітыя дзеці розных нацыянальнасцяў”, — адзначыла прэзідэнт САГА “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірына Глуская. Прычым ініцыятыва беларусаў падтрымана многімі нацыянальнымі цэнтрамі, бацькамі ўдзельнікаў фестывальных мерапрыемстваў. На адрас арганізатараў, удзельнікаў і ганаровых гасцей урачыстасці накіравалі свае віншаванні з Днём яднання Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка і Саветнік Пасольства Беларусі, кіраўнік яго аддзялення ў горадзе Уфа Пётр Балтруковіч: ён курыруе Прыволжскую федэральную акругу.

Сярод ганаровых гасцей на свяце Адзінства былі прадстаўнікі міністэрства культуры вобласці, гарадміністрацыі, абласнога Дома дружбы народаў, этнаграфічнага комплексу “Парк дружбы народаў”. Яны зачыталі ды ўручылі вітальныя адрасы з Адміністрацыі вобласці, ад кіраўніка гарадской акругі Самара. Абласную арганізацыю беларусаў віншавалі кіраўнікі этнаб’яднанняў вобласці.

Іна Сухачэўская, Ірына Глуская і Вераніка Кузняцова
Фота: Юлія Цяплянская

Фестывальны Гала-канцэрт лаўрэатаў быў прадстаўлены як шматнацыянальнае музычна-тэатралізаванае прадстаўленне з тэмай: дружба і яднанне народаў Беларусі ды Расіі. Гучалі вершы з адначасовай дэманстрацыяй слайдаў, выступалі танцоры, гучалі песні. Затым была прадстаўлена музычна-паэтычная замалёўка: прадстаўніцы розных этнасаў, якія жывуць у вобласці, чыталі на памяць па два радкі верша аб адзінстве народаў. А затым усе разам з салісткамі беларускага гурта “Каданс” выканалі песню “Это надо сберечь”. Атрымалася вельмі яркае, самабытнае відовішча, на высокім мастацкім узроўні, прычым — з цёплай атмасферай, якая бывае ў коле сапраўдных сяброў. Праграма канцэрта была такою, што гледачы пазнаёміліся з самымі рознымі нацыянальнымі культурамі: армянскай, беларускай, грузінскай, рускай, узбекскай, украінскай ды іншымі.

Асаблівыя фарбы ў палітру свята прыўнёс заслужаны вакальны гурт “Каданс” (мастацкі кіраўнік Іна Сухачэўская). Гучала вясёлая песня “Лявоніха”, потым Лізавета Глубінец выканала “Гляжу в озёра синие”, а следам і ўся зала падхапіла ўкраінскую “Червона рута”: яе спявала Арына Камісарава. Пранікнёна, эмацыйна выканала песню “Гора за гарой” салістка “Каданса” Вераніка Кузняцова. Там ёсць такія словы “Не кранайце толькі, гуслі,/ Успамінаў хмары,/ Як плылі над Белай Руссю/ Войны ды пажары,/ Як зямля мая стагнала,/ Плакалі каменні,/ Як было і так нас мала/ І як стала меней…” Суправаджалася кожнае выступленне гучнымі апладысментамі гледачоў. Між тым праграма Гала-канцэрта ўключала 27 нумароў, і звыш 200 юных артыстаў выступіла на сцэне.

І быў фінальны акорд святочнага вечара: урачыстая цырымонія ўшанавання лаўрэатаў конкурсу-фестывалю. Журы прысудзіла Гран-пры ў трох намінацыях. У інструментальным жанры высокую ўзнагароду атрымаў ансамбль лыжкароў “Лучина” (педагог Аляксандр Харытонаў), за эстрадны вакал — Вераніка Кузняцова, у намінацыі “харэаграфія, народны танец” адзначаны ансамбль народнага танца “Вдохновение” (педагог Маргарыта Варанецкая, канцэртмайстар Алена Ілясава).

Усе лаўрэаты атрымалі памятныя сувенірныя статуэткі, дыпломы і салодкія падарункі. Тры медалі па ступенях і сувеніры — у пераможцаў віктарыны па гісторыі Саюзнай дзяржавы.

Голас Радзімы № 15 (3519), чацвер, 13 красавіка, 2017 у PDF

Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?

Новости
Все новости