Родныя людзі?

Што мы ўкладваем у паняцце “родная кроў”? Напэўна , нешта звязанае з самымі блізкімі людзьмі. Якія не падвядуць і ў бядзе не пакінуць. А тым больш не будуць брацца загрудкі ды высвятляць адносіны. Аднак жа і такое нярэдка здараецца. Прычым завадатарамі тут усё часцей выступаюць прадстаўнікі жаночага полу, што, канешне, не можа не здзіўляць. І тут самы раз запытаць: «Што з вамі адбываецца, людзі?!»
Гісторыя першая. Маладая асоба па імені Аня жыла разам з мамай. Выйшла замуж, нарадзілася дзіця. Толькі неўзабаве Анін муж налажыў на сябе рукі. Хто ведае, чаму... Мо, таму, што жонка любіла гульнуць, на сям’ю забывалася. Не змянілася Аня і пасля цяжкай страты, на маці стала руку падымаць. Тая цярпела да пары да часу, а потым і сказала, што за дапамогай у міліцыю пойдзе. Тады маладая асоба крутнулася да бабулі. Ну той што рабіць? Прыняла. Удзвюх, думала, лягчэй, во і праўнук будзе шчабятаць, яе, старую, заспакойваць. Дзён колькі так і было. А потым Аня ўзялася за сваё: гулянкі, п’янкі, у доме насмаліць, хоць сякеру вешай. Бабуля стала паціхеньку выгаворваць унучцы. Тая аднойчы так адлупцавала старую, што тая лежма ляжала. Падала заяву ў міліцыю,меўся быць суд. І тут бабка даравала ўнучцы. Ды і як не дараваць — родная кроў. Толькі вось паводзіны ўнучкі пасля гэтага яшчэ горшыя сталі. Аднаго разу Аня прыйшла на добрым падпітку, павяла сына ў паліклініку, і як павяла... Ад адной сяброўкі да другой. Паўгорада абхадзіла, а потым давай у бабулі грошай патрабаваць. Калі бабка адмовіла, некалькі разоў наводмаш ударыла яе, а потым яшчэ металічнай каструляй дабавіла. Узяла сумку, зачыніла дом, у якім засталіся старая і двухгадовае дзіця, і гуляць. Цяпер будзе “гуляць” у іншым месцы — за турэмнымі кратамі, бо суд прызнаў яе вінаватай у наўмысным збіванні пажылога чалавека, што пацягнула за сабой цяжкія расстройствы здароўя апошняй... Пацішэе ў дамах яе маці і бабулі. Толькі ці спакайней тым будзе на душы? Гісторыя другая. Тым познім вечарам Вольга Трухан разам са сваім сужыцелем і дачкой Вікай вярталіся з гасцей. Узялі за апошнія грошы таксі і з шыкам падкацілі да дому. Узняліся на дзевяты паверх, зайшлі ў кватэру. Час спаць легчы, дык не, захацелі яшчэ выпіць. А дзе ўзяць? Сужыцель панёсся на “кропку”, вярнуўся з пляшкай сівухі. Толькі селі, як з’явіўся Вольгін брат Ілля, таксама выпiўшы і з бутэлькай віна. Самагонка, змешаная с віном, пакрысе рабіла сваю справу. Вольга счапілася з братам: папрокі, усялякія абвінавачванні. Як потым напіша ў сваіх паказаннях Вольга, нож апынуўся ў руках брата, завязалася барацьба, яна і не памятае, як гэтым нажом... З грудзей Іллі пацякла густая кроў. «Сястра, што гэта?!» — разгублена выгукнуў той і ўпаў на калені. Вольга, відаць, зразумела, што нарабіла, кінулася будзіць сужыцеля. Толькі дарэмна – рана аказалася смяротнай, Ілля сканаў на месцы... Адбыўся суд, які прызнаў Вольгу вінаватай у наўмысным забойстве і прыгаварыў яе да шасці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем тэрміну ў калоніі агульнага рэжыму. Вось так недарэчна абарвалася адно жыццё і зламалася два іншых: самой Вольгі і яе непаўналетняй дачкі, якая на даволі працяглы час засталася без маці. Напэўна, гэтай трагедыі ўдалося б пазбегнуць, калі б не ўмяшаўся “зялёны змій”... “Ды, — думаешь, — хоць сам д’ябал, а ці так абыходзяцца з самымі блізкімі?!» Гісторыя трэццяя. Мілка жыла з бацькамі і двума брацікамі ў горадзе. Але ўзгадавалася, лічы, у вёсцы на руках у бабулі Антолі. Прыйшоў час, і яна вымахала, акруглілася, да хлопцаў пацягнулася,i закурыць, і вып’е, “наркату” спрабавала. На ўсё такое яе хапала, а на вучобу — не. Так-сяк усунулася ў СПТВ. Па-ранейшаму кампаніі, гулянкі, на бацькоў пачала пакрыкваць. Тыя дачку асадзяць, а бабуля за яе: “Не так выхоўваеце, мая ты ўнучка, унучачка!” Сама Антоля займалася закупам садавіны, усяго таго, што расце на прысядзібных участках, ад раённай нарыхтоўчай арганізацыі. Жыла ў сваім доме, а калі памёр бацька, стары Цімох, перабралася ў ягоны дом, гэта значыць, у свой родны. Давяла яго да ладу, адбудавала. У ранейшы дом і не думала вяртацца, але завезла туды пару тэлевізараў, халадзільнік, некалькі дываноў, якія з раёна выдаваліся для разлікаў са здатчыкамі прадукцыі. Усё гэта – пад замок, ніхто, здаецца, і не бачыў. Толькі прыходзіць праз пару дзён – усё разграблена. І замок на месцы, і ўсё кругом нечапанае! Аказваецца, зладзеі ўлезлі праз вакно, а затым яго на месца паставілі. Хто ж гэта зрабіў? Міліцыя падключылася і выйшла на Мілку. Яна гэта падгаварыла знаёмага, у якога было аўто, дзвюх сваіх сябровак, і яны вывезлі ўсё гэта ў горад. — А мая ты ўнучка, унучачка, — не магла паверыць бабуля, — за што ж ты мяне так... — Радуйся, што сама цэлай засталася, — заспакойвалі суседзі, — а каб цябе заспелі з гэтымі рэчамі, невядома, што б было. Вось табе і “мая ўнучачка!”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter