Росныя сцяжынкі Любові Цэд

Сустрэўшыся з ёю ў бальніцы, я ўпадабала гэтую сціплую, памяркоўную жанчыну, Героя Сацыялістычнай Працы Любоў Паўлаўну Цэд. Радзіма яе — вёска Малыя Бортнікі Бабруйскага раёна. Сям’я жыла бедна. Бацька загінуў на фронце. І маці цяжка было гадаваць васьмярых дзяцей. “Трэба дапамагаць матулі”, — думала Люба ў свае дванаццаць гадоў. І тады шчуплая, невысокага росту дзяўчынка пайшла да старшыні калгаса “Гігант” Фядоса Мікалаевіча Бурака і папрасіла ўладкаваць яе на якую-небудзь працу. Было гэта ў першы пасляваенны год...

У 32 гады гэта жанчына з вёскі Бортнікі Бабруйскага раёна была ўдастоена вышэйшай узнагароды Радзімы.

Сустрэўшыся з ёю ў бальніцы, я ўпадабала гэтую сціплую, памяркоўную жанчыну, Героя Сацыялістычнай Працы Любоў Паўлаўну Цэд. Радзіма яе — вёска Малыя Бортнікі Бабруйскага раёна. Сям’я жыла бедна. Бацька загінуў на фронце. І маці цяжка было гадаваць васьмярых дзяцей. “Трэба дапамагаць матулі”, — думала Люба ў свае дванаццаць гадоў. І тады шчуплая, невысокага росту дзяўчынка пайшла да старшыні калгаса “Гігант” Фядоса Мікалаевіча Бурака і папрасіла ўладкаваць яе на якую-небудзь працу. Было гэта ў першы пасляваенны год...

ФЯДОС Мікалаевіч здзівіўся, пачаў адгаворваць:

— Няма ў нас для цябе работы, падрасці трохі, тады возьмем…— але, падумаўшы, дадаў: — Не, і цяпер можам узяць, пастушком.

Ён думаў, што Люба адмовіцца. А яна, наадварот, узрадавалася.

— Магу і пастушком!

— Боязна мне даручаць табе цялят. Прыйдзецца пасвіць не іх, а цябе самую, — пакпіў Фядос Мікалаевіч. Але пераканаць яе не змог.

— Ты   што   надумала?  —  не      згаджалася і маці. — Трэба вучыцца!

— Не, матулька, вучыцца яшчэ паспею. А цяпер хачу дапамагаць і табе, і калгасу, — пераконвала яе дачка.

Тры гады ганяла яна цялят на пашу. Потым перайшла працаваць даглядчыцай. Гэта ёй больш падабалася. А пра тое, што будзе цяжка, і не падумала...

Ранютка ўставала Люба. Даводзілася самой і па ваду хадзіць, і дровы насіць. Накіне на плечы кароткі палітончык, возьме ў рукі каромысел і спяшаецца да студні. Набярэ вады і — хуценька назад. Пакуль прынясе, глядзіць: вады засталося толькі паўвядра. Крыўдна, хоць плач!

— Не здамся! — упарта паўтарае Люба і ідзе па дровы, распальвае пліту, пачынае варыць пойла. А цяляты мыкаюць, просяць есці.

— Зараз зварыцца! — супакойвае Люба, падыходзячы то да аднаго, то да другога. А лізне каторае дзяўчынцы руку — і Любе радасна: прывыкаюць малыя гадаванцы да яе, як і яна да іх.

Шмат бяссонных начэй было ў Любы, шмат хваляванняў. Захварэе цялятка — яна да хаты не ідзе, застаецца на ферме. Пазірае на яго самотныя, вільготныя вочы — і сама ледзь не плача.

Перажыванні, клопаты. Што ні дзень — усё новыя. То цялятка не ўзяло есці, то кармоў не падвезлі. Жыла адною думкаю — захаваць маладняк. Ёй даверылі яго, ёй і адказваць. Памочнікі часта змяняліся, а яна заставалася, працавала з душою, не лічылася з часам.

ПРЫМАЮЧЫ Любу Цэд у свае шэрагі, камуністы калгаса “Гігант” усе як адзін прагаласавалі за яе. У свае дваццаць гадоў дзяўчына пачула шмат добрых слоў ад сяброў, таварышаў. Яны верылі ёй, яны спадзяваліся — не падвядзе ніколі. І не памыліліся. Працавала Люба старанна, падавала прыклад іншым.

Прыязджае аднаго ранку тагачасны старшыня калгаса, Ларыён Ільіч Худавец, на ферму дый кажа Любе:

— Збірайся ў Магілёў.

— Чаго?! — здзівілася дзяўчына.

— Там даведаешся.

Прыехала Люба ў Магілёў і адразу ж — у абкам партыі.

— Чаго выклікалі? — пытае.

—     Ордэнам       будуць     узнагароджваць цябе.

— Ордэнам?! — не магла паверыць дзяўчына. — Хіба заслужыла я?

... Шмат людзей сабралася ў зале. Люба сядзела задумлівая. І раптам пачула сваё прозвішча.

— Не хвалюйся, ідзі! — падбадзёрыў дзяўчыну сакратар Бабруйскага райкама партыі Васіль Аляксеевіч Жалязноў.

Як дайшла яна да сцэны, не памятае. А калі на грудзях заззяў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, захацела выказаць падзяку, свае пачуцці і папрасіла слова.

Быццам крылы выраслі ў дзяўчыны. Радасная, вярталася яна ў вёску. Пачаліся новыя сустрэчы, пісьмы, паштоўкі — і ад знаёмых, і ад незнаёмых людзей з рознымі пажаданнямі. І чаго яна так хвалявалася, чытаючы гэтыя пасланні, сама не ведала! Супакой знаходзіла ў працы. Старалася дапамагаць даяркам даглядаць маладняк. Вучыла цялятніц, наведвала іншыя фермы. А як жа вучоба? Хіба можна без яе? І паступіла на курсы жывёлаводаў. Цяжкавата было, ды Люба нікому не скардзілася. Неяк незаўважна праляцелі тры гады, і яна скончыла курсы.

Летам цялят выганялі ў загарадзі. Там яны і начавалі. Ночы кароткія. Бывала, ідзе Люба ранютка на ферму. Яшчэ только чатыры гадзіны, а ўжо неба шэрае. Любіць яна такія летнія ранкі. Ідзеш лугам. Росная трава халодзіць ногі, а ты быццам не адчуваеш, занятая сваімі думкамі.

Падыдзе Люба да загарадзі, павітаецца з цялятамі. Яны адразу ўскакваюць на ногі, ліжуць рукі, валасы. Яна не адганяе іх, ласкава размаўляе: “Ах вы, мае маленькія, мае слаўненькія, як вы тут, на вольным паветры, не холадна?” І пераганяе сваіх любімцаў у памяшканне ды пачынае карміць. Добра ядуць яны, папраўляюцца. Што ні дзень — на восемсот грамаў.

За шчырыя адносіны да працы, за тое, што за некалькі гадоў выгадавала шэсцьсот цялят, Любоў Паўлаўна Цэд у 32 гады была ўдастоена высокага звання Героя Сацыялістычнай Працы, уручылі ёй ордэн Леніна і медаль   “Серп   і   Молат”.   Узнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, рознымі медалямі.

ГЕРОЙ! Яна, простая сялянская жанчына — Герой! Праца яе высока ацэнена. Яшчэ з большай энергіяй пачала працаваць Люба. Каб не было сорамна перад людзьмі, перад самой сабой. Жанчыну запрасілі ў Маскву на Усесаюзную выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі. Праляцелі гады, як птушкі. Быццам нядаўна кволенькім дзяўчом прыйшла яна на ферму, а вось ужо і сівізна пакінула дзе-нідзе свой след. І зморшчынак прыбавілася. Толькі вочы яе не змяніліся, засталіся ўсё такімі ж блакітнымі, як тыя два маленькія азяркі. “Старэю, старэю!” — самотна ўздыхае Люба. Настала тая пара, калі можна было сказаць: бабін век. Сорак стукнула. А яна так і жыла з матуляй. Не склалася асабістае жыццё. Часам Цэдзіха ўпікала дачку: “Пераборлівая дужа”.

І летнімі росамі, і зімовымі сцюжамі зноў і зноў выпраўлялася Любоў Паўлаўна на ферму да сваіх любімцаў. “Каб злічыць усіх маіх гадаванцаў, дык яны занялі б доўгі шлях — а можа, і два — ад Бабруйска да Мінска”, — усміхаючыся, адказвае Любоў Паўлаўна на маё пытанне.

— З цялятамі заўсёды шмат клопату. Паіла аўсяным кісялём, разбаўляючы яго малаком, потым прывучала да сухога, грубага корму. На дапамогу прыходзілі вучні Бортнікаўскай васьмігодкі Галіна Балыка, Света Шчарбацэвіч, Валодзя і Валера Цэды, мае пляменнікі і многія іншыя. І кармушкі пачысцяць, і корм раздадуць, і цялятак напояць. Падабаліся мне такія часіны, калі прыходзілі дзеці. Памяшканне адразу напаўнялася прыемным гоманам.

Любоў Паўлаўна — яшчэ і настаўніца. Восем чалавек навучыла прафесіі жывёлавода. І некаторыя з вучняў абагналі яе па сваіх паказчыках.

ЗІМА. Любоў Паўлаўна спяшаецца на ферму. Каля дзвярэй абтрэсла снег, увайшла ў памяшканне, скінула кажушок, апранула халат і адразу ж пайшла да цялятак, якія ўчора вечарам адмовіліся ад яды.

— І напалохалі ж вы мяне, мае маленькія! — з хваляваннем у голасе мовіла яна, убачыўшы, як гэтыя двое замыкалі, просячы есці. Любоў Паўлаўна паклала ім духмянага сена, і тыя ўвішна пачалі жаваць.

А над вёскай днела. То тут, то там трывожылі світанак галасістыя пеўні, падавалі вяскоўцам каманду: “Пара ўставаць!” У гэты час Любоў Паўлаўна вярталася з фермы.

Насустрач у школу бяжыць чародка дзяцей.

— Добры дзень, Любоў Паўлаўна! Калі прыйдзеце да нас у школу?

— Скора! — адказвае Люба, успомніўшы, што даўно абяцала прыйсці на сустрэчу з пяцікласнікамі.

— Будзем чакаць! — выгукнулі дзеці і павярнулі да школы.

Неўзабаве Любоў Паўлаўна наведала іх, а таксама Тураўскую школу за дзевяць кіламетраў ад Бортнікаў. А вучні 27-й і 29-й бабруйскіх школ прыязджалі да яе ў госці самі. Уладкаваўшыся на двары, частаваліся яблыкамі, пілі гарбату з пірагом, які Любоў Паўлаўна спякла спецыяльна для іх. Усе радаваліся, спявалі песні.

Дзецям яна распавядала пра сябе, пра сваю працу, пра ганаровую прафесію жывёлавода.

...Вось і яе хата. Каля ганка весела шчыравалі над замерзлымі кавалачкамі хлеба вераб’і. Люба ўбачыла свайго даўняга знаёмага Чыку — так яна назвала верабейку, што бліжэй за ўсіх падлятаў да ганка.

— Чыка, Чыка! — паклікала Любоў Паўлаўна.

Верабейка цвыркнуў раз-другі і пачаў кружыцца над ёю, то ўзлятаючы вышэй, то апускаючыся зусім нізка, да яе ног. Яна хацела пагладзіць яго, а ён, спалохаўшыся, адскочыў далей. Сеў, пакруціў галоўкай і зноў узляцеў.

— Ат, няма часу бавіцца з табою! — і пайшла ў хату. Успомнілася: сёння ўвечары а шостай гадзіне яна сустракаецца з вяскоўцамі, якія выбралі яе дэпутатам спачатку раённага Савета, потым — абласнога. Гэта вялікая адказнасць. І яна дапамагала кожнаму — чым магла.

Любяць вяскоўцы гэту спакойную, памяркоўную жанчыну, якая ўсё прымае блізка да сэрца, паважаюць яе, радуюцца сустрэчы з ёю, ласкава называюць, як і раней, наша Люба-Любачка, Любачка-галубачка.

ЦЯПЕР Любоў Паўлаўна Цэд жыве ў Вялікіх Бортніках у новай кватэры з сям’ёю пляменніка Уладзіміра Цэда, трактарыста сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Гігант”, які захаваў былую назву калгаса.

Я патэлефанавала старшыні Бортнікаўскага сельвыканкама Яўгену Іванавічу Чэркасу і даведалася, што кааператыў “Гігант” — базавая гаспадарка з развітай жывёлагадоўляй, славіцца высокімі ўраджаямі збожжавых. Кааператыў “Гігант”, падкрэсліў Яўген Іванавіч, ідзе ў перадавіках. Старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва Міхась Пятровіч Левакоў — выдатны кіраўнік. Усё ў яго ладзіцца.

У     Бортнікаўскі     сельсавет   уваходзяць 25 вёсак, тры аграгарадкі: Вялікія Бортнікі, Іванаўка, Міхалёва. У дамах культуры праводзяцца розныя мерапрыемствы, сустрэчы са знакамітымі людзьмі, вядомымі артыстамі, рознымі ансамблямі. Бывае — і пісьменнікі завітваюць сюды.

Пра Любоў Паўлаўну Цэд я пачула шмат цёплых слоў: “Яна — адметная, яна — наша радасць, наш гонар. Мы шануем яе. Не складаючы рук яна сумленна працавала на карысць роднай Беларусі”.

Сустракаючыся з такімі шчырымі, светлымі людзьмі, я адчуваю ўсё сапраўднае, чым жыве чалавек. Тут і вернасць, і сяброўства, і ўдзячнасць, якія засталіся ў маім сэрцы на ўсё жыццё.

Алена МІМРЫК, журналіст, выдатнік народнай асветы

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter