Ксёндз Кирилл Бардонов: каких белорусских святых почитают в Африке?

Росіцкія пакутнікі


Пачатак верасня для многіх асацыіруецца з новым навучальным годам. Апрача радасных чаканняў атрымання новых ведаў, у гэтага месяца ёсць сумны кантэкст пачатку Другой сусветнай вайны.

На мяжы Беларусі і Латвіі ў Верхнядзвінскім раёне ёсць невялікая вёсачка Росіца. У ёй знаходзіцца прыгожы мураваны касцёл, пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя. Гэта мясцовасць стала вядомай за межамі Беларусі з-за трагедыі, якая адбылася там падчас Другой сусветнай вайны.

У лютым 1943 года ў Росіцы прайшла карная аперацыя нямецка-фашысцкіх захопнікаў «Зімовае чараўніцтва». У Росіцу акупанты прыганялі жыхароў суседніх вёсак, пасля чаго некаторых адпраўлялі на прымусовыя работы ў Германію, а некаторых знішчалі.

У гэты час у росіцкім касцёле служылі святары Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч. Неабыякавыя людзі загадзя папярэдзілі сваіх пастараў, што ім лепш на некаторы час з’ехаць у іншае месца, каб уратаваць жыццё. Юрый і Антоній вырашылі, што не могуць пакінуць сваіх вернікаў, і засталіся. 16 лютага 1943 года жыхароў Росіцы і наваколля карнікі сагналі ў касцёл і зачынілі яго. Святары заступаліся за людзей. Раніцай наступнага дня акупанты пачалі раздзяляць людзей. Тых, якіх было вырашана не адпраўляць на прымусовыя работы, заводзілі ў будынкі і спальвалі. Падчас Росіцкай трагедыі загінулі 1528 чалавек, у тым ліку Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч. У 1999 годзе яны былі абвешчаны благаслаўлёнымі. Людзі, якія памятаюць абставіны той трагедыі, жывуць да гэтага часу.

Прыклад мужнасці гэтых святароў настолькі красамоўны, што натхняе вернікаў да гэтага часу, і не толькі на беларускай зямлі. У далёкай Руандзе, якая ў 1990-я гады перажыла грамадзянскую вайну і генацыд народнасці тутсі, быў пабудаваны касцёл у гонар благаслаўлёных Юрыя і Антонія. Місіянеры з Еўропы распавялі мясцовым жыхарам пра крывавыя падзеі ў Росіцы і гераізм беларускіх мучанікаў. Прыклад Юрыя і Антонія дапамагаў прымірэнню жыхароў Руанды, паказваў, што сярод жахаў вайны ёсць месца хрысціянскай любові.

Яшчэ адзін касцёл у гонар росіцкіх мучанікаў быў пабудаваны ў Камеруне. Мясцовымі вернікамі Юрый і Антоній успрымаюцца як нябесныя апекуны дзяцей. Магчыма, так сталася з-за высокай дзіцячай смяротнасці. Камерунцы прапанавалі, каб матэрыял для мазаікі з выявай росіцкіх пакутнікаў сабралі дзеці. З таго часу гэты касцёл стаў асаблівым месцам малітвы за маладое пакаленне.

Благаслаўлёныя Юрый і Антоній згарэлі, як свечкі, і ў нас няма нават іх мошчаў. Аднак, змяшаўшыся з попелам і зямлёй, яны сталі прысутнічаць усюды, асабліва там, дзе пануюць крыўда, нянавісць і варожасць.

Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter