Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Цікавыя імпрэзы і сустрэчы прайшлі ў плыні Дзён беларускай культуры ў Мікалаеўскай вобласці

Родныя галасы з Мікалаева

Моцнае дрэва, заўважаюць мудрыя людзі, расце адначасова і ўверх, і ўглыб. Гэтаксама і абачлівыя кіраўнікі беларускіх суполак, разгортваючы дзейнасць, імкнуцца не проста пырхнуць-“адзначыцца” на людзях, бліснуць чарговым “удзелам”. Яны паглыбляюцца ў гісторыю Бацькаўшчыны, асвойваюць багатыя радовішчы беларускай мовы, да таго ж самі вучацца спяваць, танцаваць, гожа трымацца на розных сцэнічных пляцоўках і пры тым гаварыць прыгожа. І з людзьмі ладзіць, і з уладамі, а таксама з каханымі-блізкімі-роднымі, якім часам бурная грамадская дзейнасць — не даспадобы...

Узнагароды і каштоўныя падарункі — для ўдзельнікаў святочнага канцэрта

Па ўсім бачна, кіраўніца беларускай суполкі “Голас Радзімы” з Мікалаева Таццяна Дзяменнікава ды сябры-паплечнікі, сярод якіх і яе дачка з зяцем, у беларускім руху — не “дзеля галачкі”. Яны глыбока пускаюць карані ў родную культуру, моцна трымаюцца за традыцыі продкаў, аднак жа ўмеюць на сучаснай мове, “без нафталіну” данесці тыя скарбы жыхарам і гасцям Мікалаева, украінскага горада суднабудаўнікоў. Прычым усё больш адметныя, рэзанансныя рыхтуюць і праводзяць імпрэзы. Пачыналі, помніцца, са сціплага ўдзелу ў мясцовых этнафэстах, выставах, канцэртах, потым асвоіліся ў літаратурна-музычных вечарынах, пачалі ладзіць беларускія “Вячоркі”. Цяпер жа праекты суполкі набываюць міжнародны маштаб. Наша газета пісала, што ў Мікалаеве на пачатку лета прэзентавалася выстава “Завуся я толькі Янка Купала” — былі прадстаўлены матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы да юбілею Песняра (“Такі прыцягальны Купала” — ГР, 7.07.2017). Беларуская суполка на той імпрэзе выдатна дапоўніла экспазіцыю — вершамі, песнямі, танцамі.

Нядаўна ж Таццяна Дзяменнікава напісала нам: “Правялі ўжо два мерапрыемствы ў плыні Дзён беларускай культуры ў Мікалаеўскай вобласці. Асабліва запомніўся ўсім святковы канцэрт, які мы зладзілі 17.06.2017”. Спадзяюся, украінскае слова “святковы” тут зразумелае й без перакладу. Яно й на шматколернай афішы, што запрашала мікалаеўцаў і гасцей горада ў Абласны палац культуры. Прычым: “вхід вільний”. І “гості заходу” — гэта значыць імпрэзы, мерапрыемства — бачны на здымках: народны артыст Украіны Мікола Коваль з Кіева і народны тэатр песні, музыкі ды ігры “Крынічка” з Кобрына. Па спасылках, якія скінула Таццяна, бачна: беларускі канцэрт меў добры розгалас у СМІ, пра падзею пішуць на інтэрнэт-форумах. Таццяну парадавала паведамленне, што прыйшло на яе мэйл ад Максіма, што жыве ў Мікалаеве: “Вялікі вам дзякуй за такі надзвычайны, душэўны і чысты канцэрт! Я атрымаў шмат уражанняў, зарад пазітыву і цяпла. І я быў такі не адзін. Вельмі сумую па сваёй другой радзіме, і дзякуючы вам хоць на пару гадзін змог адчуць тую прыгажосць, што мяне атачала 12 гадоў, якія пражыў там... Яшчэ раз — велізарны вам дзякуй!”.

Да культурнай акцыі далучыліся і дыпламаты. Амбасадар Ігар Сокал 16-17 чэрвеня наведаў Мікалаеўскую вобласць. На сустрэчы ў абласной дзяржадміністрацыі (прымаў гасцей першы намеснік старшыні Вячаслаў Бонь і яго калегі) былі таксама Генеральны консул Беларусі ў Адэсе Уладзімір Чахлоў і першы сакратар Амбасады Беларусі ва Украіне Аляксей Панкраценка. 

Цяпер у Мікалаеве, гаварыў Ігар Сокал, працуюць два канвееры, на якіх збіраюцца беларускія трактары і камбайны. Да таго ж у горадзе вялікая дыяспара беларусаў. “Для нашай краіны супрацоўніцтва з Украінай і, у прыватнасці, з Мікалаевам з’яўляецца стратэгічным”, — адзначыў Амбасадар. Сустрэліся дыпламаты з мэрам Мікалаева Аляксандрам Сянкевічам, наведалі офіс і зборачныя лініі групы кампаній “Техноторг” — афіцыйных дылераў ва Украіне вядомых брэндаў “МТЗ” і “Гомсельмаш”.

Амбасадар Беларусі ва Украіне сустрэўся і з актывам Мікалаеўскага абласнога грамадска-культурнага таварыства беларусаў “Голас Радзімы”, кіраўніцтвам Мікалаеўскага абласнога краязнаўчага музея. “Ігар Сокал перадаў музею беларускі нацыянальны касцюм, кнігу Глеба Кудрашова “Малітва да Тараса пад Беларускім небам” і фрагмент Слуцкага пояса — для іх размяшчэння на адмысловым экспазіцыйным стэндзе, прысвечаным этнічным беларусам, якія жывуць у Мікалаеўскай вобласці”, — чытаем на сайце Амбасады. Актывістам суполкі перададзены выданні, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. 

Вечарам якраз Ігар Сокал і адкрываў святочны канцэрт, што ладзіўся ў плыні Дзён беларускай культуры ў Мікалаеўскай вобласці. А канцэрт беларускай суполцы дапамаглі зладзіць супрацоўнікі ўпраўлення культуры, нацыянальнасцяў і рэлігій абласной дзяржадміністрацыі, Абласнога палаца культуры, актывісты з Рады нацыянальных таварыстваў вобласці, а таксама творчыя людзі з Мікалаеўскага дзяржаўнага вышэйшага музычнага вучылішча і Мікалаеўскага каледжа культуры і мастацтваў. Таццяна Дзяменнікава ў сваім вітальным слове пажадала ўсім — дабра, любові, міру, падзякавала сярод іншых і Консульству Беларусі ў Адэсе, Амбасадзе Беларусі ва Украіне за дапамогу ў арганізацыі канцэрта. 

На святочнай cцэне ў Мікалаеве выступалі як мясцовыя беларусы, так і артысты з Кобрына

Дзякуючы беларускай дзяржаве ўпершыню на свята ў Мікалаеў прыехалі артысты з самой Беларусі — народны тэатр “Крынічка” з кобрынскага Палаца культуры. “Яны прадставілі беларускія народныя песні, у тым ліку і абрадавыя. Прычым — вельмі таленавіта, і пакарылі ўсіх сваім запалам, майстэрствам і вялікай беларускай душой, гатовай аддаць гэтаму свету сваю чысціню і шчырасць, а яшчэ — уменне радавацца і жартаваць”, — чытаем на адным з сайтаў. Спадабаліся мікалаеўцам і меладычныя беларускія і ўкраінскія песні, якія ім падарыў Мікола Коваль (барытон) — народны артыст Украіны, лаўрэат міжнародных конкурсаў, прафесар Нацыянальнай музычнай акадэміі Украіны. Пра яго, ураджэнца вёскі Аздамічы Столінскага раёна, наша газета пісала (“Вярнуцца з песнямі” — ГР, 3.10.2013). Спадзяемся, збудзецца і вялікая мара спевака, які стварыў дзясяткі яркіх вобразаў на сцэне Украінскай оперы: паспяваць на сцэнічных пляцоўках Бацькаўшчыны. Магчыма, і ў фармаце Фэстаў творчасці беларусаў свету (чарговы, трэці пройдзе ў верасні) было б цікава запрасіць у Беларусь як Міколу Аляксеевіча, так і ягоную жонку, заслужаную дзяячку мастацтваў Украіны Тамару Коваль (сапрана), іх таленавітых дачок — яны ж таксама таленавітыя артысткі!

Ад імя нацыянальна-культурных таварыстваў Мікалаеўшчыны віншавала мікалаеўцаў з першымі на зямлі Паўночнага Прычарнамор’я Днямі беларускай культуры Лаліта Каймаразава, старшыня праўлення Рады нацыянальных таварыстваў. Яна падзякавала Таццяне Дзяменнікавай за яе працу, за яе падзвіжніцтва ў захаванні ды развіцці беларускай культуры на мікалаеўскай зямлі. Дзякуючы праграмам суполкі, прысвечаным гісторыі, традыцыям Беларусі, яе пісьменнікам, песням, гарадам і вёскам, выдатным і непаўторным куткам прыроды і сама Лаліта палюбіла край палёў і лясоў, рэчак і азёр, неабсяжнай вышыні-сінечы нябёсаў, але асабліва — беларускую мову. Таму й сваю любоў да Беларусі, яе людзей Лаліта Каймаразава выказала, прачытаўшы верш Якуба Коласа на яго роднай мове. Гэта ўражвае!

І ў суполцы “Голас Радзімы” ёсць свае таленты. На святочным канцэрце выступала яе фальклорная група, дзе гарманістам Эдуард Куцэнка, ды актывістка суполкі з горада Першамайска, спявачка Валянціна Каракіна-Смолка. Заваражыў мікалаеўцаў і госць з Кобрына Арцём Хоцімка: “Яго аксамітны голас пранікаў у самае сэрца і прымушаў вібраваць ва ўнісон мелодыі, слоў песні, выносіў у далёкія далі беларускіх лясоў і палёў, выклікаў у памяці знаёмыя вобразы з усім вядомых беларускіх і ўкраінскіх песень”. Напрыканцы канцэрта зала апладзіравала артыстам стоячы. Што ж, песні ды вершы сапраўды збліжаюць народы. Як і ўдумлівыя энтузіясты з беларускіх суполак, якія, нібы моцныя дрэвы, “растуць” і ўверх, і ў глыбіні роднай культуры.

Голас Радзімы № 28 (3532), чацвер, 27 ліпеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter