Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Новасібірску шануюць беларускую культуру і вывучаюць беларускую мову

Родная песня на сібірскай зямлі

Газета пісала пра семінар па беларускай мове ў Новасібірску. Мне ж хочацца падзяліцца ўражаннямі ад таго, што я адчула і пабачыла ў сібірскім горадзе.

“Знаёмыя клічуць мясціны —/ Рачулкі, лясы і палі./ Заўсёды са мною часцінка/ Святой беларускай зямлі.” Такімі радкамі пачынаецца кніга “В Беларуси мои родники”: яна выдадзеная ў Новасібірскім цэнтры беларускай культуры. У кнізе сабраны ўспаміны прадстаўнікоў розных пакаленняў беларусаў, якія жывуць у Новасібірску й вобласці. У невялікіх аповедах адчуваецца шчырая любоў да продкаў, гістарычнай Радзімы — Беларусі. Яна ж і Бацькаўшчына, Айчына, бацькоўская зямля, родная старонка... Так мы называем той адзіны і непаўторны куточак на зямлі, дзе нарадзіліся, выраслі, спазналі першыя радасці й няўдачы, адкрылі шырыню й прыгажосць свету. І куды б ні закінуў нас лёс, нам ніколі не пазбыцца тугі па малой Радзіме. Мы заўсёды вяртаемся да яе, як да жыватворнай крыніцы сваёй душы, ва ўспамінах і снах.

На беларускамоўным семінары ў Новасібірску

Кажуць, што ў кожнага свая Радзіма. І сапраўды: для адных гэта маленькі свет, які ладзяць вакол свайго дзіцяці бацькі, для другіх — горад, дзе чалавек жыве, вучыцца, для іншых — цэлая краіна, а можа і ўвесь свет. Аднак якія б сэнсы мы ні ўкладвалі ў паняцце “Радзіма”, для кожнага яна свая. Вішнёвы сад ля хаты. Родная школа, дзе праводзіў шмат часу. Лес, у якім збіраў грыбы, ягады. Рэчка, на якой бавіў час з сябрамі. Радзіма — гэта ж і той дуб, якога даўно няма, бо нехта, не падумаўшы, спілаваў яго. Усё гэта вабіць і прыцягвае да сябе, нібы нябачны магніт, нараджае ў душы самыя светлыя думкі й пачуцці. Радзіму любяць і ўсхваляюць, ёй прысвячаюць вершы, пра яе спяваюць песні, а ў замежжы тужаць па ёй, чакаюць сустрэчы. Як бы добра ні было чалавеку на новым месцы, яму заўсёды будзе сніцца бацькоўскі дом, у якім ён нарадзіўся і вырас, будзе ўспамінацца кожны куток роднай зямлі, яе людзі, асабліва мілагучнаю будзе здавацца родная мова. 

Якраз беларуская мова й дапамагла мне пабываць у Новасібірску: там ёсць людзі, якім яна неабходная. Кіраўніцтва ўніверсітэта, у якім я працую старшай выкладчыцай, даручыла мне правесці семінар “Культура беларускага маўлення”. Ініцыяваў яго Міжнародны расійска-беларускі цэнтр міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі й культуры. Заснавальнікі  Цэнтра — Новасібірскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, наш Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Новасібірскі цэнтр беларускай культуры й Сацыяльна-культурнае грамадскае аб’яднанне “Наследие”. Адзін з напрамкаў дзейнасці Цэнтра — азнаямленне грамадзян Беларусі ды Расіі з гісторыяй, культурай, традыцыямі народаў, іх дасягненнямі ў галіне эканомікі, навукі, культуры й спорту. Распрацоўваюцца, рэалізуюцца праекты, скіраваныя на пашырэнне культуры беларускага й рускага народаў. Наладжваецца ўзаемадзеянне з грамадскімі суполкамі суайчыннікаў за мяжой, ёсць іх падтрымка.

Cемінар у Новасібірску праходзіў 21 і 22 лістапада. Там я пазнаёмілася з цікавымі, неабыякавымі да беларускай культуры людзьмі, супрацоўніцамі Цэнтра беларускай культуры. Гэта яго кіраўніца Анастасія Дзяменцьева, а таксама Людміла Бяляўская, Анжаліка Нясцёркіна, Марыя Мельнікава, Ганна  Матвеева, Алеся Матвеева, Алеся Прылепская, Ніна Арэф’ева. Былі яшчэ на семінары цудоўны дзіцячы калектыў народнай песні “Вясёлка” і яго мастацкая кіраўніца Людміла Кашчэева, маладая сямейнай пара Андрэй і Марына Лапкіны. Гэтыя людзі ў Новасібірску захоўваюць беларускую культуру, традыцыі народа, прычым для іх такія клопаты — не проста захапленне, а надзённая неабходнасць.

Валянціна Панежа і Анастасія Дзяменцьева з дзецьмі

Мне расказалі: Новасібірскі ЦБК  быў створаны ў 2000 годзе, ён пашырае беларускую культуру ва ўсім Сібірскім рэгіёне. А там жывуць тысячы нашых супляменнікаў. Дзякуючы дзейнасці НЦБК на сібірскай зямлі нарадзілася больш за 50 мастацкіх калектываў. Самадзейныя артысты выконваюць беларускія песні, танцы, ставяць тэатральныя пастаноўкі. Радуе, што моладзь і дзеці таксама цікавяцца гісторыяй і культурай продкаў, працягваюць традыцыі бацькоў. Прыемна было слухаць, як дзіцячыя галасы Тэатра “Вясёлка” натхнёна спявалі “Польку-весялуху”. Яшчэ ўразіла, як у час заняткаў нечакана для ўсіх дзеці заспявалі, падхапіўшы песню, што гучала з экрана: “Добры дзень, людзi, белыя росы,/ А ў беларусачак белыя косы./ Нам, беларусам, вольная воля,/ Пад чыстым небам, у шырокiм полi”. Артысты НЦБК прымаюць удзел ва ўсіх гарадскіх і абласных святах. Ладзяцца дзіцячы фестываль-конкурс беларускай творчасці “От Полесья до Сибири несите, аисты, весну”, свята “В гостях у Лявонихи”, фэст  беларускіх мастацкіх промыслаў і рамёстваў “Есть у ремесла начало, нет у мастерства границ”, фестываль-конкурс відэаролікаў “Сохраним криницу дедовских традиций”. Галоўная іх мэта — далучаць сібіракоў да культурных традыцый беларусаў.

Дырэктарам Цэнтра і духоўным яго настаўнікам да 2015 года, пакуль трагічна не загінула, была Ніна Кабанава. У 1977-м яна пераехала жыць у Новасібірск, але родная беларуская  вёска Лазаравічы, на беразе Дняпра, вабіла і цягнула да сябе. Супрацоўнікі Цэнтра мне расказалі: Ніна Васілеўна не забывала пра карані, заўсёды з гонарам гаварыла, што яна беларуска. І пашырала родную культуру ў Новасібірскай вобласці. Яна была ўпэўнена: беларусы, якія нарадзілася ўжо ў Сібіры, павінны ведаць свае родавыя карані. Калі ж Ніны Васілеўны не стала, яе справу прадоўжылі тыя, каго яна згуртавала вакол сябе. Цяпер Цэнтрам кіруе Анастасія Дзяменцьева, вучаніца Ніны Васілеўны. Дарэчы, у Анастасіі таксама ёсць беларускія карані: яе бабуля родам з Беларусі. Таму з такой любоўю і замілаваннем спявае Наста беларускія народныя песні: “Ой рана на Івана”, “Купалінка”, “Белая Русь”. І сваю любоў да зямлі продкаў імкнецца перадаць іншым.

Два дні я правяла ў Новасібірску. Прыемна было пачуць ад Людмілы Кашчэевай, што для тых людзей я стала “глытком чыстага беларускага паветра”. Таму ў кароткіх перапынках паміж заняткамі кожны імкнуўся падзяліцца сваімі ўспамінамі пра Беларусь. Для Марыі Мельнікавай, напрыклад, Беларусь — гэта яе дзяцінства. Светлыя і цёплыя ўспаміны звязаны з хатай бабулі й дзядулі, з горадам Кіраўскам, куды прыязджала яна кожнае лета на канікулы. Марыя па гэты час памятае песні-пляскі пад дзедаў гармонік, самаробныя арэлі, пах ягад у агародзе і дзядулеву крапіву “за асобыя заслугі”. А для Анжалікі Нясцёркінай успаміны пра Беларусь звязаны са смакамі беларускай кухні. Дранікі, бабка, калдуны, зацірка і цяпер здаюцца ёй самай смачнай ежай. Таму, каб здзівіць сваіх дамашніх і гасцей, яна заўсёды гатуе такія прысмакі. Да беларускай культуры Анжаліка Мікалаеўна прыцягнула і сваю дачку Наташу. І бадай што ад кожнага з удзельнікаў семінару я чула: “Мы ганарымся тым, што ў нас ёсць беларускія карані”. Сярод тых гасцінных, сціплых, шчырых людзей я адчувала сябе ўтульна.

Два дні праляцелі — як адно імгненне. Шкада было развітвацца з людзьмі, якія за кароткі час сталі для мяне блізкімі. Дадому я вярнулася з цёплымі ўспамінамі ад першай, і, спадзяюся, не апошняй сустрэчы. Я ўпэўнена: пакуль на зямлі ёсць неабыякавыя да сваёй гістарычнай Радзімы людзі, будзе жыць беларуская мова, будуць гучаць на далёкай сібірскай зямлі нашы песні. Прычым і не адно яшчэ пакаленне сібірскіх беларусаў іх праспявае. 

Валянціна Панежа, супрацоўніца кафедры “Гуманітарныя дысцыпліны” Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, г. Магілёў

Голас Радзімы № 10 (3562), чацвер, 15 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter