Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У расійскім горадзе Кургане прайшла прэзентацыя кнігі “Сямейна-бытавая абраднасць беларусаў Зауралля. Фальклорна-этнаграфічная экспедыцыя”

Родныя людзі ў Заураллі

Аўтар-складальнік яе — Людміла Урванцава.
Чытачы газеты “Голас Радзімы” ведаюць: у Кургане працуе Беларускі нацыянальны культурны цэнтр “Батькавщина”, які займаецца адраджэннем, захаваннем, пашырэннем духоўных, гістарычных і культурных традыцый беларускага народа ў Курганскай вобласці. Дзякуючы актывістам цэнтра шмат можна даведацца пра Беларусь. Суполка рэгулярна праводзіць святы нацыянальнай культуры, выставы народнай творчасці. А таксама фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі ў глыбінку: каб сабраць там, у месцах кампактнага пасялення супляменнікаў, песенны, музычны фальклор, казкі, показкі, прымаўкі беларусаў, што жывуць у Заураллі. З цікавасцю знаёмяцца даследчыкі-аматары з усім, што мае дачыненне да каляндарнай і сямейна-бытавой абраднасці супляменнікаў.

Людміла Урванцава з вясковымі супляменнікамі

Суполку “Батькавщина” ведаюць і за межамі горада, яна не раз удзельнічала ў конкурсе сацыяльных праектаў (і тройчы станавілася прызёрам!) Уральскай федэральнай акругі, якая створана ў 2000 годзе ў межах Урала і Заходняй Сібіры. Адзін з праектаў-пераможцаў, пададзены суполкай, называўся так: “Сямейна-бытавая абраднасць беларусаў Зауралля”. Пад яго былі выдзелены сродкі. А між тым экспедыцыі ладзіліся й раней. Паступова быў сабраны найбагацейшы матэрыял для кнігі пра нацыянальныя традыцыі зауральскіх беларусаў. Аўтар-складальнік  выдання — Людміла Урванцава, старшыня суполкі “Батькавщина”, ініцыятар стварэння ансамбля “Журавачка”. Журналістам яна расказала: калі прыехала працаваць у Курганскую вобласць, то звярнула ўвагу: тут жывуць людзі розных нацыянальнасцяў. Маючы беларускія родавыя карані, паважаючы культуру продкаў, Людміла Рыгораўна вырашала стварыць беларускую суполку: ёй ужо 13 гадоў. Праз некаторы час, як “Батькавщина” трохі стала на ногі, энтузіясты заняліся зборам беларускіх матэрыялаў. Паехалі па тых вёсках і сёлах вобласці, дзе беларусаў найбольш. Каля сямі гадоў сустракаліся з супляменнікамі, патрохі збіралі этнакантэнт, аглядаючы раён за раёнам: як кажуць, з міру па нітцы. Потым патрэбна было сабраны матэрыял апрацаваць, сістэматызаваць. Перамога ў конкурсе сацыяльных праектаў УрФА паспрыяла таму, што зборнік пабачыў свет. У ім, гаворыць Людміла Урванцава, сабраныя песні, апавяданні, трапныя выслоўі, успаміны беларусаў-старажылаў, адметныя рэцэпты розных страў ад гаспадынь, таксама пададзены фотаздымкі беларускіх касцюмаў, прадметаў побыту.

Прэзентацыя кнігі прайшла ў Курганскай абласной навуковай бібліятэцы імя Аляксея Югава. Павіншаваць Людмілу Рыгораўну з падзеяй, адзначыць яе разам з беларусамі прыйшлі прадстаўнікі Урада вобласці, Асамблеі народаў Зауралля, абласной пісьменніцкай арганізацыі. Віншавалі энтузіястку, яе сяброў і калегі па прафесійнай дзейнасці, а таксама прыхільнікі таленту гурта “Журавачка”. Дарэчы, сярод песень, якія гучалі пад час прэзентацыі, былі й тыя, што запісаны ў этнаэкспедыцыях.

Уладзімір Уфімцаў, старшыня савета Асамблеі народаў Зауралля, лічыць: дзе б мы ні былі — варта памятаць пра свае карані. Звычайна так і бывае. Калі прадстаўнікі пэўнага этнасу прыязджаюць у нейкі край, застаюцца жыць, то прывозяць і свае традыцыі, побыт, абрады. А выданне кнігі пра сямейна-бытавую абраднасць беларусаў Зауралля, удакладніў Уладзімір Уфімцаў, дапаможа ўсім, хто пажадае, лепш ведаць беларускую культуру. Дарэчы, цяпер у Заураллі беларусаў — каля чатырох з паловай тысяч. Цікавасць да родавых каранёў у іх падтрымлівае БНКЦ “Батькавщина”, шмат у каго ў Беларусі па гэты час жывуць сваякі. З такіх, дарэчы, і Сяргей Вяроўкін, адзін з сяброў суполкі. Ён прызнаўся: амаль штотыдзень з Беларуссю на сувязі, там жывуць яго сваякі: пляменнікі ды пляменніцы. У Сяргея Андрэевіча захоўваюцца дома некаторыя рэчы з беларускім каларытам. Бывае, прывозіць ён і сувеніры з Бацькаўшчыны, дорыць нешта ў “Беларускую хатку”.

Таццяна Макавеева, г. Курган


Ад рэдакцыі. Віншуем з выхадам каштоўнай кнігі, паважаныя беларусы Зауралля! Ваш досвед варты пераймання. І ў электроннай версіі кнігі “Белоруссы Зауралья”, дасланай у рэдакцыю, шмат цікавых матэрыялаў. Яна, аднак, падаецца нам, патрабуе ўважлівай карэктарскай працы. Нават па назве кнігі ёсць пытанні. Чаму “белоруссы”? Афіцыйная назва краіны ўжо больш за 25 гадоў — Рэспубліка Беларусь і Беларусь, па-руску адпаведна: Республика Беларусь і Беларусь. Такую назву зацвердзіў сваім Законам яшчэ Вярхоўны Савет БССР 19 верасня 1991 года — Закон лёгка знайсці ў інтэрнэце. Прычым у тэксце яго ёсць важная прыпіска: “Устанавіць, што гэтыя назвы транслітэруюцца на іншыя мовы ў адпаведнасці з беларускім гучаннем”. На жаль, у Расіі часам яшчэ з савецкіх часоў ужываецца назва “Белоруссия”. А назва народа “белоруссы” і ўвогуле дарэвалюцыйная…

Назва ж прэзентаванай кнігі па-руску: “Семейно-бытовая обрядность белорусов Зауралья. Фольклорно-этнографическая экспедиция”. А нядаўна Людміла Урванцава паведаміла, што “День единения народов Беларуси и России” (так у арыгінале) пройдзе сёлета ў горадзе Петухова Курганскай вобласці. Беларусы Зауралля вырашылі, што варта гэты дзень адзначаць “в месте компактного поселения белорусов”. І тут па назвах, як гаворыцца, няма ніякіх пытанняў.


Голас Радзімы № 8 (3512), чацвер, 23 лютага , 2017 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter