Вялікі тэатр запрашае на Мінскі міжнародны Калядны оперны форум

Россып талентаў і галасоў

Вялікі тэатр зноў запрашае аматараў класічнага музычнага мастацтва на Мінскі міжнародны Калядны оперны форум
Вялікі тэатр зноў запрашае аматараў класічнага музычнага мастацтва на Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. Сёлета гэты ўнікальны праект адзначае пяцігадовы юбілей. За час існавання ён стаў адной з галоўных музычных падзей года і займеў адданых прыхільнікаў. Гастролі вядомых оперных труп, прэм`ерныя і гасцявыя спектаклі, выступленні зорак першай велічыні і маштабныя гала-канцэрты, якія ўваходзяць у праграму форуму, збіраюць аншлагі і дораць гледачам незабыўныя эмоцыі і сустрэчы.

sb2.jpg
Каля 40 удзeльнікаў конкурсу — з нашай краіны.
Адна з іх — Марта ДАНУСЕВІЧ.

Сёлета яны будуць асабліва яркімі. Упершыню ў час музычнага свята праходзіць Мінскі міжнародны конкурс вакалістаў. Удзел у ім прымаюць каля 200 салістаў з 21 краіны свету — прафесійныя выканаўцы, артысты оперных тэатраў, лаўрэаты міжнародных конкурсаў. Генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, старшыня журы Уладзімір Грыдзюшка не хавае радасці: колькасць удзельнікаў сведчыць, што цікавасць да конкурсу велізарная, але, дадае, і праца наперадзе напружаная — адбор. 

У аўтарытэтным журы — 15 экс­пертаў з розных краін, дасведчаных у мастацтве оперы. Асноўны крытэрый адзнакі — голас спевака. Менавіта ён — галоўнае. Опера — тэатр толькі па форме, але не па змесце, лічыць член журы, генеральны дырэктар Львоўскага тэатра оперы і балета Тадэй Едэр. Ва ўсім свеце ў оперу ходзяць не на спектакль, а на выканаўцу. І няхай сто разоў чулі і даўно ведаюць сюжэт «Аіды», прыйдуць і ў сто першы раз, калі спяваць у ёй будзе Павароці.

Схема адбору лепшых галасоў простая і без падліку балаў. Чырвоная картка — адмова. Зялёная — пропуск у наступны тур. Усяго іх будзе тры. Першыя праслухоўванні пачаліся ўчора. Яны праходзяць у малой зале тэатра і не прадугледжваюць прысутнасці шырокай публікі. Гледачоў чакаюць на фінал у вялікай зале 17 снежня. Спаборнічаць у ім будуць не больш за дзесяць выканаўцаў, сярод якіх і назавуць пераможцаў. 

Лаўрэацкія званні падмацаваны грашовымі прэміямі. Уладальнік Гран-пры атрымае 10 тысяч еўра. Лаўрэат першай прэміі будзе ўзнагароджаны сумай у 7 тысяч еўра, другая і трэцяя прэміі — 5 і 3 тысячы еўра адпаведна. Заахвочвальная прэмія журы складае 1 тысячу еўра. 

Сёння адбудзецца адкрыццё Каляднага опернага форуму. Два вечары на сцэне Вялікага — прэм`ера оперы «Паяцы» ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Міхаіла Панджавідзэ. У галоўных партыях — зоркі нашай оперы. А заўтра партыю Каніа ў шэдэўры Леанкавала выканае народны артыст Грузіі Тэймураз Гугушвілі. Знаёмства са знакамітым грузінскім тэнарам адбылося на Калядным форуме два гады таму, сёлета вясной па шматлікіх просьбах гледачоў адбыўся яго сольны канцэрт у Мінску. І вось новая сустрэча з бясспрэчным фаварытам публікі. 

14 снежня прыхільнікі оперы атрымаюць магчымасць пачуць унікальнае мецца-сапрана народнай артысткі СССР Ірыны Багачовай, прадстаўніцы залатой эры савецкай вакальнай школы, прымы Марыінскага тэатра, якая адсвяткавала паўвекавы юбілей творчай дзейнасці. За гэты час оперная дзіва ўвасобіла мноства вобразаў, якія сталі здабыткам сучаснага опернага мастацтва. У Мінску артыстка выканае партыю Графіні ў «Пікавай даме» Чайкоўскага. Разам з ёй на сцэну выйдуць зоркі нашай оперы — Эдуард Мартынюк, Анастасія Масквіна, Уладзімір Пятроў, Ілья Сільчукоў, Аксана Волкава. 

sb1.jpg
Прадстаўнікі Грузіі прадэманструюць на конкурсе
хараство мужчынскіх галасоў.

Прыхільнікаў камерных опер 15 снежня чакаюць дзве прэм`еры: «Служанка-пані» Дж. Пергалезі і «Капельмайстар» Д. Чымароза. 

16 снежня ў Вялікім — новая версія неўміручай драмы Джузэпэ Вердзі «Рыгалета», прэм`ера якой адбылася ў мінулым тэатральным сезоне. У партыі распуснага валацугі герцага Мантуанскага — саліст Адэскага Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета заслужаны артыст Украіны Уладзіслаў Гарай. У яго творчай скарбонцы каля 20 тэнаравых партый, саліст актыўна гастралюе, ён жаданы госць на лепшых сцэнічных пляцоўках свету. 

Заключны гала-канцэрт Мін­ска­га міжнароднага Каляднага опер­нага форуму адбудзецца 18 снеж­ня. Удзел прымуць вядучыя салісты 11 краін, а таксама пераможцы І Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў.

Ірына СВІРКО 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter