Як сёння жыве адзін з самых старажытных у краіне гарадоў?

Родныя Адаму Міцкевічу мясціны

Навагрудак нараўне з суседнімі Нясвіжам і Мірам адносіцца сёння да ліку тых невялікіх гарадкоў, якія ўнеслі прыкметны ўклад у культуру і гісторыю не толькі Беларусі, але і суседніх Літвы, Польшчы і нават Расіі. Заснаваны вялікім князем Яраславам Мудрым, ён нядаўна адзначыў сваё 970-годдзе. Як сёння жыве адзін з самых старажытных у краіне гарадоў?  Карэспандэнты “Беларусі” адправіліся туды па ўражанні. 

The monument to Adam Mickiewicz in NovogrudokБеларусь — краіна раўнінная. А заехалі ў Навагрудак — і быццам трапілі ў Швейцарыю: вуліцы раз-пораз ныраюць з узгорка ў даліну. Мясцовыя жыхары нават жартуюць — ходзім не ўперад-назад, а ўверх-уніз. Вось і нас ногі самі прывялі да аднаго з самых высокіх пунктаў Навагрудчыны (323 метры над узроўнем мора). Скрозь туман хмурнай зімовай раніцы жывапісна праглядаюцца велічныя руіны каменнага сярэднявечнага замка, сцены і вежы якога ў свой час не змаглі адолець ні тэўтонскія рыцары, ні татарскія воіны. Пасля вайны тут працавалі ленінградскія археолагі — асноўная частка знаходак захоўваецца ў Санкт-Пецярбурзе: у Эрмітажы і Інстытуце гісторыі матэрыяльнай культуры. А сёння ў замку гаспадараць рэстаўратары. Свежае мураванне, хоць і прымяняецца спецыяльна вырабленая цэгла, адрозніць няцяжка. У адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай 
“Замкі Беларусі” будуць вызвалены ад пазнейшых наслаенняў рэшткі сцен, у ацалелай вежы Шчытоўка плануецца змясціць музейную экспазіцыю. З’явяцца і макеты замка ў першапачатковым выглядзе. 

Так што са сваім слаўным мінулым жыхары Навагрудка развітвацца не збіраюцца. Больш за тое, дзякуючы гэтаму капіталу спадзяюцца зрабіць старажытны горад турыстычным цэнтрам, які зручна будзе наведаць разам з суседнімі Мірам і Нясвіжам. Пры гэтым своеасаблівасці, арыгінальнасці ён ніколькі не страціць. Хоць бы таму, што тут знаходзіцца дом-музей геніяльнага паэта Адама Міцкевіча, якога ў Літве, Польшчы лічаць сваім, але радзіма яго тут — на Навагрудчыне. Разам з дырэктарам гэтага першага ў Беларусі дома-музея, аўтарам навуковага даследавання аб жыцці Міцкевіча Мікалаем Гайбам ідзём да месца, дзе размешчана тыповая дваранская сядзіба першай паловы XIX стагоддзя з флігелем, клеццю для начыння, калодзежам, альтанкай. Мікалай Паўлавіч тлумачыць: 

— На жаль, усё гэта — рэканструкцыя. Сапраўдны дом, дзе нарадзіўся знакаміты паэт, двойчы гарэў, музей, які дзейнічаў у ім з 1938 года, у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны быў разбураны нямецкай бомбай. Так што аднагодкам Адама Міцкевіча можна лічыць толькі падмурак. Рашэнне аб аднаўленні музея было прынята ў 1948 годзе, і ўжо ў 1955 годзе ён быў адкрыты. У цяперашнім выглядзе пасля чарговай рэканструкцыі сядзіба існуе з 1990 года. 

Па збегу акалічнасцяў, лёс радавога гнязда Міцкевіча ў чымсьці сугучны лёсу самога паэта, жыццё якога зведала нямала рэзкіх паваротаў. Наўрад ці варта пераказваць змест экспазіцыі, дзе прадстаўлена больш за 500 экспанатаў, у тым ліку прыжыццёвыя выданні паэта. Але адну тэму нельга не згадаць — гэта тыя 5 гадоў, што звязвалі Міцкевіча з Расіяй. Ён быў у сяброўстве з Жукоўскім, Пушкіным і іншымі вядомымі паэтамі таго часу. Аляксандр Сяргеевіч, як вядома, не раз захоплена адгукаўся пра беларускага калегу па літаратурным цэху. Аб усім тым расказваюць і экспанаты, якія з’явіліся ў Навагрудку дзякуючы супрацоўніцтву з маскоўскім Музеем Пушкіна ды іншымі расійскімі сховішчамі даўніны. Напрыклад, копіі рукапісаў А.С.Пушкіна, на палях якіх яго рукой зробленыя накіды партрэта Міцкевіча. 

The first Belarusian monument to Vladimir Vysotsky, by sculptor Gennady Buralkin, erected in Novogrudok in 2012Гэтая роднасць паэтычных душ прарасла скрозь час і адгукаецца сёння непадробнай цікавасцю расіян да творчасці і лёсу Адама Міцкевіча. З кожным годам іх усё больш наведвае дом-музей у Навагрудку. Аб чым часцей за ўсё пытаюць, цікаўлюся ў Мікалая Гайбы.

— З самых парадаксальных пытанняў назваў бы такое: хто быў больш таленавіты — Пушкін ці Міцкевіч? Зразумела, што на абывацельскім узроўні Пушкін расіяніну больш блізкі. Але калі даведваюцца, што Міцкевіч быў не толькі паэтам, але і прафесарам двух універсітэтаў — у Лазане (Швейцарыя) і Каледж дэ Франс (Францыя), загадчыкам кафедры славянскай архітэктуры Парыжскага ўніверсітэта — прыходзіць разуменне, што прамалінейнае параўнанне тут недарэчнае. Кожны з іх геніяльны па-свойму. 

 І зноў здзіўляе, наколькі цесна бываюць пераплеценыя лёсы. Справа ў тым, што на радзіме Адама Міцкевіча, у Навагрудку, служыў сын Аляксандра Пушкіна, таксама Аляксандр. Тут жа ў пяцімесячным узросце памёр і быў пахаваны яго сын і ўнук вялікага расійскага паэта — надмагільны помнік з надпісам “Младенецъ Петръ Пушкинъ” дагэтуль знаходзіцца на старых, цяпер не дзеючых хрысціянскіх могілках. 

А недалёка ад музея ў маленечкім скверыку мы ўбачылі бюст, узведзены ў памяць яшчэ пра аднаго знакамітага расійскага паэта, у адной асобе таксама таленавітага спевака, кампазітара, акцёра — Уладзіміра Высоцкага. Помнік яму, зроблены беларускім скульптарам Генадзем Буралкіным, з’явіўся тут у 2012 годзе і стаў першым у Беларусі. Чаму менавіта ў Навагрудку? У Мікалая Гайбы і на гэтае пытанне ёсць адказ: 

— У 1969 годзе Уладзімір Высоцкі некалькі месяцаў правёў у нашым горадзе, прымаючы ўдзел у здымках фільма паводле твораў вядомага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча “Сыны ідуць у бой” і “Вайна пад стрэхамі”. Тут ён напісаў некалькі знакамітых ваенных песень. Гавораць, Высоцкі часам спяваў пад гітару для мясцовых жыхароў. Запомнілася гараджанам і яго жонка прыгажуня Марына Владзі. 

Мастацкая галерэя “Сядзіба мастака Кастуся Качана” пабудавана ў 2012 годзе. Знаходзіцца ў цэнтры Навагрудка, па дарозе з гарадской плошчы да Замкавай гары

У горада асаблівыя стасункі са светам прыгожага. Імёны вядомых беларускіх паэтаў-песняроў таксама цесна звязаныя з Навагрудчынай: тут нейкі час жыў Янка Купала, а Якуб Колас быў дэпутатам ад Навагрудскага раёна ў Вярхоўным Савеце БССР. У працяг традыцыі ў чэрвені мінулага года тут у салідным каменным асабняку адкрылася прыватная мастацкая галерэя. А таксама не раз праводзілі творчыя пленэры студэнты-манументалісты — іх лепшыя работы з каменю сёння ўпрыгожваюць скверы і вуліцы горада. 

Спорт у вядомым сэнсе таксама мастацтва. Інакш мясцовая спартыўная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву № 1 не дамаглася б такіх вынікаў у спаборніцтвах па біятлоне — лік медалям чэмпіёнскай вартасці ідзе на дзясяткі. У тыя дні, што мы былі ў Навагрудку, увесь горад толькі і гаварыў, як там выступае на кубку свету па біятлоне выхаванец школы Дзмітрый Будзіловіч. А яшчэ тут захоўваюць гісторыю — больш за 5 гадоў у школе дзейнічае музей лыж, які штогод папаўняецца цікавымі экзэмплярамі. Некаторым экспанатам ужо больш за 100 гадоў. Другія, сучасныя, належалі знакамітым спартсменам. Такім, як двухразовая ўдзельніца алімпійскіх гульняў, біятланістка, выхаванка гэтай жа школы Людміла Ананька. А нядаўна ў Навагрудку на базе гімназіі № 2 адкрылася аддзяленне біятлона і лыжнага спорту Лідскага філіяла Гродзенскага вучылішча алімпійскага рэзерву, дзе хлопцы і дзяўчаты, якія ўжо сур’ёзна займаюцца біятлонам, знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні. 

Адной з галоўных славутасцей Навагрудчыны з`яўляюцца руіны старажытнага замка. Навагрудскі замак (замак Міндаўга) быў заложаны на месцы гарадзішча, на Замкавай гары — высокім, часткова насыпным узгорку, які быў акружаны рвом

Паколькі размова зайшла пра лыжы, то няцяжка выказаць здагадку пра наяўнасць цесных сувязяў з расійскімі калегамі. Дырэктар спартшколы Віктар Літвінскі пацвярджае, што так і ёсць: 
— З нядаўняга часу двойчы ў год пасылаем хлопцаў і дзяўчат у Мурманск. У нас яшчэ і снегу няма, а там у лістападзе ўжо па калена. Наязджаюць на трэніроўках па 550 кіламетраў. А на размешчаны ў на­шым раёне спартыўна-біятлонны комплекс каля вёскі Сялец прыязджаюць для падрыхтоўкі да зімы расіяне. Гэта вельмі важна — абмен трэнерскім досведам, параўнанне вынікаў. 

Як бачым, жыве старажытны Навагрудак не хлебам адзіным. Але ўсё-такі хлебам таксама — у шырокім разуменні гэтага слова. Прычым сваім хлебам. Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю “Леор-Фіш” вырошчвае дастойны ўраджай агародніны, які затым перапрацоўваецца ў кансерваваную прадукцыю. Сумеснае прадпрыемства “ЛеорПластык” вырабляе рыбныя прэсервы — практычна штодня фура такіх далікатэсаў адпраўляецца ў Маскву. ААТ “Навагрудскі завод газавай апаратуры”, якое налічвае каля 1.200 работнікаў, 60 працэнтаў прадукцыі таксама адпраўляе на экспарт у Расію. Добра вядомая расіянам і гандлёвая марка ААТ “Малочная кампанія Навагрудскія дары” — амаль уся экспартуемая прадукцыя прадпрыемства адпраўляецца ў Расійскую Федэрацыю. Аграрыі раёна ў мінулым годзе дасягнулі рэкордных паказчыкаў у вырошчванні збожжа, цукровых буракоў, рапсу, надоях малака, нарыхтоўцы кармоў. 

Нараўне з гэтым у ліку галоўных дасягненняў апошніх гадоў першы намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Юрый Макарэвіч называе тое, што сюды пацягнулася моладзь з дыпломамі ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, паколькі ёсць для іх і жыллё, і цікавая работа. Значыць, ёсць у старажытнай Навагрудчыны будучыня. 
Уладзімір Якаўлеў 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter