Рольнік і ралля – аднаго кораня

БЕЛАРУСКАЯ гісторыя — гэта найперш летапіс жыцця сялян і землеўладальнікаў, бо менавіта зямля была нашым усім. І калі мы ведаем пра калектывізацыю, то пра развіццё вёскі ў Заходняй Беларусі вельмі павярхоўна. На Вілейшчыне, ды і ў памежных раёнах, на працягу трох стагоддзяў славіўся род Багдановічаў, шматлікія прадстаўнікі якога займаліся сельскай гаспадаркай. Дагэтуль захаваліся рэшткі пяці сяліб. Сын апошняга ўладара маёнтка ў Зацемені Караля Багдановіча Анджэй зараз жыве ў Варшаве. У 1939 годзе ён, васьмігадовы хлопчык, з раднёй быў вывезены ў Сібір. Пасля ссылкі атабарыўся ў Польшчы. З ім знаецца пробашч парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Альковічах Анатоль Парахневіч, які сабраў унікальныя матэрыялы пра гэты радавод і тутэйшыя мясціны. Ксёндз Анатоль любезна прадаставіў іх «БН».

Як арнат са слуцкіх паясоў трапіў у Альковіцкі касцёл, а гаспадар Стаецкага двара — у гісторыю конных забегаў

БЕЛАРУСКАЯ гісторыя — гэта найперш летапіс жыцця сялян і землеўладальнікаў, бо менавіта зямля была нашым усім. І калі мы ведаем пра калектывізацыю, то пра развіццё вёскі ў Заходняй Беларусі вельмі павярхоўна. На Вілейшчыне, ды і ў памежных раёнах, на працягу трох стагоддзяў славіўся род Багдановічаў, шматлікія прадстаўнікі якога займаліся сельскай гаспадаркай. Дагэтуль захаваліся рэшткі пяці сяліб. Сын апошняга ўладара маёнтка ў Зацемені Караля Багдановіча Анджэй зараз жыве ў Варшаве. У 1939 годзе ён, васьмігадовы хлопчык, з раднёй быў вывезены ў Сібір. Пасля ссылкі атабарыўся ў Польшчы. З ім знаецца пробашч парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Альковічах Анатоль Парахневіч, які сабраў унікальныя матэрыялы пра гэты радавод і тутэйшыя мясціны. Ксёндз Анатоль любезна прадаставіў іх «БН».

Неаготыка ад памораў

У снежных кунтушах стаяць сосны і яліны. Большая частка дарогі ўецца праз лес. І вось у Альковічах яна выходзіць на невялікае ўзвышша, і ўзбоч ад перакрыжавання паўстае велічны чырвоны гмах з вітражнымі аканіцамі — касцёл, які нагадвае карабель з вежай-мачтай.

На Беларусі толькі два храмы, пабудаваныя ў стылі неаготыкі, і менавіта паморска-скандынаўскай: спачатку ў Альковічах, а пазней, у 1908 годзе, па такім жа плане і ў Каменцы Шчучынскага раёна.

— Але Камянецкі не выглядае так велічна, трохі куцы: зменшаны прэзбітэрыум — прастора паміж алтаром і нефам. Ён мае толькі чатыры калоны, што па- дзяляюць памяшканне на тры працяглыя часткі — нефы. А ў Альковічах усё згодна стылёвым патрабаванням і ў класічных прапорцыях, з 10 калонамі, — расказвае і паказвае ксёндз Анатоль.

Гэта вёска калісьці называлася Альховічы. У канцы XVII стагоддзя ў лесе на альсе быў знойдзены цудатворны абраз Маці Божай. На тым месцы потым пабудавалі каплічку. І толькі пасля людзі пачалі ставіць тут хаты. Біскуп Віленскі, каму затым належалі землі, ахвяраваў іх на будоўлю касцёла. У 1722-м з’явіўся драўляны будынак, узводзіў які каранёўскі пробашч, туды і быў змешчаны цудадзейны абраз. Пасля дазволу расейскага цара на аднаўленне будаўніцтва касцёлаў іх пачалі ўзводзіць вельмі хутка, бо людзі баяліся, што зноў нешта зменіцца. Менавіта ў Альковічах падмурак будынка быў закла- дзены ў 1898-м, а ў 1902-м тут ужо ішла служба. Усё самае вартаснае, што засталося ў старым храме, было перанесена ў новы. У прыватнасці, бакавыя драўляныя алтары XVIII стагоддзя, забытковыя абразы і, вядома ж, самы знакаміты — Маці Божай.

Адчынены храм быў да 1944 года. Пасля вайны да 1989 года там знаходзіўся калгасны склад. Плебан, ці пробашч, служыў да 1942-га. Справа ў тым, што падчас вайны ў вёсцы размяшчаўся нямецкі гарнізон. 29 чэрвеня 1942 года, якраз на Пятра і Паўла, гестапаўцы прыйшлі спачатку да пана Казіміра Бароўскага, вывезлі яго ў лес і загадалі выкапаць сабе магілу. Затым прыехалі і ў Мацькаўскі двор да Марыі Багдановіч, якая вярнулася на радзіму пасля таго, як у 1939 годзе разам з іншымі ўладарамі мясцовых маёнткаў з’ехала ў Віленскі палац. Напэўна ж, разлічвала на новы парадак, уведзены немцамі. Аднак надзеі не спраўдзіліся. І гэта была яшчэ адна трагедыя беларускай шляхты. Забралі яе і дзяўчыну-служку Ванду. Пакаёўцы сказалі ісці прэч, але тая не пакінула пані і раздзяліла з ёю апошнія хвіліны жыцця. У гэты ж самы дзень ксёндз Аляксандр Любэцкі адпраўляў імшу. Адразу пасля святочнага набажэнства забралі і яго, вывезлі ў турму ў Вілейку, дзе расстралялі. Былі расстраляны і іншыя святары. Хто і што даносіў на іх? Час пахаваў людскую подласць…

Святая рэч у балота не ўпадзе

Цяпер касцёльная вежа з крыжам на 6 метраў карацейшая, чым раней. У 1969 годзе ў яе ўдарыла маланка і пачаўся пажар (у касцёле тады быў калгасны склад). Адзін з мясцовых атэістаў перад тым перасёк громаадвод, маўляў, няхай Бог ратуе, калі ёсць. А побач з храмам размяшчалася газавая лаўка ў невялікім склепе, і газу толькі-толькі завезлі для продажу, напоўніўшы ёй усе ёмістасці. Людзі, сабраўшы пажыткі, каб паспець уцячы, чакалі, калі агонь падступіцца да магазінчыка з небяспечным таварам. Але гарэў толькі дах. Раптам крыж стаў круціцца і нахіляцца. «Ну ўсё, зараз зваліцца ў гразь», — прамовіў нехта. Адна з жанчын сярод натоўпу людзей, якія стаялі і плакалі, гледзячы, як гарыць касцёл, запярэчыла: «Святая рэч у балота не ўпадзе». І сапраўды, ён спікіраваў у сярэдзіну культавага будынка, прабіўшы яго скляпенне.

Дзякуючы таму, што людзі не аддалі ключ ад закрыстыі, бакавога ўваходу, захаваліся старажытныя драўляныя алтары, абразы, фігуркі апосталаў і анёлаў. Каштоўныя прадметы парафіяне патаемна перанеслі ў Касцяневічы. А галоўны абраз Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, намаляваны Юзафам Кабялам у 1914 годзе паводле адпаведнага біблейскага сюжэта, у гонар якога і названа парафія, перавезлі ў Будслаў, стацыі Дарогі Крыжовай — у Войстам Смаргонскага раёна.

Абразы Святога Міхала Архіанёла канца XVII стагоддзя і «Езус, я давяраю табе» ў 2007 годзе скралі, але злодзеі, якія тады абрабавалі некалькі каталіцкіх і праваслаўных храмаў, відаць, былі дылетантамі. І многія каштоўнасці не кранулі, не ведаючы іх вартасці.

— Міхал Архіанёл тры гады назад вярнуўся да нас, і з яго вяртаннем звязана яшчэ адна неверагодная гісторыя, — расказвае ксёндз Анатоль. — Расійскі калекцыянер, да якога патрапілі святыні, зразумеў, што яны скрадзеныя, і прывёз у Івянец, у белы касцёл, які адносіцца да Ордэна Францысканцаў. Калі я пасля тэлефоннага званка прыехаў туды, то наш абраз вісеў побач са святым Максіміліянам Колбэ, святаром-францысканцам, які ў канцлагеры пайшоў на смерць замест незнаёмага чалавека, шматдзетнага бацькі. Максіміліян быў аднесены да ліку святых. Ён заснаваў манастыр Непакалянув пад Варшавай і ў Нагасакі. Дарэчы, японскі Непакалянув уцалеў пасля ўдару атамнай бомбы. Тады я ўбачыў, што менавіта святы Максіміліян вяртае вернікам іх святыню, і зразумеў, што гэта знак, сапраўдны цуд, які часта мы не можам распазнаць у паўсядзённасці.

Не знайшлі рабаўнікі і цуда- дзейны абраз Маці Божай, які выратоўвае ад хваробаў, абараняе парафіян у жыцці. У знак удзячнасці яны прыносяць да яго падарункі.

Найвялікшая правіннасць — недагледжаная жывёла

Усе Багдановічы жылі з зямлі. Так, Караль, ці Карл, з Зацемені, бацька Анджэя, вельмі адукаваны і знатны па тым часе чалавек, праводзіў агранамічныя семінары, куды з’язджаліся навукоўцы з Пулаўскай сельскагаспадарчай школы, пазней інстытута. У Пулавах, непадалёк ад Варшавы, працавала фабрыка сельскагаспадарчых прылад і машын, племзавод. Тэхнічныя навінкі штогод дэманстраваліся ў Зацемені. Караль закончыў гімназію ў Вільні, 5 семестраў сельскагаспадарчага факультэта політэхнічнага інстытута ў Рызе, адзін семестр галоўнай сельскагаспадарчай школы ў Варшаве, ведаў некалькі замежных моў. У розных анкетах у графе «Прафесія» ён пісаў: «Рольнік». Гэта значыць земляроб.

Перад яго маёнткам быў разбіты ідэальны партэр з раўнюткімі газонам і дарожкамі, прыгожымі клумбамі. Наўкола — сістэма вадаёмаў. Тыя ставы захаваліся дагэтуль, як і рэшткі збудаванняў. Бровар Стаецкага двара цяпер аднаўляецца, інвестар хоча стварыць у ім канферэнц-цэнтр. Расчышчаецца і ўнікальны парк.

Той, хто працаваў у мясцовых землеўладальнікаў і трымаў сваю скаціну, мог карыстацца ўсім з панскага двара, каб карміць уласную худобу. Найвялікшай правіннасцю лічылася, калі ў селяніна была недагле- джаная жывёла. Асабліва строга да гэтага ставілася Марыя Багдановіч з Мацькаўцаў.

А самыя багатыя з гэтага вялікага роду жылі ў Абадоўцах: ім належалі вінакурня і кардонная фабрыка ў Раёўцы. Як і зараз, і па тым часе большы прыбытак прыносіла перапрацоўка.

Ад’ютанцкі скок

Брат Караля Міхал, апошні гаспадар Стаецкага двара, быў уланам і кіраваў Віленскім палком. Да фанатызму захапляўся коньмі. У 30-я гады на іпадроме ў Вільні мела месца наступнае здарэнне, аб якім паведамляла адна з тагачасных газет (ксеракопію яе, што захоўваецца ў архіве Анджэя, мае ксёндз Анатоль). Праводзіліся спаборніцтвы на дыстанцыю 4800 метраў. Конь, які скакаў наперадзе і абагнаў усіх метраў на пяцьдзясят, скінуў свайго жакея. Неспадзявана з трыбуны сарваўся нейкі ваенны і некалькі хвілін бег побач з рысаком, а потым ад’ютанцкім скокам на хаду сеў на каня. Адважным прыгуном аказаўся Міхал Багдановіч, які і фінішаваў першым. Суддзі доўга спрачаліся, каму аддаваць перамогу. Высветлілася, што такі самы выпадак здарыўся ў ХІХ стагоддзі ў Ліверпулі, гора- дзе найбуйнейшых конных забегаў. І тады першынство было прысуджана таму, хто асядлаў каня. Так вырашыла судзейская калегія і ў Вільні, нягледзячы на тое, што паводзіны ўдзельнікаў і дапамога наезнікам строга рэгламентуюцца ў правілах.

Тэксты экскурсій напісаны гісторыяй

У плебаніі ксяндза Анатоля на сцяне ў гасцёўні вісіць так званы сармацкі партрэт Тадэвуша Багдановіча, суддзі літоўскага суда і галоўнага лоўчага Мінскага ваяводства, у кунтушы, падперазаным доўгім поясам. Зрэшты гэты прадмет магнацкага ўбору слуцкім называем зараз мы. А яшчэ ў ХІХ стагоддзі, у часы Пятра Шчукіна, рускага купца, які знаў толк у вырабах ткацкага мастацтва і калекцыяніраваў паясы, яны называліся кунтушовымі, персідскімі. Спачатку іх вазілі з Турцыі, а потым, як ведаем, узніклі мануфактуры на тэрыторыі Беларусі, Польшчы і нават у Ліоне. Першая «фабрыка пасаў персідскіх» з’явілася ў Слуцку.

Паводле звестак Анджэя, захоўвалася такая тканая рэліквія і ў родзе Багдановічаў.

— Але гэта не той пас, што на партрэце, — сцвярджае ксёндз Анатоль. — У іх спадчыне меўся дарагі чатырохбаковы.

Зрэшты, цяпер у Польшчы слуцкія паясы можна сустрэць нават у невялікіх сельскіх музеях, не гаворачы пра нацыянальныя.

Пасля паўстання 1831 года і трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай на тэрыторыях, якія ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі і цяперашняй Беларусі, вынішчаўся нацыянальны дух. Быў забаронены і сармацкі касцюм — сімвал заможнасці і знакамітага паходжання. Ды і мода мянялася. Персіярня Маджарскага праіснавала да 1848 года. Але ўжо пасля 1831 года на яе вырабах унізе ткаўся надпіс на рускай мове — «В граде Слуцке».

Куды ж падзеліся сямейныя рэліквіі беларускіх магнатаў і шляхты, калі сёння ў беларускіх музеях захоўваюцца толькі 11 каштоўных экспанатаў? Вядома, што частка паясоў была спалена дзеля выплаўкі каштоўных металаў, частка перададзена ў касцёлы для пашыву арнатаў. Адзін такі захаваўся ў Альковіцкім касцёле. Мяркуючы па метцы на рускай мове на ўборы ксяндза, ён быў пашыты з паса, вырабленага пасля «разбору» Рэчы Паспалітай. Хто яго ахвяраваў парафіі? Вельмі магчыма, што Багдановічы, бо тады лічылася за гонар рабіць такія ўнёскі. Так, шляхцянка Хелена Скірмунтова вырабіла надзвычай прыгожы арнат у тэхніцы аплікацыі. А ўжо пад канец XIX стагоддзя слуцкія паясы сталі прадметам куплі- продажу і калекцыяніравання.

Наш суразмоўца паказаў нам і свой збор. Не, не паясоў. Але не менш прыгожых і ўнікальных вырабаў ткацтва — ручнікоў, выкананых у рознай тэхніцы і з арнаментамі розных рэгіёнаў Беларусі, Украіны і Расіі. Летам у Альковічах пачнуць ствараць музей. На жаль, сродкаў парафіян не хапае, каб прывесці ў прэзентабельны стан касцёл. Няхай сабе не так, як у Гервятах, але можна было б тут стварыць прываблівае месца для турыстаў. А тэксты экскурсій ужо напісаны гісторыяй.

Алена КЛІМОВІЧ, «БН»

Фота аўтара і з архіва ксяндза Анатоля

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter