Рознакаляровае свята восені

Імкліва і непрыкметна, як хутка-крылая ластаўка, прамільгнула яркае лецейка. Быццам яго і не было…

Імкліва і непрыкметна, як хутка-крылая ластаўка, прамільгнула яркае лецейка. Быццам яго і не было… Выйдзеш раніцай на вуліцу — усё тое ж навокал, ды ўжо не такое: запозненае світанне, туманнае і задумлівае, доўгія сівыя пасмы павуціння на траве, на галінах дрэў, на плоце. Першае апалае лісце мякка шамаціць на сцяжынцы пад нагамі. Далягляды, як спадзе, растворыцца ў халаднаватым ранішнім паветры туман, чыстыя і празрыстыя. Сонца ўзыходзіць нібы неахвотна, яно, здаецца, выцвіла за лета і страціла сваю былую яркасць. Ужо верасень мільгануў апалым лістком — восень неўпрыкмет, спакваля, але няўмольна, з кожным днём усё больш упэўнена, па-гаспадарску бярэ свае правы. У сціплым і светлым свяце бабінага лета яна нізавошта не аддасць нічога з таго, што адваявала ў лета.

І не за гарамі той час, калі астыне і згасне апошні цёплы праменьчык, які нагадваў яшчэ пра лета, і восень пад занудны шум, посвіст у голых галінах дрэў калючага паўночнага ветру, шапаценне імглістага, халоднага дажджу пачне святкаваць сваю поўную і безумоўную перамогу.

І, дзіва! — на ўзбочыне дарогі, на агародзе, ля самай хаты нясмела і нібы сарамліва цвітуць яшчэ і прагна цягнуцца да святла апошнія няяркія, сціплыя і надзвычай чуллівыя кветкі, якія не так даўно жнівень паспешліва ўплятаў у палітру восеньскага букета. Непадалёку ад сцежкі, што вядзе ў поле, зябка ўздрыгваюць на ветры некалькі запозненых васількоў, якія  нядаўна вадзілі на жытнёвым полі вясёлы карагод.

Нявесела ад думкі, што гэта — апошняя сарамлівая і сціплая развітальная ўсмешка імкліва адшумеўшага лета. У ёй і ціхая, затоеная журбота верасня, і туга па радзіме адлятаючых у вырай журавоў, і смутак ранішніх сівых туманаў… Усё хутчэй і хутчэй пад капітулянцкі жоўта-чырвоны лістапад знiкае ўдалечыні, адыходзіць невядома куды, у небыццё, цёплае лета.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter