Роду салдата няма пераводу...

— Гэтай хаце гадоў дзвесце будзе, — гаворыць Уладзімір НАГЛЫ (на здымку), — яна яшчэ дзедава. Я тут нарадзіўся, адсюль пайшоў ваяваць, тут і паміраць буду... Праўда, гэтай зімой у дачкі жыў, у Мінску. Сын да сябе зваў, у яго кватэра на шаснаццатым паверсе. Што мне там рабіць?! А калі вярнуся ў родную хату — душа на месцы.

Роўная вясковая дарога прывяла прама да яго хаты ў вёсцы Ядліна, з аднаго боку якой шумяць елкі ды сосны, з другога — нясе свае хвалі Бярэзіна.

— Гэтай хаце гадоў дзвесце будзе, — гаворыць Уладзімір НАГЛЫ (на здымку), — яна яшчэ дзедава. Я тут нарадзіўся, адсюль пайшоў ваяваць, тут і паміраць буду... Праўда, гэтай зімой у дачкі жыў, у Мінску. Сын да сябе зваў, у яго кватэра на шаснаццатым паверсе. Што мне там рабіць?! А калі вярнуся ў родную хату — душа на месцы.

На фронт Уладзімір трапіў з-за хваробы вачэй не адразу. У 1944 годзе ваяваў на 2-м Беларускім фронце. Быў пехацінцам, камандзірам узвода.

Здавалася, берагло салдата Наглага жончына каханне, але зусім пазбегнуць куль не ўдалося: двойчы меў раненні цяжкія, двойчы — лёгкія. Лячыўся ў палявым шпіталі.

За мужнасць і адвагу, рашучасць і стойкасць, праяўленыя ў баях, Уладзімір Наглы быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Славы III ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі».

Дадому вярнуўся ў 1946-м. Падымаць краіну з руін Уладзіміру Гаўрылавічу давялося ў прамым сэнсе, некалькі гадоў ён адпрацаваў у Магілёве будаўніком. Потым вярнуўся з сям’ёй назад у вёску, да састарэлых бацькоў.

Чатырох сыноў і трох дачок выгадавалі Алена Яфімаўна і Уладзімір Гаўрылавіч: трое жывуць побач — у вёсцы Міхалёва, трое — у Мінску, а старэйшы сын — у Магілёве.

Чатыры гады ўжо мінула, як застаўся гаспадар адзін, без сваёй гаспадыні. Дзеці не забываюць бацьку, прыходзяць, прыязджаюць. Заўсёды прыбрана матчына магілка.

14 унукаў, праўнук і прапраўнук — працяг роду слаўнага салдата Уладзіміра Наглага. Яго і дасюль запрашаюць у Міхалёўскую школу на сустрэчы з вучнямі.

Алена ГРОМАВА

Фота аўтара

Бярэзінскі раён

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter