День вышиванки: кто и как создает одежду, которая формирует нашу идентичность

Родныя сэрцу ўзоры

Калі вы яшчэ думаеце, што надзець, то падкажам: сёння проста неабходна дапоўніць знешні выгляд нацыянальным элементам, бо 2 ліпеня мы святкуем Дзень вышыванкі! Нашы традыцыйныя ўзоры выглядаюць урачыста і святочна, а кожны элемент мае глыбокі сэнс. Як ствараюцца гэтыя народныя элементы на адзенні, убачылі карэспандэнты «Р».

Вышывальшчыца Святлана Купрыянава працуе над рукавом жаночай кашулі Калінкавіцкага строю.

Вышыта з любоўю

Куды неабходна прыйсці, каб адчуць увесь спектр «беларускіх» эмоцый, дык гэта на пляцоўку ля Палаца Спорту. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі арганізоўвае ў Мінску свята Дзень вышыванкі, якое працягнецца з 16.00 да 22.00. Будуць і «Беларускі кірмаш», і «АРТ-фолк», фуд-корт «Беларуская карчма», выстава-продаж вырабаў майстроў народных промыслаў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гандлёвыя рады па продажы сувеніраў, адзення, аксесуараў і многае іншае. Праграма свята нацыянальнага арнаменту — шырокая, вясёлая і запамінальная. Ніхто не застанецца без вышыванкі — гэта дакладна. Дарэчы, у іншых гарадах сёння таксама святочна: напрыклад, у Віцебску пройдзе Фестываль вішні — брэнд Віцебскай воб-ласці. На пляцоўцы «Краіна дзяцінства» прадстаўнікі БРСМ арганізуюць беларускія народныя рухомыя гульні. Мінская абласная арганізацыя БРСМ арганізоўвае інтэрактыўную экспазіцыю пад адкрытым небам, дзе можна бу-дзе ўбачыць вырабы народных рамёстваў і іншага. У Брэсце Дзень вышыванкі адзначаць велапрабегам. 

А мы напярэдадні зазірнулі ў навукова-вытворчае рэспуб-ліканскае ўнітарнае прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў «Скарбніца» на вуліцы Кісялёва ў Мінску, дзе працуюць унікальныя спецыялісты. Тут ствараюцца сапраўдныя ўзоры Беларусі! Усе супрацоўнікі, якія сваімі тонкімі пальцамі працуюць з іголачкамі над iльном, і самі ў нацыянальных узорах. 



З ільну, бавоўны, воўны

Дырэктар УП «Скарбніца» Марыя Тарайковіч праводзіць нас па кожным цэху, якія проста напоўнены беларускасцю, калі можна так сказаць:

— Мы праектуем і ствараем нацыянальныя народныя і сцэнічныя, гістарычныя касцюмы з ільну, бавоўны, воўны. Таксама шыем і сучаснае адзенне з розных матэрыялаў: кашулі, блузкі, майкі, спадніцы і іншае для дарослых и малых. Сваю працу пачалі аж у 1976 годзе, каб развіваць нашы беларускія промыслы. Ездзілі па вёсках, збіралі ўсё, што можна захаваць і перадаць будучым пакаленням. Нашы спецыялісты — людзі ў прамым сэнсе з залатымі рукамі, перадавалі свой вопыт у сваіх работах. Кожная вышытая кашуля — гэта не проста ўзяты з галавы арнамент, які вырашылі нанесці, гэта сэнс. 

Дырэктар паказвае нам на розных элементах адзення арнаменты. Вось сімвалы жаночай долі, сонца, моцнай сям’і, мамы і святога дрэва, любоўнай песні, знак дзяўчынкі-бярозкі, дзіцяці — ён абараняе дзяцей ад няшчасця, а вось памяць пра каханне, зараджэнне кахання, шлюбу маладых, сімвал абуджэння прыроды ўвесну, багатага чалавека і гэтак далей. Неверагодна цікава!

Пачала сваю працу «Скарбніца» яшчэ ў 1976 годзе.

— Кожную дэталь мы робім якасна і з дарагіх, добрых матэрыялаў. Тут да кожнага заказу — свой творчы індывідуальны падыход, крой, пашыў. Многія рэчы — унікальныя, некаторыя выкананыя ў адзіным экзэмпляры. Кожнае дэкаратыўнае афармленне, вышыўка, ручное ткацтва — гэта вялікая праца, — Марыя Антонаўна накіроўвае нас у цэх страчавышытых і швейных вырабаў, дзе яго кіраўнік Вольга Кляніцкая якраз працуе над вышыўкай для мужчынскай кашулі Калінкавіцкага строю — для музея ў Жлобіне. Вы ж ведалі, што раней у кожнага рэгіёна быў свой адметны ўзор арнаменту? Лёгка было вызначыць: хто і адкуль гэты чалавек.



Пакуль мы назіраем за карпат-лівай працай, Вольга Кленіцкая расказвае, што моладзь цікавіцца народнай творчасцю і любіць тое, што мы ўсе называем вышыванкамі:

— Нават тыя, хто з’язджае жыць далёка за мяжу, заказваюць вышы-ванкі. Мабыць, цікавасць да свайго, роднага, удалечыні вырастае ў разы. Падчас глабалізацыі і мас-маркету нацыянальная годнасць абуджаецца, — дзеліцца цікавымі назіраннямі Вольга Кляніцкая.



Удакладняю: колькі, для прыкладу, каштуе вышытая кашуля? 

— Ад 50 да 190 рублёў, ёсць і за 350. Усе яны выкананы ў традыцыйнай арнаментальнай вышыўцы. 

На адну арыгінальную кашулю затрачваецца каля месяца. Спачатку малюнак распрацоўвае мастак, пераносячы і маштабуючы яго на той фармат, які патрэбны. Канструктары рыхтуюць тканіну, затым ідзе вышыўка — не менш за 60—90 гадзін. Затым зборка ўсёй кашулі — 12—14 гадзін: нешта ручным спосабам, штосьці на машынцы. Гэта не завадскі падыход, а індывідуальны. Такіх спецыялістаў — краўцоў і вышывальшчыц, якія выраслі ў сем’ях, дзе гэтыя веды былі часткай выхавання, традыцый — няшмат.

  А што вы маеце з прыгожымі ўзорамі Радзімы?

Мы трапляем у музейную экспазіцыю: сапраўдная скарбніца! Тут знаходзяцца ўсе строі, якія толькі былі ў краіне. І арыгіналы, і рэплікі, і распрацоўкі, і сцэнічныя касцюмы... Усё таксама захавана ў кнігах і дакументах, каб гісторыя жыла не толькі ў рэчах, але і на паперы.



Напрыканцы для прыгожага кадра заходзім да вышывальшчыцы Святланы Купрыянавай, якая, не падымаючы вачэй на нас, працуе над рукавом жаночай кашулі Калінкавіцкага строю. Перад ёй — эскіз, у адной руцэ — пяльцы з ільном, у другой — іголка з чырвонымі ніткамі. За яе спіной калега дапрацоўвае слуцкі пояс... Ціха і прыгожа, працавіта і аддана — так ствараецца нацыянальны ўзор. 

kasel@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter